Каля 400 маладых спецыялістаў на першыя працоўныя месцы сёлета прынялі калектывы Мазырскага раёна. Сваю кар'еру тут пачалі будаваць амаль 160 выпускнікоў ВНУ і звыш 230 — устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Прынамсі, Мазыршчына з году ў год вылучаецца высокай доляй моладзі, якая застаецца працаваць пасля адпрацоўкі размеркавання — 75,4 %.
Маладое папаўненне ў святочнай атмасферы віталі на традыцыйнай сустрэчы з кіраўніцтвам райвыканкама. Для першых гэта магчымасць даведацца аб перспектывах дзяржаўнай палітыкі па падтрымцы сем'яў, гарантыях працаўладкавання і аказання адраснай дапамогі. На падобных восеньскіх сустрэчах моладзь актыўна цікавіцца і развіццём спорту, турызму, у цэлым сістэмай адукацыі ў раёне.
— Ідэі ў іх унікальныя, таму мы заўсёды стараемся ўвасабляць іх у жыццё. Мазыршчына — месца, дзе створаны добрыя ўмовы для моладзі: у кожнага ёсць магчымасць рэалізаваць сябе, — адзначыла старшыня Мазырскага райвыканкама Алена Паўлечка.
Кіраўнік раёна падкрэсліла: прадпрыемствы і арганізацыі робяць асаблівую стаўку на свежыя сілы.
Штогод прымае на работу маладых спецыялістаў мазырскае прадпрыемства «Беларускабель». Яго калектыў захоўвае і развівае сістэму настаўніцтва: навічкоў замацоўваюць за прафесіяналамі, якія гатовы дзяліцца вопытам, уводзіць у курс спраў.
— Ад моладзі чакаем добрай тэарэтычнай падрыхтоўкі, імкнення рэалізаваць у жыццё тое, чаму навучыліся. Гатовы садзейнічаць іх станаўленню і прафесійнаму росту — гэта ў інтарэсах прадпрыемства, — зазначыла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, кадрах і сацыяльных пытаннях ААТ «Беларускабель» Святлана Фешчанка.
Сёлета прадпрыемства прыняла на работу чатырох маладых спецыялістаў. Усіх характарызуюць станоўча: працы не баяцца, а гэта, кажуць вопытныя працаўнікі, галоўнае.
Свае першыя крокі ў працягу працоўнай дынастыі на прадпрыемстве робіць дыпламаваны інжынер-электронік выпускнік Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. А. Сухога Яўген Кашкараў.
— Вельмі задаволены сваім размеркаваннем, — прызнаўся ён. — Я мазыранін, вучыўся ў сярэдняй школе № 5. Пасля паступіў ва ўніверсітэт на прамысловую электроніку. На гэту спецыяльнасць параіў звярнуць увагу бацька. Ён, дарэчы, працаваў на прадпрыемстве ў якасці электрамеханіка. Працавала тут, у валачыльным цэху, і бабуля.
У перспектыўных кадрах і маладых працоўных руках зацікаўлены і прадпрыемствы будаўнічай сферы раёна. Такім рады на ААТ «Мазырпрамбуд». Прадпрыемства па выніках мінулага года — пераможца спаборніцтва па сацыяльна-эканамічным развіцці Мазырскага раёна сярод будаўнічых арганізацый. Першае працоўнае месца тут — не толькі каштоўны вопыт, але і магчымасць папрацаваць на знакавых для Палескага рэгіёна будаб'ектах. У мінулым годзе, напрыклад, калектыў «Мазырпрамбуда» вызначыўся на будаўніцтве жылых дамоў у Ельску, Мазыры, Нароўлі, узвядзенні інжынернай інфраструктуры, аб'ектаў Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, браў удзел у добраўпарадкаванні Мазыра.
— Баялася, што не здужаю з працай, але тут дапамагаюць і вучаць, — дзеліцца 18-гадовая маляр-тынкоўшчык Марыя Віткоўская, якая ўладкавалася сюды сёлета.
У сярэдняй школе № 11 Мазыра сёлета на першае працоўнае месца ўладкаваліся два маладыя спецыялісты — настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства Юлія Каваленка і фізічнай культуры Антон Новак.
— У мяне з вучнямі ёсць і агульныя інтарэсы, бо розніца ва ўзросце невялікая, але ў той жа час патрабую абавязковага захоўвання субардынацыі. Бо я настаўнік, а яны дзеці, — расказвае аб сваёй рабоце Юлія Васільеўна. — Для мяне педагогіка — маё жыццё. Мне вельмі падабаецца вучыць дзяцей новаму.
Малады педагог узяла на сябе класнае кіраванне ў пятым класе. Адгукнулася і на прапанову весці музейную справу ў школе: рыхтуе новыя экспазіцыі для Музея жанчын.
Выпускніца Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна Хрысціна Вараненка сумяшчае навучанне ў магістратуры мазырскага ВНУ з выкладаннем матэматыкі. Пасля заканчэння магістратуры яна застанецца ў школе ўжо ў статусе маладога спецыяліста. Другі год працягваюць работу ў такім статусе настаўніца матэматыкі Таццяна Дзядзюля і настаўнік фізічнай культуры Ігар Лакіза. Дарэчы, малады чалавек пачаў працаваць у школе яшчэ на чацвёртым курсе ўніверсітэта.
— Штогод мы прымаем на працу маладых спецыялістаў. Па выніках апытання відаць, наколькі яны задаволеныя размеркаваннем у нашу школу. Усе гэтыя маладыя людзі вельмі амбіцыйныя, творчыя, маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, могуць тут рэалізаваць свае ідэі і задумкі, — лічыць дырэктар сярэдняй школы № 11 Мазыра Яўгенія Варановіч. — У настаўнікаў нашай школы вельмі высокі педагагічны ўзровень, імёны некаторых ведаюць у горадзе, рэгіёне і краіне. Прафесіяналы, у якіх за плячыма значны працоўны досвед, гартуюць годную змену. Маладых спецыялістаў імкнёмся падтрымаць і ў матэрыяльным плане: забяспечыць добрую працоўную нагрузку, каб быў належны заробак.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/vnu
[5] https://zviazda.by/be/tags/maladyya-specyyalisty
[6] https://zviazda.by/be/tags/mazyrski-rayon
[7] https://zviazda.by/be/tags/pracounyya-mescy
[8] https://zviazda.by/be/tags/mazyrshchyna