У адыходзячым годзе Вольга Шпілеўская ўзначаліла прадстаўніцтва Міжнароднай тэлерадыёкампаніі «Мір» у нашай краіне. Пасада ганаровая, але ў той жа час вельмі адказная: паказваць і расказваць пра сапраўднае жыццё Беларусі за яе межамі. Аб перспектывах сучаснага тэлебачання і аўтарскай журналістыкі, дзейнасці ў Беларускім саюзе жанчын і крыніцах натхнення Вольга Аляксандраўна, як і належыць прафесійнаму журналісту, расказала вельмі падрабязна і смачна.
— Вольга Аляксандраўна, практычна ўся ваша прафесійная дзейнасць звязана з журналістыкай. Ці можна сказаць, што гэта ваш лёс?
— Гэта больш, чым лёс. Гэта жыццё! Здарылася так, што я прыйшла працаваць у навіны ў 1994 годзе. Гэта быў другі курс журфаку. Так што, па сутнасці, усё маё жыццё звязана з навінамі. Ці выбірала я прафесію свядома, сказаць складана. Але зараз я не ўяўляю, што іншае я магла абраць тады. Я хацела на журфак заўжды. І так атрымалася, што маё першае знаёмства з прафесіяй адбылося на радыё, на вуліцы Чырвоная. Па сутнасці, гэта была творчая практыка, якая дала мне магчымасць паступіць на журфак. На радыё я рабіла сюжэты. Памятаю, як першы раз пачула свой голас, запісаны на бабіну... Гэта была не я! (смяецца)
— З якой дзейнасці непасрэдна пачалося тэлебачанне ў вашым жыцці?
— Гэта была Камуністычная, 6, аддзел па апрацоўцы інфармацыі. Уявіце, які гэта быў час! Толькі пачалі з’яўляцца першыя камп’ютары. Нашай задачай было складаць блокі навін з інфармацыйных стужак ТАСС, Інтэрфакса, якія потым выкарыстоўваліся на радыё і ТБ. Лагічна, што наступным крокам стала Агенцтва тэленавін.
— Між тым перыядам і днём сённяшнім прайшло больш за 25 гадоў. За гэты час у тэлевізійным вяшчанні адбыўся вялізны скачок. Вы, як прафесіянал, у якіх кірунках найперш бачыце розніцу?
— Мне здаецца, журналістыка — гэта прафесія, якая сёння развіваецца хутчэй за іншыя. Гэта ўжо не тая класічная журналістыка, якая была яшчэ ў 2000 годзе. Тады асноўная задача журналіста заключалася ў тым, каб знайсці інфармацыйную нагоду і здабыць інфармацыю, а не проста яе апрацаваць, не ўстаючы з крэсла. Табе трэба было акружыць сябе вялікай колькасцю знаёмых, крыніцамі інфармацыі, ты павінен быў ведаць усіх прэс-сакратароў для таго, каб быць першым і рабіць эксклюзіўныя матэрыялы. Ты ўвесь час знаходзіўся ў руху. Цяпер, вядома, працаваць журналістам з аднаго боку прасцей, а з другога, складаней. У такіх вялізных патоках інфармацыі няпроста захаваць свой твар, стрыжань і стылістыку.
— Сапраўды сучасныя людзі перагружаныя інфармацыяй. Як не разгубіцца ў гэтай плыні і зразумець, дзе праўда, а дзе фэйк?
— Цяпер на першы план выходзіць аўтарская журналістыка. Прыйшоў яе час. У людзей з’явілася запатрабаванне ў пэўных людзях, у пэўных асобах, у пэўных вачах і галасах. Давяраючы думцы аўтарытэтнага журналіста, чалавеку прасцей зразумець і больш глыбока прааналізаваць працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве, у краіне, у свеце. Пажадана, каб гэта быў журналіст і палітолаг у адной асобе.
Пакуль аўтарская журналістыка ў нас не здарылася, яе месца на нейкі час занялі блогеры. Асабліва яскрава гэта было прыкметна ў 2020 годзе. Людзі, якія стаміліся ад бясконцых патокаў інфармацыі, знайшлі таго, каму можна давяраць і за кім можна ісці. І вось прыйшоў час Рыгора Азаронка, Яўгена Пуставога, Ігара Тура. На мой погляд чалавек, які свядома ідзе ў аўтарскую журналістыку, абавязаны, як лекар, даваць клятву, прынамсі «не нашкодзь». Бо слова можа не проста параніць, яно можа развязаць вайну.
— Паводле сацыялагічных даследаванняў узроставы цэнз тэлевізійнай аўдыторыі сёння 55+. Эксперты гавораць аб тым, што тэлебачанне паступова памірае. Наколькі вы згодны з гэтым сцвярджэннем?
— Я не зусім з гэтым згодна. Прапаную, перш за ўсё, аддзяліць слова тэлебачанне ад тэлевізара, бо тэлебачанне — гэта паняцце больш шырокае і глыбокае. Медыявымярэнне праводзіцца, калі прыстаўка прывязана да канкрэтнага тэлевізара. Але ж ёсць яшчэ тэлеглядзенне ў інтэрнэце. Таго ж Салаўёва большасць глядзіць у інтэрнэце, таго ж Тура глядзяць у інтэрнэце і ў тэлеграме. Тут няма даследаванняў, якія пацвярджалі б, што ў гэтых праграм больш сталая аўдыторыя. Пасля 2020 года, на мой погляд, адбыўся скачок у развіцці тэлебачання як тэлевізара. І гэта апраўдана. Калі на людзей зваліўся вялізны паток інфармацыі, вельмі многія вярнуліся да класічных сродкаў масавай інфармацыі, каб разумець дзяржаўны пункт гледжання і афіцыйную пазіцыю па найважнейшых пытаннях.
— Адыходзячы год у вашай кар’еры адзначыўся новым прызначэннем. Вы ўзначалілі прадстаўніцтва МТРК «Мір» у нашай краіне. Калі ў кампаніі змяняецца кіраўнік, як правіла, запускаецца працэс стварэння каманды «пад сябе». Ці прыйшлося вам праводзіць такія пераўтварэнні?
— Калі я прыйшла на «Мір», то ўбачыла шмат знаёмых асоб. Гэта людзі, якіх я так ці інакш ведаю дзякуючы шматгадовай тэлевізійнай дзейнасці. Каманду (асабліва кіраўнікоў) сапраўды пад сябе фарміраваць не прыйшлося. Яны ўсе людзі адказныя, кампетэнтныя, глыбока адданыя краіне і безумоўна знаходзяцца на сваіх месцах. У прадстаўніцтве працуе 98 чалавек. Асноўная задача нашага вяшчання прадстаўляць інтарэсы Беларусі за яе межамі. І, перш за ўсё, інфармаваць, а не даваць ацэнку.
— Куды сёння ідзе «Мір»?
— «Мір» ідзе ў інтэрнэт. Вядома, да гэтага, «Мір» працаваў у інтэрнэце, быў прадстаўлены ў «Інстаграме», у «Тэлеграме». Але, на мой погляд, гэтаму напрамку не надавалася належнай увагі. Мы вырашылі, што нашае прадстаўніцтва павінна быць прадстаўлена ў інтэрнэце даволі шырока. Быў створаны аддзел мультымедыйных праектаў. Мы асвоілі «Цік-Ток», больш сур’ёзна пачалі працаваць у «Тэлеграме». Мы не выраслі ў колькасці падпісчыкаў, але індэкс цытуемасці, што вельмі важна, высокі. Нас пачалі заўважаць буйныя расійскія, украінскія тэлеграм-каналы. Такое ж развіццё сёння атрымлівае і наш сайт. Тэлевізійны час абмежаваны, і мы не можам запоўніць яго выключна беларускім кантэнтам, а ў інтэрнэце мы можам прысутнічаць бязмежна. Людзі ў нас таленавітыя, кантэнт унікальны. Карацей, там акцэнт у бок беларускага свету.
— Вольга Аляксандраўна, існуе меркаванне, што кіраўнікі вельмі крытычна ставяцца да сваёй працы. Наколькі гэтая якасць прысутнічае ў вашай працы і жыцці? І які ў цэлым ваш стыль кіравання?
— Для мяне заўсёды вельмі важна, ставіцца да людзей так, як я б хацела, каб яны ставіліся да мяне. Я насамрэч стараюся ніколі не павышаць голас, імкнуся размаўляць, тлумачыць. Але я вельмі патрабавальная да выканання таго, што я прашу і аб чым кажу. Я гэта раблю ціха, але пры гэтым я веру, што чалавек зробіць работу якасна і ў тэрмін. Але і, вядома, да кожнай сітуацыі заўсёды падыходжу індывідуальна: мне як кіраўніку важна разумець, ці па сілах таму ці іншаму супрацоўніку выканаць пастаўленую задачу.
Да сябе я стаўлюся вельмі крытычна, часам мне здаецца, што можна было б сябе і пашкадаваць. Але ж самыя непаспяховыя людзі — гэта тыя, хто ўвесь час сябе шкадуе. Мір — гэта люстэрка. Калі ў цябе нешта не атрымліваецца, знайдзі ў сабе гэты момант і прапрацуй.
— Вы заўсёды ўсмешлівыя, прыязныя і спагадлівыя. У вас заўсёды гараць вочы. Дзе знаходзіцца тое месца, дзе вы можаце перазарадзіцца, каб падтрымліваць свой унутраны агонь?
— Калі я хачу аб чымсьці падумаць або перазагрузіцца, мне абавязкова трэба застацца адной і займацца чым-небудзь у кватэры. Я магу прыбіраць, перакладаць рэчы. Увогуле, раскладваю ўсё па палічках. Праз суткі я выходжу з кватэры ў сваім звыклым спакойным эмацыйным стане. Яшчэ адзін спосаб перазагрузіцца — гэта паездка да бацькоў у родны горад Дзяржынск. Да майго прыезду тата заўсёды топіць лазню, і я гадзін на 4–5 сыходжу ў лазню. Для мяне гэтае месца поўнага ачышчэння.
— Нягледзячы на важную медыйную работу, вы знаходзіце час і для грамадскай дзейнасці. Вы ўваходзіце ў склад прэзідыума БСЖ. Сёння ў Беларускім саюзе жанчын узяты курс на «амаладжэнне». Якія яны, сёлетнія жанчыны самай масавай арганізацыі Беларусі?
— Усе вельмі розныя, але пры гэтым дзейнасныя, энергічныя, ініцыятыўныя, пазітыўныя і самадастатковыя. Кожная з іх умее стварыць вакол сябе такую аўру, якая надае агульны рух наперад. Пачынаючы з Алены Леанідаўны Богдан…
— У якія праекты Беларускага саюза жанчын сёння ўцягнутыя вы?
— Вядома, стараюся быць карыснай, перш за ўсё, прафесійна. 4 снежня Беларускаму саюзу жанчын спаўняецца 30 год. Апошні месяц мы актыўна рыхтаваліся да гэтага важнага юбілею: ад сцэнарыя да відэакантэнту. Вельмі хацелася прыгадаць і паказаць асноўныя праекты, якія прайшлі ў нас за 30 гадоў. А іх не мала! Вы ведалі, што ініцыятарамі з’яўлення навагодняй акцыі «Нашы дзеці» ў нашай краіне з’яўляецца Беларускі саюз жанчын? І гэта толькі адзін прыклад таго, як з маленькай ініцыятывы вырас праект рэспубліканскага маштаба. Надзвычайны праект «Супержанчына». Я вельмі рада, што ён з’явіўся ў нашай медыяпрасторы. Асабліва прыемна бачыць на экране жанчын, занятых абсалютна ў розных сферах, але са сваёй грамадзянскай пазіцыяй і сваімі зямнымі радасцямі. Гэтым трэба дзяліцца.
— Менш за месяц засталося да наступлення Новага года. Раскажыце нашым чытачам, якія традыцыі святкавання гэтага чароўнага свята ёсць у вашай сям’і?
— Новы год для мяне — гэта сямейнае свята. У гэты дзень мы заўжды прыязджаем да бацькоў. Нават мая сястра, якая жыве ў Балгарыі, толькі ў год пандэміі не здолела далучыцца да нас. У хаце абавязкова павінна быць жывая ёлка, з традыцыйных страў на стале — «селядзец пад футрам» і салата «Аліўе». Неад’емная частка свята гэта культурная праграма. Як правіла, за забаўляльную частку адказвае мая сястра з пляменнікамі. З нецярпеннем чакаем гэтага Новага года, каб нарэшце сустрэцца і па-сямейнаму яго адсвяткаваць.
— З боем курантаў прынята загадваць жаданне. Што б вы пажадалі нашым чытачам у надыходзячым годзе?
— Па-першае, правесці адыходзячы год плённа і спакойна. А ў надыходзячым Новым годзе я хачу пажадаць усім міру. У сям’і, у душы, у бачанні свету. Міру, як дома, у якім мы ўсе разам жывем і каштоўнасць якога, кожны для сябе сам павінен разумець і берагчы.
Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ
Фота з асабістага архіва гераіні
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/kacyaryna-tumas-cishkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/volga-shpileuskaya
[5] https://zviazda.by/be/tags/mir-2
[6] https://zviazda.by/be/tags/zhurnalistyka