Міхася Пазнякова добра ведае юны чытач нашай краіны. Дзесяткі яго кніг знаходзяцца на паліцах дзіцячых і школьных бібліятэк. А новыя выданні — у кнігарнях краіны, у кіёсках з пазнакай «Белдрук» у розных гарадах, паселішчах краіны.
«Зубраня зубрыла ўрокі,/ Побач заяц касавокі/ Слухаў, не скакаў,/ Верш запамінаў./ А затым усім зайцам / Гэты верш расказваў сам./ Пахваліла маці зайку/ Як стараннага ўсёзнайку», — такую паэтычную мініяцюру прапаноўвае чытачу Мі’хась паўлавіч у новай сваёй кнізе «Канцэрт».
Зборнік, які пабачыў свет у Выдавецкім доме «Звязда», уключае пяць раздзелаў: вершы сабраны ў «Дамок для Рэкса»; лічылкі — у раздзел «Звон звініць на цэлы свет»; каламбуры, крылатыя выразы — «Не бывае ў Томы ўтомы»; смяшынкі, небыліцы — «На бярозе спеюць грушы»; а загадкі — «Ног не маюць, а бягуць».
Паэт выступае вопытным мовазнаўцам, сапраўдным настаўнікам роднай мовы. Часам і смешна ад яго прыдумак, а часам яны прымушаюць спыніць хаду і задумацца, шукаючы адгадку. Паспрабуйце і вы, паважаныя чытачы, не зазіраючы пакуль у кнігу, дзе, канешне ж, адказы вы знойдзеце, адгадаць, пра каго вось у гэтым вершы ідзе гаворка: «Выспеў каля хаты — / Нізкі і вусаты./ Як сажнём, наробім круп,/ То згатуем смачны суп». Альбо вось у гэтым творы што маецца на ўвазе: «За дарогаю на полі/Прыгажун сцяной стаіць./ Стройны, сонечны, вясёлы,/ Завушніцамі звініць». Ці ў гэтым, напрыклад: «На сцяжынцы клубок — / Не адкоціш убок,/ А паколеш толькі/ Рукі аб іголкі». Сапраўды, з кнігай Міхася Пазнякова трэба працаваць. Заявіўшы назвай «Канцэрт» пэўнае відовішча, амаль тэатральнае дзейства, магчыма, і захапляльнае, аўтар ад твора да твора настройвае чытача на працу душы, на суперажыванне разам з творчай фантазіяй аўтара.
Кніга падаецца выключна важным па сэнсу і важкім па эмацыйнай нагрузцы мастацкім падручнікам. Таму раім паспяшацца набыць «Канцэрт» і настаўнікам, якія выкладаюць родную мову ў малодшых класах. Вось пабачыце, кніга стане вашым добрым памагатым.
Праілюстравала «Канцэрт» сваімі сімпатычнымі выявамі таленавіты кніжны графік Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ. Яе героі прыцягваюць да сябе, дадаюць розным старонкам кнігі яшчэ большую дынамічнасць. Сцішаныя, мяккія колеры, якімі надзелены мастацкія партрэты звяроў і птушак, дадаюць чытачу любові, ласкі да герояў, прыдуманых паэтам і вымаляваных ілюстратарам. Шкада, што кнігі такога кшталту, як «Канцэрт» Міхася Пазнякова выдаюцца накладам усяго толькі ў 1 100 экзэмпляраў. Хіба не ў кожнай школьнай бібліятэцы іх варта мець?!
Кастусь ЛЕШНІЦА
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/kastus-leshnica
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/vydavecki-dom-zvyazda-2
[5] https://zviazda.by/be/tags/mihas-paznyakou
[6] https://zviazda.by/be/tags/darya-charnyauskaya
[7] https://zviazda.by/be/tags/lichylki
[8] https://zviazda.by/be/tags/zagadki
[9] https://zviazda.by/be/tags/vershy