Сацыяльны партрэт пацыента з цукровым дыябетам выглядае наступным чынам: найчасцей гэта дарослы чалавек з цукровым дыябетам 2-га тыпу. У жанчын гэта захворванне сустракаецца ў два разы часцей, чым у мужчын, прычым у 78 % выпадкаў гэта жанчына ў пенсійным ўзросце.
Паводле звестак Міжнароднай дыябетычнай федэрацыі, колькасць хворых на цукровы дыябет у свеце летась перавысіла 463 мільёны чалавек. На яго хварэе кожны 11-ты. У нашай краіне на пачатак гэтага года пад назіраннем знаходзілася амаль 357 тысяч пацыентаў. З іх каля 19 тысяч маюць дыябет 1-га тыпу, у астатніх — дыябет 2-га тыпу. Як аказваецца дапамога такім хворым, у прыватнасці, у перыяд пандэміі COVІD-19, у тым ліку як атрымаць кансультацыю ўрача-эндакрынолага дыстанцыйна і ці трэба прышчапляцца людзям з цукровым дыябетам, расказалі спецыялісты.
— Павелічэнне хворых на дыябет ва ўсім свеце патрабуе ўсё большых затрат. Сёлета спаўняецца 100 гадоў з моманту адкрыцця інсуліну, нягледзячы на гэта, ён і іншыя прэпараты для лячэння дыябету застаюцца недаступнымі для многіх пацыентаў ва ўсім свеце, — адзначае Вольга САЛКО, намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння, галоўны пазаштатны спецыяліст па эндакрыналогіі Міністэрства аховы здароўя. — У нашай краіне аказанне дапамогі хворым на дыябет з'яўляецца важным прыярытэтам дэмаграфічнай палітыкі. Усе лекавыя сродкі, якія ўваходзяць у спіс Міністэрства аховы здароўя, даюцца пацыентам бясплатна — за кошт рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. Сёння інсулінатэрапію выкарыстоўвае больш за 83 тысячы беларусаў, якія пакутуюць на цукровы дыябет 1-га і 2-га тыпу.
Спецыяліст паведаміла, што летась Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла канцэпцыю забеспячэння інсулінамі пацыентаў з цукровым дыябетам. У адпаведнасці з ёй, да 2025 года ўсё пацыенты, якія маюць патрэбу, павінны атрымліваць яго ў картрыджнай форме. Як вядома, яна з'яўляецца нашмат больш зручнай, чым флаконная. Сёлета яшчэ больш за чатыры тысячы пацыентаў з дыябетам 1-га тыпу забяспечаны інсулінамі ў картрыджах. У наступным годзе плануецца, што яго атрымаюць усе пацыенты з дыябетам 1-га тыпу. А да 2025 года ўсе пацыенты, у тым ліку і 2-га тыпу, будуць атрымліваць інсулін у картрыджах.
Міністэрства аховы здароўя пашырыла спіс аналагаў інсуліну, сёлета імі забяспечаны ўсе дзеці з дыябетам 1-га тыпу. Таксама іх атрымлівае і каля 50 % дарослых з дыябетам 1-га тыпу.
— Інсулінатэрапія і прызначэнне цукрапаніжальных прэпаратаў — не адзіны кампанент лячэння. Адным з важных элементаў з'яўляецца тэрапеўтычнае навучанне пацыентаў. Кожны з іх павінен ведаць, як вымяраць дозу інсуліну, як яе вылічыць на порцыю ежы, як гэта суадносіцца з фізічнай актыўнасцю. Рух па стварэнні школ дыябету быў у нашай краіне, напэўна, самы першы, сёння іх дзейнічае 225. Але нам патрэбны новыя формы для работы. Летась было прынята рашэнне па аптымізацыі школ дыябету. Яно супала з нашымі новымі эпідэміялагічнымі ўмовамі, і мы змаглі ўкараніць дыстанцыйную форму. Сёння яна шырока выкарыстоўваецца і ў нашым цэнтры, і ў гарадскім эндакрыналагічным дыспансеры.
Сярод прыярытэтных задач Вольга Салко назвала далейшую рэалізацыю канцэпцыі інсулінатэрапіі, забеспячэнне пацыентаў якаснымі сучаснымі відамі інсуліну, павышэнне якасці работы школ дыябету, паляпшэнне пераемнасці з сумежнымі спецыялістамі, у прыватнасці ўрачамі агульнай практыкі па раннім выяўленні цукровага дыябету 2-га тыпу, і арганізацыю раённых цэнтраў па раннім выяўленні дыябеталагічных ускладненняў.
На пачатак гэтага года зарэгістравана 289 тысяч мінчан з хваробамі эндакрыннай сістэмы, з 285 тысяч — дарослыя, паведаміла Алена ЮРЭНЯ, галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага эндакрыналагічнага цэнтра. Эндакрынная паталогія рэгіструецца ў 18 % мінчан. Прычым сярод людзей, якія яе маюць, 62 % — пацыенты з цукровым дыябетам. У цэлым жа тэндэнцыя не абнадзейвае: у Мінску, як і ў краіне, і свеце, рэгіструецца рост выпадкаў цукровага дыябету. За апошнія 10 гадоў колькасць пацыентаў падвоілася. Калі ў 2010 годзе ў сталіцы іх было зарэгістравана 44,5 тысячы, то на пачатак 2021 года — больш за 83 тысячы.
У цэлым распаўсюджанасць цукровага дыябету сярод жыхароў Мінска складае 5,1 %, па краіне — 4,5 %, у Еўропе — 6,3 %.
— Па Мінску мы недапрацоўваем у плане выяўлення цукровага дыябету, — кажа Алена Юрэня. — Асабліва нас засмуціў 2020 год: прагназавана знізілася колькасць выяўленых новых выпадкаў. Зарэгістравана 6292 новыя пацыенты, а ў 2019-м іх было 7767. Такім чынам, амаль 1,5 тысячы пацыентаў з цукровым дыябетам у 2020 годзе з-за зніжэння зваротаў у медустановы і адмены медаглядаў засталіся нявыяўленымі. Знайсці такіх пацыентаў нам мусяць дапамагчы ўрачы агульнай практыкі, каб як мага хутчэй пачаць лячэнне.
Па інфармацыі галоўнага ўрача гарадскога эндакрыналагічнага цэнтра, нягледзячы на тое, што вялікая колькасць урачоў летась аказвала дапамогу пацыентам з COVІD-19, у Мінску эндакрыналагічная дапамога ні на дзень не спынялася. У параўнанні з 2019 годам колькасць наведванняў у Мінску знізілася ўсяго на 16 % і склала 382 тысячы.
Нягледзячы на гэта, медыкам давялося змяніць фармат работы падчас пандэміі і многае рабіць аддалена. У прыватнасці, з'явілася магчымасць дыстанцыйнага кансультавання пацыентаў, якія раней звярталіся ў цэнтр, інфармацыя пра гэта ўносіцца ў амбулаторную карту пацыента. Заяўку на такую кансультацыю можна падаць праз сайт цэнтра. У выпадку, калі пацыент, у першую чаргу гэта датычыцца тых, хто знаходзіцца на дыспансерным назіранні, не з'явіўся на прыём на працягу месяца, яму тэлефануе медсястра і прапануе запісацца для планавага наведвання да ўрача-эндакрынолага.
Усім, хто запісаўся на прыём, таксама тэлефануе медыцынская сястра і пытаецца пра мэту наведвання. Магчыма, гэта ўсяго толькі выпіска рэцэпта, што можна зрабіць і без візіту ў цэнтр. Ва ўсіх урачоў цэнтра сёння маецца магчымасць выпісваць электронныя рэцэпты, за выключэннем інсуліну, дзе патрабуецца папяровы аналаг.
— Калі ў стацыянары ў пацыента выяўляецца гіперглікемія, то яму не патрэбна накіраванне ўрача, ён адразу можа звяртацца ў наш цэнтр, мы атрымліваем яго эпікрыз. Калі рэгіструецца ўпершыню выяўлены цукровы дыябет, які мае патрэбу ў інсулінатэрапіі, то пацыент забяспечваецца рэцэптамі на інсулін адразу на тры месяцы. Не заўсёды гэта інсулінатэрапія пастаянная, і гэта карэкціруе ўрач-эндакрынолаг. Калі неабходна выпіска рэцэпта за поўны кошт ці льготныя рэцэпты, у той жа дзень перадаецца кансультатыўнае заключэнне ў тэрытарыяльную паліклініку, і яна забяспечвае далейшае назіранне такіх дыспансерных пацыентаў, — расказвае Алена Юрэня.
Загадчыкі аддзяленняў гарадскога эндакрыналагічнага цэнтра штодзённа праводзяць прамыя лініі — па дзве гадзіны штодзень у першую і другую змены. Інфармацыя аб іх маецца на сайтах цэнтра і тэрытарыяльных паліклінік. Ёсць на сайце рубрыка «пытанне — адказ», штодзень урач-эндакрынолаг адказвае на ўсе пытанні.
— На сёння пад назіраннем дзіцячых урачоў-эндакрынолагаў знаходзіцца 1606 дзяцей і падлеткаў, каля 98 % з іх з дыябетам 1-га тыпу. Хоць у дзяцей і падлеткаў пачынаюць дыягнаставацца выпадкі дыябету 2-га тыпу — як мы называем яго, «бабулін дыябет», які характэрны для дарослых, — расказвае Наталля АКУЛЕВІЧ, дзіцячы ўрач-эндакрынолаг Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння. — На сёння ў нашай краіне ёсць магчымасць дыягнаставаць і іншыя тыпы цукровага дыябету, хоць мы яшчэ і ў пачатку гэтага шляху. Усе дзеці з цукровым дыябетам 1-га тыпу атрымліваюць інсулінатэрапію, прычым у нас ёсць магчымасць з моманту маніфестацыі прызначаць і падбіраць аналагі інсуліну. Існуе выбар прэпаратаў, прапануюцца розныя варыянты аналагаў.
Дзіцячыя эндакрынолагі з'яўляюцца першымі ў развіцці сучасных метадаў дапамогі пацыентам з цукровым дыябетам. Гэта і новыя спосабы самакантролю з выкарыстаннем сістэм бесперапыннага маніторынгу гіпаглікеміі, і новыя формы лячэння дыябету з выкарыстаннем розных варыянтаў інсулінавых помпаў.
У цэнтры праводзіцца ўстаноўка інсулінавых помпаў дзецям з усёй краіны, у тым ліку і з Мінска. Юных пацыентаў урачы вядуць з моманту ўстаноўкі помпы, вучаць, як ёй карыстацца, карэкціруюць інсулінатэрапію. Важна, што ўстаноўка помпы ажыццяўляецца без шпіталізацыі.
Рызыка цяжкага ходу інфекцыі COVІD-19 павышаецца ў тры разы ў пацыентаў з цукровым дыябетам, што пераканаўча даказана ў рамках навуковых даследаванняў, кажа прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм», доктар медыцынскіх навук Ала ШЭПЯЛЬКЕВІЧ. Паколькі 98 % людзей з цукровым дыябетам пакутуюць на атлусценне, варта звярнуць увагу на лішнюю вагу.
— Пытанне вакцынацыі важнае для людзей з цукровым дыябетам. Гэта група пацыентаў лічылася прыярытэтнай у адносінах вакцынацыі ад грыпу і яшчэ сямі хвароб. Усе міжнародныя арганізацыі рабілі акцэнт на тое, што пацыенты з дыябетам перш за ўсё павінны быць прышчэплены. З калегамі-інфекцыяністамі, эпідэміёлагамі мы шмат абмяркоўваем гэтыя пытанні і прыйшлі да высновы, што найлепшая стратэгія ва ўсім свеце — вакцынацыя. Наша пазіцыя — адносіць пацыентаў з цукровым дыябетам да прыярытэтнай групы, — падкрэслівае спецыяліст.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[5] https://zviazda.by/be/tags/cukrovy-dyyabet
[6] https://zviazda.by/be/tags/vakcynacyya