Яечная шкарлупіна здаўна прымяняецца як угнаенне. У яе аснове — лёгказасваяльны карбанат кальцыю (92—95 %) і важныя для развіцця раслін мікраэлементы: калій, крэмній, магній, фосфар і іншыя. На падкормку такім угнаеннем у любым выглядзе ўдзячна адклікаюцца ўсе расліны: цыбуля, морква, вішня, парэчкі, ліставая салата, паслёнавыя культуры, кветкі.
Шкарлупіну выкарыстоўваюць як у здробненым выглядзе, так і ў выглядзе настою. Але варта ўлічыць: чым драбнейшыя кавалачкі яечнай шкарлупіны, тым лягчэй рэчывы з яе засвойваюцца раслінамі. Таму сабраны матэрыял у большасці выпадкаў рэкамендуецца ператвараць у муку.
Высушаную яечную шкарлупіну здрабняюць у мясарубцы, ступе або кавамолцы.
Каб хутчэй з'явіліся парасткі, пасеянае насенне зверху неабходна пасыпаць тоўчанай шкарлупінай. Гэта будзе садзейнічаць з'яўленню моцных і здаровых раслін.
Сухую шкарлупіну ад 4-5 яек здрабняюць да парашкападобнага стану. Затым заліваюць кіпенем і накрываюць вечкам. Пасля чаго даюць настаяцца на працягу 5-7 дзён. Пры гэтым атрыманую сумесь штодня перамешваюць. Затым вадкасць разводзяць вадой 1:3 і паліваюць ёй расаду перцаў, баклажанаў, буракоў і іншай гародніны і караняплодаў.
Стоўчаную шкарлупіну таксама можна дадаваць у ёмістасці для расады і вазоны ў якасці дрэнажу.
У гэтым выпадку шкарлупіну не здрабняюць у парашок, а толькі злёгку расціскаюць.
Парашок з яечнай шкарлупіны змяншае кіслотнасць глебы і разам з тым сілкуе расліны. Для гэтага звычайна выкарыстоўваюць 1-2 шклянкі здробненай шкарлупіны на квадратны метр. А калі грунт вельмі моцна закіслены, то ўносяць больш — да 1 кг на квадратны метр. Пры восеньскай перакопцы ўчастка шкарлупіну грубага памолу змешваюць з глебай. Гэта робіць зямлю больш рыхлай і паляпшае доступ паветра.
Перад выкарыстаннем шкарлупіну рэкамендуецца прагрэць у духоўцы. Гэта дапаможа кальцыю хутчэй «перайсці» ў глебу.
Парашком са шкарлупіны прыпудрываюць расаду раслін для засцярогі ад чорнай ножкі, а ўнясеннем гэтага сродку ў глебу засцерагаюць карані раслін ад нашэсця кратоў.
Акрамя таго, яечная шкарлупіна — надзейны сродак барацьбы з мядзведкай. Для гэтага шкарлупіну перамолваюць, дадаюць сланечнікавы алей і закопваюць паміж радамі высаджаных раслін. Пасля такога «пачастунку» насякомае-шкоднік гіне.
Можна проста здрабніць яечную шкарлупіну да парашкападобнага стану і пасыпаць вакол раслін у агародзе.
А яшчэ насыпаная пад раслінамі шкарлупіна перашкаджае нашэсцю смаўжоў, якім не падабаюцца шурпатыя паверхні.
Яечная шкарлупіна нават у вялікай колькасці не наносіць шкоды раслінам. Таму такую бюджэтную і карысную падкормку можна класці ў лункі непасрэдна перад пасадкай любых культур. Проста насыпце невялікую жменю — і вашы зялёныя гадаванцы адгукнуцца бурным ростам і выдатным ураджаем.
Ірына ТАМКОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-tamkovich
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/krynichka