Традыцыяй становіцца прэзентацыя навінак Выдавецкага дома «Звязда» у кнігарні «Акадэмкніга» у Мінску па праспекце Незалежнасці, 72.
Сёння, 2 снежня, у 16.30 чытачоў, пакупнікоў кнігі тут чакаюць на сустрэчы з кнігай паэзіі «Уладар ветру» і яе аўтарам — вядомым паэтам Беларусі Алесем БАДАКОМ. Творчасць яго добра вядомая чытачу. У розныя гады пабачылі свет зборнікі паэзіі Алеся Бадака — «Будзень», «За ценем самотнага сонца», «Маланкавы посах», «Развітанне з вечнасцю». Творы з гэтых кніг, а таксама новыя вершы і ўвайшлі ў новае выданне — «Уладар ветру».
«Яна — ніхто. Але ў маёй кватэры/ Ключом уласным адчыняе дзверы./ Заходзіць — як заходзяць гаспадыні./ Ні разу позірк у мой бок не кіне./ У чым прыйшла — здымае бессаромна,/ нібыта не ў гасцях яна, а дома./ (І тоненькі халацік так дарэчы/ Сабой прыкрые ёй не толькі плечы.)/ Яна гатуе лёгкую вячэру,/ Гартае на стале маім паперы./ Ёй кожны верш — як фірменная страва./ За кожнай рыфмай бачыць маю славу./ Чытанне — праца, нам даўно вядома./ А госця не збіраецца дадому...» Тонкі лірык, Алесь Бадак вядомы і як аўтар тэкстаў многіх песень. Дарэчы, на прэзентацыі ў «Акадэмкнізе» прагучаць самыя розныя творы слыннага творцы.
І выступаць сёння ў «Акадэмкнізе» будзе не толькі Алесь Бадак, на сустрэчу з чытачамі прыйдуць паэты і празаікі Віктар ШНІП, Людміла РУБЛЕЎСКАЯ, Аляксей ЧАРОТА і шмат хто яшчэ.
Сяргей ШЫЧКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/ales-badak-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/uladar-vetru
[6] https://zviazda.by/be/tags/akademkniga-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/prezentacyya
[8] https://zviazda.by/be/tags/viktar-shnip
[9] https://zviazda.by/be/tags/lyudmila-rubleuskaya-0