Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў упарадкаваць і арганізаваць дастаўку і размеркаванне гуманітарнай дапамогі бежанцам на мяжы, паведамляе [2] БелТА.
Яшчэ на нарадзе з урадам 11 лістапада кіраўнік дзяржавы прапанаваў перавезці дзяцей бежанцаў у санаторыі і даручыў падрыхтаваць для гэтага ўсё неабходнае. Але ўцекачы папрасілі дзяцей не забіраць, а дапамагчы ім прама там, на мяжы, элементарна накарміць, удакладняе Telegram-канал «Пул першага».
Раніцай 13 лістапада ад Прэзідэнта паступіла каманда: вайскоўцы арганізуюць палаткі, дзе будзе збірацца ўся паступаючая дапамога. Там жа будуць карміць дзяцей і раўнамерна размяркоўваць дапамогу сярод астатніх уцекачоў. «Адказныя да выканання задачы ўжо прыступілі», — адзначылі ў «Пуле першага».
«Абстаноўка ў лагеры ўцекачоў на беларуска-польскай мяжы застаецца складанай, але з беларускага боку робіцца ўсё для забеспячэння іх неабходным. Арганізаваны падвоз вады, дастаўка дроў, гуманітарнай дапамогі», — сказаў першы намеснік старшыні Дзяржпамежкамітэта Ігар Буткевіч.
«Працягваецца выбудоўванне работы па забеспячэнні бяспекі знаходжання ў лагеры бежанцаў на беларуска-польскай мяжы. Перш за ўсё ўвага надаецца жанчынам і дзецям. Упарадкуецца праца па абаграванні, выдачы гуманітарнай дапамогі і харчаванню», — сказаў Віктар Лісковіч.
«Дастаўка гуманітарнай дапамогі ў лагер бежанцаў будзе працягнутая. Прыемна, што ніхто не застаўся ўбаку. Усе перажываюць за гэтую сітуацыю. Гуманітарную дапамогу накіроўваюць усе рэгіёны краіны», — падкрэсліў Віктар Лісковіч. Сёння ў лагер дастаўляюць чарговую партыю прадуктаў, цёплых рэчаў, прадметаў першай неабходнасці.
Таксама сёння бежанцам прапануюць адправіць дзяцей у камфортныя ўмовы. Для гэтых мэтаў пад Гродна падрыхтаваныя аздараўленчы цэнтр «Світанак» і база адпачынку «Дом рыбака», якія могуць прыняць да паўтысячы чалавек. У першую чаргу туды прапануюць адправіць дзяцей і цяжарных, дзе ім будуць забяспечаны харчаванне, догляд і камфортныя ўмовы.
На месцы працуюць прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, сілавых ведамстваў і валанцёры. У палатках будуць выдаваць прадукты харчавання і гуманітарную дапамогу. У лагер таксама дастаўлены генератар.
Зараз пад палаткі расчышчаюць тэрыторыю паблізу лагера бежанцаў. Елкі пайшлі на дахі і сцены буданоў пасля першай ночы тут.
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://www.belta.by/president/view/lukashenko-poruchil-uporjadochit-dostavku-i-raspredelenie-gumanitarnoj-pomoschi-bezhentsam-na-granitse-469384-2021/
[3] https://zviazda.by/be/tags/bezhancy
[4] https://zviazda.by/be/tags/gumanitarnaya-dapamoga
[5] https://zviazda.by/be/tags/prezident
[6] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka