Беларускія парламентарыі прынялі ўдзел у 58-м пленарным пасяджэнні Генеральнай Асамблеі Парламенцкай асамблеі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва (ПАЧЭС), якое адбылося у рэжыме відэаканферэнцыі. На парадку дня былі 11 пытанняў: ад супрацьдзеяння распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі да паскарэння лічбавізацыі і інавацыйнага развіцця.
— Парламенцкая асамблея Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва створана ў 1993 годзе, у яе ўваходзіць 12 краін, у тым ліку такія буйныя, як Расія, Украіна, Турцыя, Арменія, Азербайджан, — патлумачыла сутнасць структуры гэта міжпарламенцкага аб’яднання старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна РУНЕЦ, якая ўдзельнічала ў гэтым мерапрыемстве з беларускага боку.
Парламентарый дадала, што акрамя таго ў гэтую структуру ўваходзяць яшчэ шэсць краін-назіральнікаў, у тым ліку Беларусь, а таксама 15 міжнародных арганізацый разам з Парламенцкай асамблей СНД, Парламенцкім сходам Саюза Беларусі і Расіі і шэрагам іншых інстытуцый.
— Я лічу, што міжпарламенцкія арганізацыі займаюць велізарнае месца сярод інстытутаў у сусветнай палітыцы. Голас парламентарыяў чутны ва ўсіх галінах: у эканоміцы, палітыцы, у міжнародным парадку дня, — падкрэслівае парламентарый.
Акрамя таго, звяртае ўвагу сенатар, на міжпарламенцкіх асамблеях разглядаюцца пытанні ўсіх сфер жыццядзейнасці краін свету. Напрыклад, самым актуальным у цяперашні час з’яўляецца барацьба з распаўсюджваннем COVID-19.
— Парламентарыі разам з міжнароднымі арганізацыямі задумваюцца над тым, як вакцынаваць насельніцтва, колькі павінна быць вакцынавана, каб спыніць пандэмію, — тлумачыць суразмоўніца. — Паводле статыстыкі, сёлета 40% насельніцтва ўсіх краін свету трэба вакцынаваць, а ў першым паўгоддзі 2022 года лічбу давесці да 60%.
Яшчэ адной тэмай, якая знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў ПАЧЭС — барацьба з голадам.
— Па дадзеных ААН, у свеце каля 9% насельніцтва пакутуюць ад голаду альбо ад недахопу ежы. Прычым гэтая лічба ў 2021 годзе павялічылася на 1% у параўнанні з 2019-м, — тлумачыць Таццяна Рунец і акцэнтуе ўвагу, што гэтая тэма важная не толькі для парламенцкага парадку, але і наогул, многіх краін свету.
Паводле яе слоў, на пляцоўцы ПАЧЭС парламентарыі абмяркоўваюць таксама тэмы міграцыйнага крызісу, барацьбы з тэрарызмам, кіберзлачынствамі і многія іншыя, якія актуальныя на цяперашнім этапе.
Што тычыцца сённяшняга пасяджэння, на парадак дня былі вынесены 11 пытанняў.
На ім разгледжаны шырокі спектр пытанняў гандлёва-эканамічнага, фінансавага, супрацоўніцтва ў сферы адукацыі дзяржаў-членаў арганізацыі ЧЭС, а таксама іх узаемадзеянне ў сферы фармацэўтычнай прамысловасці ва ўмовах пандэміі каранавіруса.
— Важная тэма эканамічнага супрацоўніцтва краін Чарнаморскага рэгіёна. Ні для каго не сакрэт, што гэтыя краіны маюць важнае значэнне для эканамічнага развіцця ўсіх краін, у тым ліку Беларусі, — падкрэсліла Таццяна Рунец.
Акрамя таго былі абмеркаваны пытанні павышэння эфектыўнасці заканадаўчага працэсу, празрыстасці парламенцкай дзейнасці ў кантэксце лічбавізацыі і інавацыйнага развіцця.
Вольга АНУФРЫЕВА, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/parlamentaryi-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/charnamorski-regiyon
[5] https://zviazda.by/be/tags/supracounictva
[6] https://zviazda.by/be/tags/paches
[7] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-runec