У беларускіх вірусолагаў ёсць усе магчымасці для выяўлення новага варыянта каранавіруса «Амікрон». Пра гэта паведамілі [1] ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.
— Беларускія эксперты-вірусолагі, якія працуюць з рознымі штамамі вірусаў у РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, забяспечаны ўсім неабходным абсталяваннем для пошуку новага варыянта. Цяпер ідзе праверка біяматэрыялаў ад пацыентаў, якія прыбылі з-за мяжы, з мэтай павышэння верагоднасці выяўлення «Амікрона», — расказалі ў міністэрстве.
Нагадаем, прадстаўнікі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя паведамілі, што новы варыянт каранавіруса быў знойдзены на поўдні Афрыкі і атрымаў назву «Амікрон». Упершыню ён зарэгістраваны 24 лістапада. Ужо з’явіліся даныя аб яго выяўленні ў шэрагу краін Еўропы, у тым ліку ў Германіі, Чэхіі, Бельгіі, Аўстрыі і Італіі.
На пасяджэнні ў пятніцу эксперты рэкамендавалі СААЗ уключыць варыянт «Амікрон» — B.1.529 у групу «варыянтаў, якія выклікаюць занепакоенасць». Да гэтай групы раней былі аднесены штамы — «Альфа», «Бэта», «Гама» і «Дэльта». Раней СААЗ папярэджваў, што новая версія каранавіруса можа быць больш заразная, асабліва сярод маладых людзей. Сярод яе галоўных сімптомаў — моцная стомленасць і ламота ў целе. А вось на страту нюху і смаку хворыя скардзяцца радзей.
Спецыялісты СААЗ таксама адзначылі, што наяўныя сёння вакцыны здольныя абараніць ад цяжкага ходу хваробы і смяротнага зыходу нават пры заражэнні новым штамам.
Спасылкі
[1] http://minzdrav.gov.by/ru/
[2] https://zviazda.by/be/tags/amikron
[3] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[4] https://zviazda.by/be/tags/saaz