Беларускія спартыўныя рэаліі такія, што практычна ўвесь вялікі спорт засяроджаны ў Мінску. У сталіцы найлепшая інфраструктура, больш трэнераў і магчымасцяў. А што, калі б не было ў іншых гарадах дзіцяча-юнацкіх спартыўных груп, у якіх адданыя сваёй справе трэнеры выхоўваюць маладое пакаленне? Пытанне рытарычнае.
Шорт-трэк — амбіцыйны і належным чынам пакуль не раскрыты спорт, таксама імкнецца ў сталіцу. Але яго вытокі — у рэгіёнах, у прыватнасці ў Віцебскай вобласці. Славіцца сваімі традыцыямі і поспехамі Віцебская школа. Не адстае і Аршанская. І, як усюды, усё залежыць ад людзей, здольных развіваць свой спорт. Трэнер па шорт-трэку Вольга Мігдалёва распавяла «Звяздзе», чым жыве аршанская школа шорт-трэка і што чакае гэты від спорту ў будучыні.
У 2019 годзе Вольгу Мігдалёву прызначылі галоўным трэнерам нацыянальнай юніёрскай каманды. Але здарылася парадаксальная сітуацыя: з пасады спецыяліст сышла, каб дапамагчы развіццю роднага спорту: «Пабываўшы на шматлікіх міжнародных стартах, убачыўшы, як выступаюць іншыя спартсмены і як нашы, я зразумела, што Беларусь таксама можа выглядаць дастойна. Для гэтага нам усім трэба мяняць сістэму падрыхтоўкі. І я вырашыла, што з юніёрскай каманды пайду, каб на сваёй групе праверыць уласнае бачанне працы і сваю сістэму падрыхтоўкі. Я разумела, што не магу рызыкаваць усёй юніёрскай камандай, і ўзяла самаадвод», — тлумачыць Вольга.
Трэнер лічыць, што галоўнае ў падрыхтоўцы спартсменаў — рухацца наперад і не баяцца спрабаваць новае. Нельга працаваць па адным шаблоне — такім чынам спартыўных поспехаў не дасягнуць. І вынікі працы такой сістэмы — у пратаколах спаборніцтваў. У мінулым сезоне аршанскія шорт-трэкісты дастойна выступілі на міжнародным старце Baltіc Cup, 15-гадовы спартсмен выканаў нарматыў на майстра спорту, яшчэ пяць чалавек сталі кандыдатамі ў майстры спорту.
Цяпер у групе аршанскага спецыяліста каля 20 спартсменаў, працуе яна адна, без памочнікаў. І ў іх падрыхтоўцы трэнер робіць акцэнт на хуткасную вынослівасць. А гэтая база закладваецца летам. Як адзначае Вольга, што летам закладзеш, на тым сезон і праездзіш. Але, на жаль, праверыць закладзеную ўдарным летам базу ў гэтым сезоне будзе складана: пандэмія не дазваляе актыўна выязджаць на замежныя старты. А асноўнай мэтай падрыхтоўкі да сезона былі менавіта міжнародныя турніры. «Мы ўзялі вельмі высокую планку. Спартсмены прадукцыйна папрацавалі летам. Шчыльна супрацоўнічаем з камандай па шорт-трэку Санкт-Пецярбурга. Яны правялі ў нас два вучэбна-трэніровачныя зборы. Да нас на збор прыязджала каманда Калінінграда. І гэта гаворыць аб узроўні», — адзначае трэнер.
У Оршы шорт-трэк развіваецца з 2014 года. Для горада з вялікай спартыўнай гісторыяй сем гадоў — няшмат. Але за гэты час шорт-трэк стаў тут папулярным. Каля 20 спартсменаў перададзена ў вышэйшае звяно, для школы гэта добры вынік. З кожным годам у секцыі прыходзіць усё больш дзяцей. І часам набор ператвараецца ў адбор. У 2019 годзе ў Спартакіядзе школ Орша была трэцяй, у 2020 годзе — другой. На якое месца аршанцы прэтэндуюць зараз, напэўна, зразумела. Базу гарадской лядовай арэны шорт-трэк дзеліць з хакеем. І ў іх цудоўна атрымліваецца разам існаваць у той час, як многія лядовыя віды спорту скардзяцца, што ўвесь лёд забірае хакей. Вольга Мігдалёва адзначае, што кіраўніцтва арэны ідзе насустрач, справядліва дзеліць лёд і ўсяляк падтрымлівае з абсталяваннем і інвентаром. Адсюль лагічны вынік.
Як бы ні імкнуліся Вольга Мігдалёва і яе вучні, у іх адных не атрымаецца вывесці спорт на якасна новы ўзровень. Патрэбны агульная сістэма і ўнутраная канкурэнцыя. А з гэтым у беларускім шорт-трэку пакуль праблемы. «Сёння варта ўдзяліць увагу дзіцяча-юнацкаму спорту. Важна, каб у спорце была ўнутраная здаровая канкурэнцыя, каб дзецям было цікава спаборнічаць і каб мы маглі іх выгадаваць да дарослага ўзроўню. Сёння ў нацыянальнай камандзе мы трымаем тых спартсменаў, што ў нас ёсць. А калі б іх было чалавек 15 і яны паміж сабой канкурыравалі — вынік стаў бы зусім іншы. Хочацца захаваць нашых дзяцей і падвесці іх да вялікага дарослага спорту», — адзначае трэнер.
Тым не менш Вольга ўпэўнена, што ў найбліжэйшай перспектыве можна вырасціць баяздольную дарослую нацыянальную каманду. Добрыя спартсмены растуць у Жодзіне, Наваполацку, Оршы. Спецыяліст упэўнена, у беларускім шорт-трэку не ўсё страчана: «Цяпер трэба максімум намаганняў прыкласці для захавання рэзерву, юніёраў. Канешне, атрымліваецца не адразу. Павінна прайсці мінімум чатыры гады. Узяць, напрыклад, канькабежны спорт — колькі яго хавалі. Але на пасаду галоўнага трэнера прыйшоў Сяргей Мінін, прайшоў доўгі шлях, прарабіў вялікую працу, і ўжо відаць вынікі. І яны яшчэ будуць, мы зараз бачым толькі пачатак».
І хай шорт-трэк — спорт індывідуальны, для развіцця тут гэтак жа патрэбна каманда з адзіным поглядам. Да таго ж нацыянальная каманда павінна падаваць прыклад маладому пакаленню. «Такое адчуванне, што кожны трэнер, кожная каманда баяцца паказаць адно аднаму, як яны працуюць. І гэта вялікая праблема нашага шорт-трэка. Няма адзінства, вялікай сям'і, а ўсе спаборнічаюць паміж сабой. Канешне, здаровая канкурэнцыя неабходна, але ўсе павінны быць адзінай камандай», — дзеліцца Вольга Мігдалёва. Паводле яе слоў, трэба перагледзець і падыход да трэнерскай працы. Не ўсе спецыялісты хочуць аддаваць сваіх вучняў на наступны ўзровень, бо гэта іх заробак. Нават калі размова ідзе аб юніёрскай зборнай.
Поспех лёгкіх шляхоў не шукае, спартыўны — тым больш. І нярэдка іх ускладняюць знешнія фактары. Для аршанскай школы шорт-трэка адзін з іх — адток кадраў. Спартсмены заканчваюць школу і з'язджаюць вучыцца ў іншыя гарады. Вучань Вольгі Іван Кісліцын выканаў «майстра спорту», але пасля школы з'ехаў вучыцца ў Мінск, і яго спартыўныя вынікі сталі на паўзу. І такіх прыкладаў можна прывесці шмат. «Гэта вельмі вялікая праблема. Мы гадуем спартсменаў да пэўнага ўзроўню, яны з'язджаюць у Мінск і губляюцца. Максімум можам іх пратрымаць да 11 класа, таму што ў нас у горадзе няма вышэйшых навучальных устаноў. У мяне ў групе займаецца Ілья Дзмітрэнка, вельмі перспектыўны хлопчык, майстар спорту. Але ён заканчвае 11 класаў і з'язджае. Канешне, шкада. Калі б яны мелі магчымасць вучыцца ў Оршы, яны б тут заставаліся, трэніраваліся, умовы ёсць. У будучыні маглі б займацца трэнерскай дзейнасцю. Многія наракаюць, што ў нас мала трэнераў. А спартсмены да 17 гадоў трэніруюцца, з'язджаюць вучыцца, і многія заканчваюць са спортам, проста губляюцца, знаходзяць новыя захапленні. У гэтым плане, нам вядома, цяжка», — прызнаецца трэнер.
Цяпер Вольга Мігдалёва са сваімі вучнямі рыхтуецца да зімовага Еўрапейскага юнацкага Алімпійскага фестывалю, які пройдзе ў сакавіку. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, яны не апускаюць рук. Трэнер гаворыць, што з-пад палкі нікога на спаборніцтвы не заганяе. Спартсмены самі ведаюць, чаго жадаюць, бачаць свае мэты і працуюць для іх дасягнення. У многім дзякуючы прыкладу трэнера. Вольга Анатольеўна прызнаецца: галоўнае для яе — дысцыпліна, парадак і вынік: «Натуральна, жаданне рухацца наперад сваім спартсменам задаю я як трэнер. Працаваць з 20 дзецьмі вельмі няпроста. Яны растуць на маіх вачах, да кожнага трэба знаходзіць падыход, адкрываць матывацыю. Я таксама нямала памылак зрабіла, але мы разам расцём і развіваемся. І калі я бачу іх шчаслівыя вочы, мне больш нічога не трэба. На дадзеным этапе тое, што раблю, — сэнс майго жыцця. Бачу, куды рухаюся, чаго я хачу, і што для гэтага раблю. І спартсмены гэта разумеюць. Некаторыя абяцаюць, што праз чатыры гады будуць на Алімпіядзе. Многія хвалююцца, калі застаюцца без медаля. У іх ёсць асэнсаванне, навошта яны трэніруюцца. Усведамляю, што гадоў у 18 яны змогуць памяняць сваё меркаванне. І вельмі важна захаваць у вучнях запал і патэнцыял. Я з усіх сіл імкнуся гэта рабіць, але вельмі хочацца падтрымкі ад Беларускага саюза канькабежцаў. Жаданне ў дзяцей ёсць, але яго цяжка трымаць, калі няма падтрымкі і стымулу».
Аршанская школа сёння — адзін з лідараў беларускага шорт-трэка. І, як заўважае Вольга Мігдалёва, у іх усё нядрэнна. Але ж сутнасць спорту ў тым, каб заўсёды развівацца і станавіцца лепшым.
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/volga-migdalyova
[4] https://zviazda.by/be/tags/short-trek
[5] https://zviazda.by/be/tags/vicebskaya-voblasc