У панядзелак 22 лістапада спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння акцёра, народнага артыста Беларусі Валерыя Філатава. Напярэдадні гэтай даты ў эфіры сацыякультурнага па добрай традыцыі падрыхтавалі фільм з удзелам творцы.
Так, 20 і 21 лістапада на «Беларусь 3» пакажуць і мастацкую кінастужку «Мама, я жывы», якая ўбачыла свет на «Беларусьфільме» ў 1985 годзе. Гэтая рэжысёрская работа Ігара Дабралюбава распавядае гісторыю ваенных часоў. Дзеянне адбываецца восенню 1943 года ў адным з партызанскіх лагераў у беларускіх балотах. У «лясную школу» сюды трапляе хлопчык Пеця, які прапусціў два гады навучання і таму пачынае вучыцца спачатку. І вось у хуткім часе камандаванне вырашае настаўніцу з вучнямі адправіць на Вялікую зямлю, аднак на месцы прыбыцця самалёта размясціўся атрад фашыстаў. Усё ж такі пад прыкрыццём партызан дзеці і настаўніца змаглі схавацца ў доме на балотах, але пераследнікі спальваюць усе сшыткі і падручнікі, а іх пакідаюць жывымі, бо спадзяюцца, што тыя памруць з голаду. Толькі вось праціўнікі не ведаюць, што сярод дзяцей ёсць хлопчык, у якога свае матывы і план, як перашкодзіць карнікам... Пеця Дым мае вопыт разведчыка і выкапаныя ў полі міны, а яшчэ —намер адпомсціць за маму і здаць экзамен за пяты клас, а значыць, будзе дзейнічаць...
Валерыя Філатава ў гэтым фільме мы ўбачым у ролі камандзіра партызанскага атрада, а ролю Пеці Дыма ўвасобіў на экране Жэня Кунскі. Таксама ў складзе акцёраў задзейнічаны Стэфанія Станюта, Генадзь Габрук і іншыя. А песні «Я жывы» і «Беларусія мая» ў выкананні Сяргея Белікава дадаюць асобных эмоцый кінатвору. Чым не нагода сабрацца ўсёй сям'ёй за праглядам добрага фільма. «Беларусь 3» чакае на сеанс!
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/valeryy-filatau
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-2
[6] https://zviazda.by/be/tags/igar-dabralyubau
[7] https://zviazda.by/be/tags/belarusfilm-2
[8] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen