Райцэнтру пашчасціла з чыгункай, туды нават цягнік з Гродна ходзіць. Але не пытайцеся ў касе вакзала, як даехаць да Касцюковіч. Вам усё роўна прададуць білет да Камунараў. Бо яны і ёсць Касцюковічы. Праўда, цікава? Яшчэ і ў горад не прыехалі, а ўжо інтрыгі. А што далей будзе?
Насамрэч доўга тлумачыць, дзе тыя Камунары-Касцюковічы знаходзяцца, трэба не ўсім. Напрыклад, беларускія паэты і пісьменнікі і так ведаюць. Раз на два гады тут праводзіцца пісьменніцкі фестываль «Пісьмянкоў луг». Прысвечаны ён светламу і лірычнаму паэту Алесю Пісьмянкову, які родам з тутэйшай вёскі з прыгожай назвай Бялынкавічы. З гары, дзе ўстаноўлены памятны знак у гонар паэта, адкрываецца прыгожы краявід з ракой Бесяддзю. Глядзіш на гэтую прыгажосць і разумееш, што не стаць пісьменнікам або паэтам у такой прыгажосці проста немагчыма.
Фестываль, які носіць прозвішча Алеся Пісьмянкова, вельмі душэўны. Удзельнікі спачатку наведваюць малую радзіму паэта, а потым едуць на мерапрыемствы ў Касцюковічы. Там і літаратурныя сустрэчы пачаткоўцаў з пісьменнікамі, і выстаўкі, і прэзентацыі, і конкурсы.
Наогул, Касцюкоўшчына — выдатнае месца для творчых асоб. Тут нарадзіліся такія беларускія класікі літаратуры і мастацтва, як народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў, народны пісьменнік Іван Чыгрынаў, паэт і перакладчык Аляксей Русецкі, музыказнаўца заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР Барыс Загурскі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Антон Бархаткоў. Антон Стэфанавіч, дарэчы, працаваў разам з вядомым мастаком Вітольдам Бялыніцкім-Бірулем. Тым, хто цікавіцца творчасцю Аркадзя Куляшова, будзе цікава наведаць яго музей у Новасаматэвіцкай школе. На жаль, малая радзіма паэта, вёска Саматэвічы, моцна пацярпела ад Чарнобыля і была адселеная. Памяць яшчэ адной літаратурнай славутасці Івана Чыгрынава ўшанавана ў назве раённай бібліятэкі.
Таленавітымі людзьмі раён і сёння не абдзелены. У гэтым можна пераканацца, наведаўшы мясцовы Дом рамёстваў. У продажы — карціны з роспісам па шоўку, бранзалеткі, лялькі-абярэгі. Напрыклад, мне прапанавалі ляльку Паспяхоўку. Можна насіць у сумачцы і так поспех прывабліваць. А можна купіць за сем рублёў сімпатычную феечку на каркасе з сінтэпону і фоамірану. Пад заказ тут гатовы і ікону вышыць, і карціну напісаць. Падчас майго візіту ў шырокім асартыменце былі драўляныя лялькі розных памераў і відаў.
— Лялькі з дрэва і разьба — гэта наогул нашы брэндавыя вырабы, — паведамілі майстрыхі. — Так, як мы, іх ніхто не робіць.
Таксама расказалі, што попытам карыстаюцца драўляныя звяры, птушкі, розныя іншыя істоты. Яны сапраўды вельмі прыгожыя. Каштуюць у сярэднім 25 рублёў. А вось драўляную лыжку можна купіць за 5. Цана шкатулкі-арганайзера ад 25 рублёў да 100.
Жанчыны жартуюць, што пасля свята перадавікоў не паспелі яшчэ новых сувеніраў нарабіць. Але да Новага года асартымент дакладна пашырыцца. Вырабы на палічках не застойваюцца. Асабліва прыкладны тавар: тыя ж касметычкі, драўляныя талерачкі з роспісам, сумкі. І я прыгледзела сабе на лета этнасумку. На баку арнамент са знакам ураджаю, зверху на вялікіх гузіках — знак агню. Майстрыхі паведамілі, што работа конкурсная, нават прызавое месца заняла. Каштуе ўсяго 15 рублёў. У наш час якія гэта грошы! Бяру, канешне. А яшчэ вунь тую драўляную чарніліцу, зробленую ў духу найлепшых традыцый срэбнага веку, з таксама драўлянай ручкай (усяго за 5 рублёў!), і размаляваную пад касцюковіцкую «хахламу» талерачку.
Калі зацікавіліся сувенірамі, майце на ўвазе: хутка Дом рамёстваў пераедзе на новае месца. У кастрычніку ён знаходзіўся ў звычайнай сялянскай хаце не самых вялікіх памераў за некалькі крокаў ад гасцініцы. Хата ўтульная, але месца так мала, што не толькі няма дзе разгарнуцца творчай думцы, але і сувеніры толкам расставіць. Насельнікі ўжо жылі чаканнем вялікага пераезду. Нядаўна ў Касцюковічах быў пабудаваны вялікі Палац культуры. Там дакладна хопіць месца ўсім: і майстрам, і іх выхаванцам, якія далучаюцца да народнай творчасці ў гуртках.
Разумею, што адной лірыкай вандроўнік сыты не будзе. Таму пераходзім да спраў жыццёвых. Гасцініца ў Касцюковічах з аднайменнай назвай — адна з найлепшых у параўнанні з іншымі раённымі цэнтрамі. Яно і зразумела. Тут працуе гігант цэментнай прамысловасці — Беларускі цэментны завод, дзе работнікаў болей чым тысяча. Адпаведна і самыя частыя госці — спецыялісты завода. Напрыклад, за дзень да прыезду ў мяне нават выбару не было. Прапаноўвалі толькі нумар вышэйшай катэгорыі за 50 рублёў. Але мне пашчасціла, што, калі прыехала, вызваліўся яшчэ адзін нумар. Так што ноч у Касцюковічах мне абышлася ў 35 рублёў. Нумар шыкоўны, з міні-кухняй, санвузлом. Настрой крыху сапсаваў «капрызны» ўнітаз і адсутнасць электрачайніка (пры наяўнасці халадзільніка). Але гасціннасць абслуговага персаналу згладзіла гэтыя недахопы.
Тым, хто прыпыніўся ў гасцініцы, не трэба ламаць галаву, дзе перакусіць. На першым паверсе знаходзіцца ўтульная кавярня, дзе ў абед можна паесці за сімвалічную цану. Вельмі ветлівая бармен з задавальненнем падзеліцца, дзе ў горадзе лепш рабіць пакупкі і падкажа тэлефон маршрутніка. На аўтастанцыі, напрыклад, сказалі, што не ведаюць тэлефон канкурэнта. Да ведама паўночнікаў: кавярня працуе дапазна. Так што кубачак кавы можна выпіць у любы момант. Гэта дарэчы ведаць усім, у каго ў нумары не знойдзецца электрачайніка.
Гэта яшчэ адна назва райцэнтра. Толькі ранейшая, калі ён быў сялом. У раённым краязнаўчым музеі раскажуць пра гэта больш падрабязна. Будынак музея не пераблытаеш ні з чым іншым. Побач з ім столькі ваеннай тэхнікі, што спачатку думаеш: гэта ваенная база або як мінімум музей Вялікай Айчыннай вайны. Насамрэч ён і быў створаны ў 1973 годзе на аснове фондаў музея баявой славы. Фотаздымак і інфармацыя пра яго заснавальніка і першага дырэктара Уладзіміра Ламінскага займае ў экспазіцыі ганаровае месца. У новы будынак музей пераехаў у 1990 годзе.
Менавіта ў музеі вас чакае прыемнае адкрыццё, што горад, у якім амаль не засталося старадаўніх будынкаў, мае багатую гісторыю. Упершыню пра Касцюковічы згадваецца ў летапісах 1508 года як пра адно са старажытных славянскіх паселішчаў племені радзімічаў. Сённяшні Касцюковіцкі раён цалкам уваходзіў спачатку ў склад Кіеўскай Русі, а з 1772 года, пасля падзелу Рэчы Паспалітай, — Расійскай імперыі. Мястэчка, якое на правах прыватнай уласнасці належала памешчыкам Цеханавецкаму і Чапліцкай, увайшло ў склад Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні.
Усяго за некалькі рублёў атрымліваю цэлы комплекс паслуг: дазвол паглядзець усе экспазіцыі, сфатаграфаваць усё, што спадабаецца, ды яшчэ паслухаць экскурсавода. У зале гісторыі, якая была адкрыта ў 2008 годзе, напярэдадні 500-годдзя горада, можна як мінімум за гадзіну (для асабліва таленавітых, магчыма, і хутчэй) даведацца пра знакавыя вехі ад моманту ўзнікнення першых паселішчаў на дадзенай тэрыторыі да сённяшніх дзён.
Знаёмства з гісторыяй краю пачынаецца з прадметаў археалогіі, якія былі знойдзены ў наваколлі Касцюковіч. На ілюстрацыях паляванне на маманта (у музеі ёсць нават касмык яго поўсці), пад шклом у вітрынах — прыстасаванні для палявання, шмат чарапкоў ад гаршкоў штрыхаванай керамікі. Цікавы макет — гарадзішча, якое размяшчалася непадалёк ад Касцюковіч каля вёскі Канічы. Дарэчы, апошні быў вельмі развіты для свайго часу населены пункт. Там яшчэ засталіся рэшткі каталіцкага касцёла і вінакурнага завода канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. У раёне ёсць яшчэ адна незвычайная вёска, пра якую мы пісалі раней. Гэта Белая Дуброва, гусіная сталіца. Там нават фестываль аднайменны практыкуецца. Менавіта адтуль родам вядомы ў Беларусі, Расіі і Украіне археолаг Канстанцін Палікарповіч. Ён аказаўся настолькі дасканалы, што, як кажуць, пасля яго раскопак ужо можна было болей не даследаваць месца. Усё было запісана, замалявана і задакументавана. Пра такіх, як ён, кажуць: чалавек надзвычай высокай эрудыцыі і ведаў. У дасканаласці ведаў 11 моў і яшчэ столькі ж разумеў, але карыстаўся імі са слоўнікам. Нарадзіўся ў сям'і свяшчэнніка, скончыў духоўную семінарыю.
Дарэчы, вельмі рэдкія экспанаты, ім болей чым па 100 гадоў. Захаванасць выдатная. Толькі падбітыя атласам лацканы мужчынскага сурдута выглядаюць не зусім прэзентабельна. У астатнім хоць зараз апранай і ў клас. Нават сталічныя музеі былі б не супраць мець у сябе такія рарытэты. На жаль, расказалі мне пра іх вельмі мала. Маўляў, перадала дачка настаўнікаў вучылішча, якое працавала ў Касцюковічах з 1825 года, Яўгенія Герасімаўна Дзятлава.
У нумары «Магілёўскай праўды» за 2009 год знайшла матэрыял Ларысы Зінькевіч, якая пісала, што гэтыя касцюмы належалі выкладчыкам вучылішча Лідзіі Стэфанаўне і Герасіму Ігнатавічу Дзятлавым. Акрамя касцюмаў, Яўгенія (адзіная дачка настаўнікаў) перадала музею яшчэ і старыя дакументы з фотаздымкамі. У тым ліку і фота, дзе настаўнікі Дзятлавы зняты ў гэтых самых касцюмах сярод сваіх выхаванцаў. Лідзія Стэфанаўна, у дзявоцтве Сабаткоўская, была дачкой праваслаўнага свяшчэнніка, скончыла Брэсцкую жаночую гімназію і Варшаўскі ўніверсітэт, дасканала валодала нямецкай, французскай і польскай мовамі. Яе сужэнец Герасім Ігнатавіч з сялян, скончыў Альшанскую царкоўна-настаўніцкую школу, а, па ўспамінах дачкі, яшчэ і Пецярбургскі ўніверсітэт. Выкладаў матэматыку ў народных вучылішчах у Клімавіцкім і Чэрыкаўскім паветах, а з 1908 года — у Касцюковічах. Вось такога ўзроўню настаўнікі працавалі калісьці ў правінцыяльных мястэчках не самай багатай Магілёўскай губерні.
Сярод іншых музейных прадметаў увагі заслугоўвае калекцыя аўтэнтычных ручнікоў, упрыгожаных адметнымі арнаментамі. На некаторых ёсць нават двухгаловы арол, расійская прыкмета.
На тэрыторыі Касцюковіцкага раёна знаходзіцца вёска Кулігаеўка, дзе нарадзіўся бацька вядомых братоў Бонч-Бруевічаў — Дзмітрый. З яго падачы з'явілася Кулігаеўская тапаграфічная школа.
Не забывайцеся таксама, што Касцюковічы — яшчэ і малая радзіма ўлюбёнца ўсіх дэсантнікаў і іх «бацькі» Васіля Маргелава. У музеі можна ўбачыць яго нешматлікія асабістыя рэчы, у прыватнасці наручны гадзіннік, а ў гарадскім парку на алеі Герояў — яго бюст. У музеі ўдакладнілі, што нарадзіўся будучы роданачальнік паветрана-дэсантных войскаў СССР у Днепрапятроўску, у Касцюковічы пераехаў з бацькамі ва ўзросце некалькіх месяцаў. Тут ён скончыў школу, працаваў на пошце і ў лясгасе.
Засталося патлумачыць, дык чаму ж чыгуначная станцыя ў Касцюковічах носіць назву Камунары. Адказ вельмі трывіяльны. У 1923 годзе, калі яе пабудавалі, адбываўся бум так званых камун. Адна з іх, дарэчы, была каля гэтай станцыі. Яна і дала ёй назву.
Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара
г. Касцюковічы
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/grodna
[4] https://zviazda.by/be/tags/kascyukovichy
[5] https://zviazda.by/be/tags/pismyankou-lug-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/byalynkavichy
[7] https://zviazda.by/be/tags/barys-zagurski