Салата «Дыпламат»
Спатрэбіцца: невялікія яблыкі — 2 шт.; цыбуля рэпчатая — 1 шт. сярэдняга памеру; яйка — 3 шт.; апельсін — 2 шт.; цвёрды сыр — 150 г; ківі і некалькі лісточкаў пятрушкі для афармлення; маянэз.
Цыбулю чысцім ад шалупіння, наразаем тоненькімі паўкольцамі, выкладваем у друшляк і абліваем кіпенем. Так з цыбулі сыдзе ўся гарката.
Для аздаблення верху салаты будзем выкарыстоўваць пятрушку.
Вячэра ў фользе
Спатрэбіцца: курыца —1 кг; бульба — 1 кг; морква — 2 шт.; алей — 100 мл; часнок — 5 зубкоў; прыправа для курыцы ці іншыя спецыі на выбар (напрыклад, праванскія травы ці хмелі-сунелі), кроп, соль — на смак.
Курынае мяса аддзяліць ад костак, нарэзаць кавалачкамі сярэдняй велічыні, пералажыць у глыбокую міску. Дадаць да мяса бульбу і моркву, нарэзаныя буйнымі кавалачкамі. Паліць сланечнікавым алеем. Дадаць здробненыя часнок, кроп, соль і спецыі. Змяшаць.
Ад рулона фольгі адрэзаць квадраты па колькасці едакоў. Калі фольга занадта тонкая, кавалкі рабіце большыя, каб потым скласці іх удвая.
Вылажыць на кожны квадрат па некалькі лыжак сумесі — памер порцыі вызначайце на сваю думку. Загнуць краі квадратаў, каб атрымаліся мяшочкі. Вылажыць іх на бляху, адправіць у духоўку на 45 хвілін пры 180 градусах.
Фасоля па-брэтонску
Адна з самых папулярных страў у сучаснай польскай кухні.
Спатрэбіцца: фасоля — 500 г; каўбаса паўвэнджаная — 400 г; вяндліна — 200 г; цыбуля — 2 шт.; алей — 2 ст. л.; таматная паста — 200 г; цукар — 1 ч. л.; маяран — 1 ст. л.; папрыка — 1 ст. л.; перац чылі — 1 ч. л.; лаўровы ліст — 2 шт.; перац духмяны, чорны перац (молаты), соль — на смак.
З папярэдне замочанай на ноч фасолі зліць ваду, прамыць і заліць свежай вадой так, каб яна была вышэйшая за фасолю на 2–3 см. Дадаць лаўровы ліст, пару гарошын духмянага перцу і паставіць на слабы агонь. Гатаваць да мяккасці, каля 1,5 гадзіны.
Нарэзаную кубікамі вяндліну і каўбасу (лепш за ўсё падыдзе «Кракаўская») злёгку абсмажыць на алеі. Дадаць здробненую цыбулю. Абсмажыць, затым дадаць трохі вадкасці, у якой варыцца фасоля. Дадаць спецыі: маяран, папрыку, перац чылі, чорны молаты перац і соль. Пакінуць тушыцца пад вечкам 10–15 хвілін.
Фасоля павінна быць мяккая, але нельга даваць ёй разварыцца. Вадкасць не зліваць. Злучыць змесціва патэльні і каструлі. Дадаць таматную пасту (можна замяніць таматамі ва ўласным соку) і чайную лыжачку цукру — ён падкрэсліць смак. Калі вадкасці не хапае, можна даліць крыху вады. Змяшаць, патрымаць на агні 1-2 хвіліны, зняць з пліты і даць пастаяць пад вечкам не менш за 10 хвілін.
Тапачкі для гасцей
Калі ў вас халодная падлога, а вы чалавек гасцінны, то, напэўна, не раз задумваліся пра тое, каб набыць некалькі пар тапачак для гасцей. Аднак дамашні абутак можна без асаблівых складанасцяў зрабіць сваімі рукамі. Матэрыялам для іх вырабу паслужыць стары дыван. Зрабіце выкрайку самых простых тапак і сшыйце некалькі пар розных памераў.
Абнаўляем штучную ёлку
Калі штучная ёлка страціла сваю прыгажосць, зляжалася і пакамячылася, не спяшайцеся яе выкідваць. Ёсць некалькі спосабаў вярнуць дрэву прывабны пухнаты выгляд.
Звычайна такія вырабы зробленыя з ПВХ, які пры награванні размякчаецца. У гэты момант лапкам ёлкі можна надаць жаданую форму. Вазьміце паравы прас або фен, накіруйце струмень гарачага паветра на іголкі на пару секундаў. Затым адразу пачынайце выпростваць галінкі. Апрацуйце так усю крону.
Можна таксама замочваць (ёлку цалкам або толькі яе галінкі) у гарачай вадзе, але працэс атрымаецца больш працаёмкі. Пасля распроствання іголак ёлку трэба старанна прасушыць і толькі потым упрыгожваць.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop