У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачаў работу выставачны праект «Промні святла. Лёс жанчыны ў гады Халакосту». Фотавыстаўка складаецца з дзевяці тэматычных блокаў, кожны з якіх дае яркую ілюстрацыю да жыцця яўрэйскіх жанчын, іх супрацьстаяння злу і жорсткасці часу.
Каханне, мацярынства, аказанне дапамогі блізкім, захаванне жаноцкасці, сяброўства, вера, супраціўленне і выратаванне, клопат пра ежу, творчасць — гэта, бадай, тыя акцэнты, што можна вылучыць у прадстаўленых гледачу работах. Экспазіцыя грунтуецца на архівах, даследаваннях, паказаннях сведкаў і фотаздымках. Роля жанчын у часы Вялікай Айчыннай была вельмі значная, паколькі мужчыны сышлі на вайну, а вырашэнне ўсіх надзённых пытанняў легла на жаночыя плечы. Дзякуючы сваёй стойкасці і сіле ім удалося захаваць не толькі жыццё, але і чалавечыя каштоўнасці.
Выстаўку прадстаўляе мемарыяльны комплекс гісторыі Халакосту «Яд ва-Шэм» (знаходзіцца ў Іерусаліме), які з'яўляецца не толькі музеем, але і даследчыцкім інстытутам. Яго галоўная мэта палягае ў тым, каб аднавіць як мага больш імёнаў і лёсаў тых, каму выпала жыць і змагацца ў тых жахлівых умовах. Беларуская зямля памятае трагедыю яўрэйскага народа — 800 тысяч яўрэяў былі знішчаныя тут фашысцкімі акупантамі. Беларусы, як і яўрэі, пацярпелі ад нацызму, змагаліся з ім. Кожны тэматычны блок выставачнага праекта не толькі паказвае маштаб трагедыі, але і распавядае аб промнях дабра, надзеі і святла, якія здолелі адшукаць у сабе яўрэйскія жанчыны — менавіта гэта зашыфравана ў назве выстаўкі.
Праект рэалізоўваецца ў рамках супрацоўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея з Ізраільскім культурным цэнтрам «Натыў» пры пасольстве Ізраіля ў Беларусі. Раней ён экспанаваўся ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Выстаўку можна наведаць да 1 снежня. І зрабіць тое варта, каб не толькі згадаць мінулае і яго гераічных людзей, але і захаваць гістарычную памяць, перадаць яе наступнаму пакаленню з надзеяй, што больш падобнае не паўторыцца.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fotavystauka
[4] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-gistarychny-muzey-respubliki-belarus
[5] https://zviazda.by/be/tags/promni-svyatla-lyos-zhanchyny-u-gady-halakostu
[6] https://zviazda.by/be/tags/praekt