У мінулую нядзелю на «Беларусь 3» стартаваў паказ дакументальна-пазнавальнага цыкла «Кампазітары Беларусі». Генетыка, асяроддзе, адукацыя альбо прыроджаны дар — што абуждала талент у беларускіх музычных геніяў розных часоў? Адказы на гэтае і многія іншыя пытанні гледачы змогуць адшукваць у кампаніі стваральнікаў праекта.
У першым выпуску паказалі творчасць кампазітара, дырыжора, педагога, народнага артыста СССР Яўгена Глебава. У сваім аўтарскім метадзе ён апеляваў да існуючага і дзеючага музычна-гістарычнага поля, дзе здолеў стварыць уласны музычны стыль з найшырэйшым дыяпазонам пачуццяў і настрояў. Разнастайнасць тэм, сюжэтаў, вобразаў, яркасць індывідуальнай манеры і прафесіяналізм зрабілі музыку Глебава з'явай сучаснага музычнага мастацтва і вылучылі кампазітара ў першыя шэрагі мастакоў агульнаславянскай культуры...
Не менш цікавыя і каларытныя творчыя і жыццёвыя біяграфіі хаваюцца за імёнамі Мікалая Аладава, Яўгена Цікоцкага, Сяргея Картэса, Ігара Лучанка, Іосіфа Жыновіча, Анатоля Багатырова і іншых. Беларусь ведае шмат творцаў, якія ўзбагацілі не толькі нацыянальны, але і сусветны музычны працэс. Іх творы сталі візітоўкамі нашай краіны, вывучаюцца ў кансерваторыях і акадэміях і дагэтуль застаюцца ў рэпертуары шматлікіх музычных калектываў.
Кожны выпуск праекта «Кампазітары Беларусі» прысвячаецца адной са знакавых асоб у гісторыі айчыннага музычнага мастацтва. Разам з музыказнаўцамі, крытыкамі, дырыжорамі, вакалістамі і інструменталістамі сацыякультурны тэлеканал пагартае старонкі творчай біяграфіі і нотных сшыткаў самых вядомых прадстаўнікоў акадэмічнай, фальклорнай і эстраднай музыкі, а іх эталонныя творы прагучаць у выкананні прафесійных калектываў. У наступным выпуску 14 лістапада нас чакае знаёмства з асобай Уладзіміра Солтана. Аўтар шэрагу інструментальных твораў і оперы «Дзікае паляванне караля Стаха», якая ўдастоілася Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Жанравая разнастайнасць, інтанацыйная дакладнасць і насычаная эмацыянальнасць — так характарызуюць музыку маэстра. Думаю, пасля прагляду праграмы, прысвечанай творчасці кампазітара, кожны зможа адкрыць для сябе новыя старонкі ў яго біяграфіі.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/kampazitary-belarusi
[5] https://zviazda.by/be/tags/praekt
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-2
[7] https://zviazda.by/be/tags/dzikae-palyavanne-karalya-staha