Старшыня Савета Рэспублікі, якая па даручэнні Прэзідэнта каардынуе гуманітарную місію для тых, хто сёння па волі лёсу захрас на лініі беларуска-польскай мяжы, расказала аб тым, што для іх зроблена і на якую дапамогу яны могуць разлічваць.
— Сітуацыя, якая складваецца на беларуска-польскай граніцы і разварочваецца вакол нашай краіны, не можа не хваляваць ніводнага нармальнага разважнага чалавека ў нашай краіне, — пераканана Наталля Качанава.
Яна адзначыла, што Савет Рэспублікі вельмі шчыльна падключыўся да пытанняў аказання гуманітарнай дапамогі бежанцам, якія апынуліся ў няпростай сітуацыі.
— Шчыра вам скажу, я не магу спакойна і раўнадушна глядзець, калі ўключаю навіны, таму што жанчыны і дзеці — самае святое і дарагое, што можа быць у кожнага чалавека. І калі ты ўяўляеш у якіх нечалавечых умовах знаходзяцца сёння дзеці, якія па волі лёсу апынуліся ў такой сітуацыі, становіцца жудасна і жахліва, — эмацыянальна выказалася спікер верхняй палаты парламенту падчас сустрэчы з актывам Маладзёжнага савета (парламента).
Паводле яе слоў, літаральна ўсе грамадскія і дзяржаўныя арганізацыі краіны адгукнуліся і ўключыліся ў працэс збору і аказання дапамогі бежанцам:
— Каля 40 тон прадуктаў харчавання было накіравана для гэтых людзей, каб забяспечыць іх ежай. Сёння раніцай (16 лістапада — аўт.) раздавалі пакункі з прадуктамі, на складах яшчэ знаходзяцца 10 тон, якія мы гатовы аддаць, каб накарміць гэтых людзей, — расказала Наталля Качанава.
Акрамя таго, аказваецца медыцынская дапамога тым, хто мае ў ёй патрэбу.
— За гэты месяц каля 60 чалавек звярнуліся за медыцынскай дапамогай, — патлумачыла яна і дадала, што гаворка ідзе не толькі за апошні тыдзень, калі людзей значна прыбавілася, а з надыходам халадоў і зваротаў з боку пакутуючых на мяжы людзей.
Яна звярнула ўвагу на бязглуздасць абвінавачанняў нашай краіны і блакаванні гуманітарнай дапамогі:
— Гэта проста за межамі разумення! Настолькі выдумана, высмактана з пальца, абсалютна неправамерна, — выказала абурэнне Наталля Качанава.
Спікер запэўніла, што ўся неабходная дапамога, якая датычыцца абагрэву і дастаўкі прадуктаў людзям аказваецца ў поўным аб’ёме:
— Гэта тое, чым мы займаемся ўсе разам, — падкрэсліла яна.
Наталля Качанава падзякавала ўсім, хто нераўнадушны да бяды бежанцаў, якія захраслі на граніцы, і адносіцца да іх сітуацыі са спачуваннем і паразуменнем.
— Таму што гэта людзі і мы не можам адносіцца да іх па-іншаму, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі.
Вольга АНУФРЫЕВА
Будзе дапоўнена
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[5] https://zviazda.by/be/tags/bezhancy
[6] https://zviazda.by/be/tags/gumanitarnaya-dapamoga