Да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча плануецца шмат мерапрыемстваў. Важнай падзеяй стане і прэзентацыя новай кнігі, якую выпусціла выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Кніга «Максім Багдановіч» з серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» — гэта зборнік фрагментаў з лістоў і ўспамінаў, своеасаблівае «палатно з унікальных звестак пра Максіма Багдановіча, прадстаўленае ў храналагічным парадку, год за годам, паступова раскрываючы самаго паэта і яго атачэнне». Гартаючы выданне, можна зрабіць выснову: кніга будзе цікавая як даследчыкам, так і звычайным чытачам, прыхільнікам творчасці паэта. Багаты ілюстрацыйны матэрыял, узяты з фондаў і архіваў розных музеяў, дапамае яшчэ лепш уявіць час, у які жыў паэт.
Напярэдадні прэзентацыі «Звязда» звярнулася да Алеся Бадака, дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», каб бліжэй пазнаёміцца з новай кнігай.
— Распавядзіце, калі ласка, у чым асаблівасць гэтага выдання?
— Кніга «Максім Багдановіч» выйшла ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі», якая існуе ў «Мастацкай літаратуры» ўжо шмат гадоў. Але менавіта з гэтага тома яна абнавіла свой фармат. Справа ў тым, што ранейшыя тамы складаліся з успамінаў, крытычных артыкулаў розных аўтараў, і ўсе гэтыя матэрыялы, як правіла, не пісаліся спецыяльна для іх, а з'яўляліся перадрукамі з іншых выданняў — як кніжных, так і перыядычных. У выніку нейкі жыццёвы ці творчы перыяд героя быў адлюстраваны вельмі падрабязна, а нейкі, наадварот, слаба. А пэўныя важныя і цікавыя перыяды ў жыцці героя і ўвогуле аказваліся па-за кнігай. Том «Максім Багдановіч» пабудаваны па іншым — храналагічным — прынцыпе, таму біяграфія нашага слыннага паэта тут пададзена найбольш поўна.
— Калі выдавецтва «Мастацкая літаратура» рыхтавала кнігу «Максім Багдановіч», якую галоўную мэту вы ставілі перад сабой? Папулярызаваць асобу Багдановіча, распавесці аб невядомых фактах з яго біяграфіі, ці нешта іншае?
— Безумоўна, і першае, і другое. Нам хацелася, каб кніга была цікавая і тым, хто добра ведае біяграфію Багдановіча, хто ўлюбёны ў яго паэзію, і тым, каго яна можа падштурхнуць да знаёмства з творчай спадчынай паэта. Хацелася б, каб яе пачыталі нашы рэжысёры, сцэнарысты: біяграфія Багдановіча настолькі цікавая, што магла б легчы ў аснову мастацкага фільма.
— Як доўга ішла работа над выданнем?
— Каля года. Але трэба мець на ўвазе, што яна пачыналася не з нуля, паколькі ў музеі Багдановіча, дырэктар якога, Міхал Бараноўскі, з'яўляецца складальнікам кнігі, вельмі шмат робіцца па вывучэнні спадчыны класіка. Прэзентацыя выдання, а таксама выступленні супрацоўнікаў выдавецтва адбудуцца ў музеі 9 снежня.
Арына КАРПОВІЧ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aryna-karpovich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/maksim-bagdanovich
[5] https://zviazda.by/be/tags/mastackaya-litaratura-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/kniga