Мінскі аўтамабільны завод сумесна з афіцыйным дыстрыб’ютарам на тэрыторыі Узбекістана MAZ-Tashkent прымае ўдзел у выставе UzAgroExpo, якая праходзіць у Ташкенце. Прадпрыемства прадставіла навінку — газавы самазвал МАЗ-65012К, спецыяльна распрацаваны для рынку Узбекістана, паведамілі [1] ў прэс-службе завода.
Трохосны самазвал з колавай формулай 6×4 і поўнай масай 33,5 тыс. кг абсталяваны металічным кузавам, які перакульваецца пры дапамозе гідраўлічнага механізму, і прызначаны для перавозкі сыпкіх грузаў, у тым ліку сельскагаспадарчага прызначэння. Аўтамабіль абсталяваны 400-моцным газавым рухавіком WP12NG.400E50 экалагічнага класа Еўра-5 і 16-ступеністай механічнай каробкай перадач. Платформа серыйная, але з дапрацаваным казырком, які зачыняе газавае абсталяванне. Яе аб’ём — 20 куб.м. У кабіне абсталявана спальнае месца. Камплектацыя ўключае кандыцыянер, цэнтральны замак, электрапрывад шклапад’ёмнікаў і люстэркаў задняга віду.
Як адзначылі ў прэс-службе, навінка МАЗа падыходзіць для эксплуатацыі ў краінах з умераным і трапічным кліматам.
Мінскі аўтамабільны завод — адно з найбуйнейшых беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў, якое спецыялізуецца на выпуску велікагрузных аўтамабіляў, спецтэхнікі, аўтобусаў, тралейбусаў і прычапной тэхнікі. Гандлёвая марка МАЗ шырока вядома ў СНД і далёкім замежжы. Тэхніка адпавядае экалагічным стандартам Еўра-3, 4, 5, 6. З канвеера завода сходзяць седлавыя цягачы, бартавыя аўтамабілі, шасі пад устаноўку рознага спецабсталявання — усяго больш як 500 мадэлей і 3 тыс. мадыфікацый.
Прэв’ю: МАЗ
Спасылкі
[1] http://maz.by/media/news/2021/11/24/novyj-gazovyj-samosval-maz-predstavlen-na-vystavke-v-uzbekistane
[2] https://zviazda.by/be/tags/maz
[3] https://zviazda.by/be/tags/maz-tashkent
[4] https://zviazda.by/be/tags/vystava-uzagroexpo