16 лістапада 2021 года пайшоў з жыцця паэт, мовазнаўца Мікола ШАБОВІЧ (нарадзіўся 4 студзеня 1959 года ў вёсцы Бадзяні Мядзельскага раёна, на Міншчыне). Кандыдат філалагічных навук.
Скончыў сярэднюю школу N 1 у горадзе Мядзел. А перад гэтым вучыўся ў школе ў вёсцы Дзягілі. У 1977 — 1981 гг. — вучоба ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Максіма Горкага. Родам з песеннага, паэтычнага края, зямляк Максіма Танка, Мікола Шабовіч быў апантана захоплены паэзіяй, увогуле беларускай літаратурай, беларускай мовай. Захопленасці ў многім спрыяла і тое, якія таленавітыя выкладчыкі, беларусазнаўцы выкладалі ў педагагічным інстытуце. І самым аўтарытэтным сярод іх для Міколы быў мовазнаўца Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі.
Сур’ёзнай прыступкай да заваёвы сталых пазіцый на паэтычным Алімпе сталася для Міколы публікацыя падборкі вершаў у калектыўным зборніку «Крыло» (1984 год). Паэт напісаў і выдаў наступныя асобныя кнігі: «Дом», «Яшчэ пакуль не лістапад», «Падары мне сваю адзіноту», «Мая надзея»... На вершы Міколы Шабовіча напісана болей 180 песень. Галоўнае месца ў творчасці таленавітага аўтара займала лірычная плынь, тэма кахання.
Пакінуў свой след пісьменнік і як сатырык, гумарыст. Заўважнай падзеяй стала яго кніга «Хор болей не спявае: пароды, эпіграмы, прысвячэнні» (2008).
Займаўся МІкола Шабовіч і мастацкім перакладам: пераўвасобіў на беларускую мову паэтычныя творы Аляксандра Блока, Сяргея Ясеніна, Анатоля Аўруціна, Валянціны Паліканінай, Мікалая Рубцова, Ігара Грыгор’ева, Юрыя Фатнева...
Жыццёвыя і творчыя сцяжынкі Міколы Шабовіча самым цесным чынам звязаны не толькі з Мінскам і роднай Мядзельшчынай, але і з Маладзечнам, Вілейскім раёнам. Відавочным падаецца пытанне аб ўшанаванні пісьменніка ў гэтых мясцінах.
Мікола БЕРЛЕЖ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikola-berlezh
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/mikola-shabovich
[4] https://zviazda.by/be/tags/fyodar-mihaylavich-yankouski
[5] https://zviazda.by/be/tags/maksim-tank
[6] https://zviazda.by/be/tags/anatol-aurucin
[7] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-palikanina
[8] https://zviazda.by/be/tags/maladzechna
[9] https://zviazda.by/be/tags/myadzelski-rayon
[10] https://zviazda.by/be/tags/myadzel