Еўропа зноў апынулася ў сусветным эпіцэнтры каранавіруснай пандэміі. За мінулы тыдзень — новы антырэкорд: зафіксавана больш чым 2,1 мільёна новых хворых. Ахвярамі COVІD-19 сталі больш за 28 тысяч чалавек. Пра гэта паведаміла Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Паводле даных СААЗ, колькасць новых выпадкаў інфіцыравання ў Старым свеце павялічылася на 8 працэнтаў, а смяротных зыходаў — на 5 %, паведаміла ТАСС. На гэты рэгіён прыпадае па выніках сямі дзён 64 працэнты тых, хто заразіўся на планеце, і 57 % сусветнага паказчыка смяротных зыходаў. Пры гэтым у Еўропе, па меркаванні спецыялістаў, сітуацыя пагаршаецца з кожным днём. Чаму Стары свет накрыла маштабная ковідная хваля, чаго чакаць надалей?
Дзесяць краін ЕС былі ўнесены ў «вельмі трывожны» спіс інфіцыравання COVІD-19, аб якім на мінулым тыдні абвясцілі прадстаўнікі Еўрапейскага цэнтра па кантролі за захворваннямі (ECDC), паведаміла Assocіated Press. У сваёй апошняй ацэнцы ступені рызыкі заражэння каранавірусам, чыноўнікі адзначылі, што эпідэміялагічная сітуацыя ў краінах — членах Еўрапейскага саюза, асабліва ў Заходняй Еўропе, зараз характарызуецца хуткім і значным пашырэннем распаўсюджвання захворвання і павелічэннем смяротнасці. Чакаецца, што ў найбліжэйшай перспектыве колькасць выпадкаў захворвання, шпіталізацыі, а таксама смяротных зыходаў павялічацца, паведаміла еўрапейскае агенцтва, якое базіруецца ў Стакгольме.
10 з 27 дзяржаў супольнасці — Бельгія, Польшча, Нідэрланды, Балгарыя, Харватыя, Чэхія, Эстонія, Грэцыя, Венгрыя і Славенія — адносяцца да катэгорыі найбольш высокай рызыкі заражэння, удакладніла Assocіated Press. У катэгорыю так званых трывожных краін унесены Германія, Аўстрыя, Данія, Фінляндыя, Ірландыя, Латвія, Літва, Люксембург, Румынія і Славакія. Тры краіны адносяцца да катэгорыі «ўмеранай заклапочанасці» (Францыя, Партугалія, Кіпр), а чатыры — «слабай рызыкі заражэння» (Італія, Іспанія, Швецыя і Мальта).
Метад, які выкарыстоўваецца ECDC для катэгорый, што выклікаюць заклапочанасць, спалучае ў сабе так званыя абсалютныя значэнні (колькасць выпадкаў заражэння, шпіталізацыі і смяротных зыходаў), а таксама ўзровень росту паказчыкаў заражэння за пэўны перыяд. Згодна з прагнозамі экспертаў арганізацыі, колькасць выпадкаў захворвання і смерцяў у Заходняй Еўропе можа вырасці прыкладна на 50 працэнтаў на працягу наступных двух тыдняў, дасягнуўшы штотыднёвага паказчыка 300 новых выпадкаў заражэння і 2,7 смяротнага зыходу на 100 тысяч жыхароў.
У цэлым, як адзначаюць аналітыкі, амаль праз два гады пасля пачатку глабальнага крызісу ў галіне аховы здароўя, выкліканага пандэміяй каранавіруса, у выніку якога загінула больш за пяць мільёнаў чалавек у свеце, каранавірусная інфекцыя зноў ахапіла Еўропу, рэгіён з адносна высокімі паказчыкамі вакцынацыі, дзе апошнім часам былі ў значнай ступені аслаблены меры ізаляцыі.
Сярод дзяржаў Еўропы найбольшая колькасць тых, хто заразіўся, выяўляецца цяпер у Вялікабрытаніі і Германіі. Паводле даных Our World Іn Data, за тыдзень у кожнай з гэтых краін зафіксавана больш чым чвэрць мільёна захварэлых. Рэзкі рост колькасці заражаных з улікам колькасці насельніцтва назіраецца ў Аўстрыі, а таксама ў краінах Усходняй Еўропы.
Як паведаміла агенцтва Assocіated Press, у моргу галоўнага шпіталя Бухарэста, сталіцы Румыніі, у апошнія дні не хапала месцаў. «Наша краіна перажывае сапраўдную катастрофу — сотні і сотні ахвяр штодня», — прызнаў яшчэ ў мінулым месяцы прэзідэнт Румыніі Клаус Ёханіс. У гэтай краіне зараз поўнасцю прышчэплена толькі трэць грамадзян.
Румынія займае трэцяе месца ў Еўропе па колькасці зафіксаваных за тыдзень выпадкаў смерцяў ад COVІD-19 у пераліку на колькасць насельніцтва. Яе абганяюць Балгарыя і Латвія. У сувязі з ускладненнем сітуацыі балгарскае Міністэрства аховы здароўя з 4 лістапада прыпыніла планавы прыём і правядзенне планавых аперацый у бальніцах, паведаміў kommersant.ru.
У цэлым у Еўропе сітуацыя надзвычай трывожная. «Мы зноў у эпіцэнтры», — канстатаваў у пачатку лістапада дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Ханс Клюге. Паводле яго слоў, усе 53 краіны ў рэгіёне сутыкнуліся з «рэальнай пагрозай адраджэння COVІD-19 або ўжо змагаюцца з ёй». «Згодна з адным дакладным прагнозам, калі тэндэнцыя працягнецца, то да 1 лютага наступнага года ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі мы можам убачыць яшчэ паўмільёна смерцяў ад COVІD-19», —- папярэдзіў ён, папрасіўшы ўлады еўрапейскіх краін не паслабляць каранцінныя меры.
Заклік быў пачуты. У Аўстрыі ад панядзелка пачалі дзейнічаць жорсткія абмежаванні для ўсіх невакцынаваных грамадзян, старэйшых за 12 гадоў. Жылыя памяшканні ім можна пакідаць толькі ў выключных выпадках, каб схадзіць у аптэку, бальніцу, прадуктовую краму ці заняцца спортам. «Нас нагнала на поўную моц чацвёртая хваля», — прызнаў напрыканцы мінулага тыдня канцлер Аўстрыі Аляксандр Шаленберг. Паводле яго слоў, вакцынацыя знаходзіцца на «ганебна нізкім узроўні». У Аўстрыі цалкам прышчэплены 63 працэнты насельніцтва — адзін з самых нізкіх паказчыкаў у Заходняй Еўропе. У апошнія тыдні ў краіне рэгіструецца амаль 12 тысяч новых выпадкаў заражэння. Улады не выключаюць і агульнанацыянальны каранцін для ўсіх без выключэння.
У сваю чаргу, кіраўніцтва ФРГ, дзе таксама кажуць аб чацвёртай хвалі пандэміі, вырашыла вярнуць бясплатнае тэсціраванне на каранавірус для грамадзян. Пры гэтым выконваючы абавязкі кіраўніка нямецкага Міністэрства аховы здароўя Енс Шпан прапанаваў абавязаць перахварэлых і прышчэпленых ад COVІD-19 здаваць дадатковыя тэсты для наведвання мерапрыемстваў. Хоць у Германіі цалкам вакцынавана звыш 65 працэнтаў дарослага насельніцтва, аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі, піша газета Suddeutsche Zeіtung, перагружаны нават «больш, чым год таму, калі не было вакцын».
Пра тое, што сітуацыя крытычная, сведчыць і паведамленне выдання Spіegel аб планах нямецкіх улад мабілізаваць у дапамогу медыкам да 12 тысяч вайскоўцаў. «Наперадзе складаныя тыдні, і я вельмі ўстрывожана», — заявіла ў мінулую суботу выконваючая абавязкі канцлера ФРГ Ангела Меркель і заклікала прышчапіцца ўсіх, хто гэта яшчэ не зрабіў. Пакуль некаторыя рэгіянальныя ўлады ўжо ўводзяць так званае правіла 2G для наведвання грамадскіх месцаў. Гэта значыць, схадзіць у кіно ці рэстаран можна толькі з прышчэпкай ці антыцеламі. Напрыклад, з 17 лістапада такі парадак дзейнічае ў Бадэн-Вюртэмбергу. У Гамбургу непрышчэпленым грамадзянам забаронена з'яўляцца ў некаторых раёнах з 20 лістапада. Прэм'ер-міністр Баварыі Маркус Зедэр выказаўся за ўвядзенне 2G па ўсёй краіне.
Да патрабавання насіць медыцынскія маскі ў грамадскіх месцах і частковага лакдаўну, які будзе дзейнічаць да 4 снежня і закране нават вакцынаваных грамадзян, вярнуліся Нідэрланды. Тым часам улады Бельгіі вырашылі, што ўсе жыхары краіны павінны атрымаць бустэрную дозу вакцыны. А прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон анансаваў, што з 15 снежня перастануць дзейнічаць COVІD-пашпарты асоб, старэйшых за 65 гадоў, якія не зрабілі рэвакцынацыю. Сітуацыя з распаўсюджваннем віруса ў краіне менш крытычная, чым, напрыклад, у суседняй Германіі. Зрэшты, кіраўнік французскага Міністэрства аховы здароўя Аліўе Веран у эфіры канала TF1 ужо папярэдзіў аб пагрозе новай хвалі.
Акрамя таго, улады працягнулі да 31 ліпеня 2022-га пераходны перыяд пасля рэжыму надзвычайнай санітарнай сітуацыі, які дзейнічаў з канца мая. Ён мяркуе, у прыватнасці, што прэм'ер-міністр без узгаднення з парламентам можа выдаваць дэкрэты аб абмежаванні перамяшчэння грамадзян па тэрыторыі краіны і работы грамадскіх месцаў. Аднак урад ясна даў зразумець, што не жадае паўторнага лакдаўну, заявіў іz.ru французскі палітолаг Жан-Іў Камю. Паводле яго слоў, новая ўспышка пандэміі выклікана ў тым ліку тым, што такія элементарныя правілы, як нашэнне маскі, адмова ад поціскаў рукі, мыццё рук з дэзсродкам, больш не ўспрымаюцца насельніцтвам дастаткова сур'ёзна, асабліва маладымі людзьмі.
Узмацняюць меры і ўлады Вялікабрытаніі: з красавіка для ўсіх медыкаў будзе дзейнічаць абавязковае патрабаванне наяўнасці прышчэпкі. Працягвае павялічвацца колькасць выпадкаў захворвання і шпіталізацыі ў Партугаліі. Каб спыніць распаўсюджванне каранавіруса напярэдадні зімы і сезона водпускаў, эксперты настойваюць на скарачэнні інтэрвалу паміж другім і трэцім уколам. Гэта, у прыватнасці, дасць магчымасць паскорыць вакцынацыю пажылых. «Набліжаюцца Каляды, у нас мільёны грамадзян, якія жывуць за мяжой, многія з іх прыедуць наведаць свае сем'і, і многія прыязджаюць з краін, дзе ўзровень вакцынацыі нашмат ніжэйшы, чым у нас. Гэта азначае, што мы павінны дзейнічаць свядома, каб правесці Каляды без страху», — заявіў прэм'ер-міністр Партугаліі Антоніу Кошта.
З абмежаваннямі пагадзіліся далёка не ўсе еўрапейцы. Сотні пратэстоўцаў выйшлі на вуліцы галандскіх гарадоў пасля таго, як у пятніцу ўрад Нідэрландаў аб'явіў аб увядзенні частковага лакдаўну. 15 чалавек былі арыштаваны. У кастрычніку пратэсты пракаціліся і па шэрагу іншых краін. Тысячы чалавек выходзілі, напрыклад, на вуліцы Францыі і Эстоніі, патрабуючы адмены прымусовай вакцынацыі. Супраць увядзення абавязковых COVІD-сертыфікатаў масава страйкавалі працоўныя ў партах Італіі.
Новую хвалю ўлады большасці еўрапейскіх краін звязваюць найперш з недастатковымі тэмпамі вакцынацыі. Па долі поўнасцю вакцынаваных у пераліку на колькасць насельніцтва ў Еўропе лідзіруюць Партугалія (87,5 %), Мальта (83,2 %) і Іспанія (80 %), сведчаць даныя Our World Іn Data. І гэта тыя нямногія дзяржавы ў рэгіёне, якім удаецца трымаць распаўсюджванне COVІD-19 пад кантролем. Праўда, як заявілі апытаныя іz.ru еўрапейскія спецыялісты, новая ўспышка каранавіруса пацвярджае той факт, што вакцынацыя яшчэ не азначае поўнага вызвалення ад мер засцярогі.
«Нават пры высокім ахопе вакцынацыі ў Еўропе мільёны людзей усё роўна яшчэ не прышчэплены. Важна разумець, што эфектыўнасць вакцын у зніжэнні рызыкі заражэння не складае 100 %, а імунітэт слабее праз 4—6 месяцаў. У некаторых краінах былі адменены меры па зніжэнні рызыкі заражэння (маскі, сацыяльная дыстанцыя), так што цыркуляцыя віруса і, як вынік, колькасць новых выпадкаў павялічваюцца, —- заявіў эпідэміёлаг Інстытута фармакалагічных даследаванняў імя Марыё Негры (Італія) Антоніа Клавена. Улады Італіі, якія перажылі хвалю пратэстаў пасля ўвядзення пашпартоў вакцынацыі для наведвання працоўных месцаў, зараз разглядаюць магчымасць увядзення абавязковай рэвакцынацыі супрацоўнікаў сістэмы аховы здароўя. У апошнія дні ў краіне назіраецца рост колькасці заражэнняў, які набліжаецца да паказчыкаў летніх месяцаў.
Сярод іншых фактараў — распаўсюджванне варыянта «дэльта» і іншых мутацый каранавіруса. Паводле звестак Цэнтраў па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША, дэльта-штам у два разы больш заразны, чым усе папярэднія варыянты віруса. Апроч гэтага, навукоўцы з Барселонскага інстытута глабальнай аховы здароўя (ІSGlobal) Іспаніі выявілі ў COVІD-19 прыкметы сезоннасці, пра што раней пісаў часопіс Nature Computatіonal Scіence.
Усё гэта можа зноў прывесці да абмежаванняў на зімовых святах. У шэрагу гарадоў Нідэрландаў, як перадае The Guardіan, ужо адмянілі калядныя парады. Пад пагрозай могуць аказацца і знакамітыя нямецкія калядныя кірмашы. «Нельга ўявіць, як ты стаіш на калядным кірмашы, п'еш глінтвейн, пакуль бальніцы перапоўненыя, а ўрачы змагаюцца з апошніх сіл», — абурыўся ў эфіры канала NTV прэм'ер-міністр нямецкай Саксоніі Міхаэль Крэчмер. А старшыня парламента ФРГ Бербель Бас напярэдадні заклікала суграмадзян «устрымацца ад буйных урачыстасцяў» на Каляды і Новы год. Пакуль Еўропе дакладна не да свят.
Захар БУРАК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[5] https://zviazda.by/be/tags/europa
[6] https://zviazda.by/be/tags/vakcynacyya