У наступным годзе ў Беларусі ўступяць у сілу новаўвядзенні ў частцы індывідуальнага персаніфікаванага ўліку застрахаваных асоб, аплаты бальнічных. Адпаведная пастанова Савета Міністраў нумар 694 «Аб змяненні пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь» прынята 4 снежня, паведамілі [2] БелТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Гэтым дакументам нарматыўныя прававыя акты ўрада прыводзяцца ў адпаведнасць з законам «Аб узносах у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь».
Пастановай таксама замацоўваюцца некаторыя палажэнні.
Так, у рамках добраахвотнага страхавання дадатковай накапляльнай пенсіі ўносяцца змяненні ў правілы індывідуальнага (персаніфікаванага) уліку застрахаваных асоб у сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання.
«У прыватнасці, за новапрынятых работнікаў, якія пажадалі ўдзельнічаць у добраахвотным страхаванні дадатковай накапляльнай пенсіі, для работадаўцаў устаноўлены тэрмін падачы дакументаў персаніфікаванага ўліку па форме ПУ-2 (прыём на работу) на працягу 5 дзён. Пры гэтым тэрмін падачы дакументаў на звальненне застаўся ранейшым», — удакладнілі ў Мінпрацы і сацабароны.
Таксама распрацавана форма пенсійнага пасведчання, якая прадугледжвае яго выдачу атрымальнікам датэрміновай прафесійнай пенсіі.
І ўносяцца змяненні ў «Палажэнне аб парадку забеспячэння дапамогамі па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах».
А менавіта: права на дапамогу па часовай непрацаздольнасці, у тым ліку па цяжарнасці і родах, прадастаўляецца ўсім грамадзянам, якія працуюць па працоўных дагаворах, незалежна ад факта пералічэння абавязковых страхавых узносаў на сацыяльнае страхаванне да надыходу выпадку часовай непрацаздольнасці (цяжарнасці і родах). Гэта значыць бальнічны павінен быць аплачаны ў любым выпадку.
Устаноўлены мінімальны памер дапамогі па часовай непрацаздольнасці, у тым ліку па цяжарнасці і родах (50 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва за два апошнія кварталы), які выплачваецца пры выяўленні факта наўмыснага завышэння работадаўцам сумы дапамогі. Раней у такіх выпадках дапамога за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання не выплачвалася зусім.
Пастанова ўступае ў сілу з 21 студзеня 2022 года, за выключэннем норм, што рэгулююць указ Прэзідэнта «Аб добраахвотным страхаванні дадатковай накапляльнай пенсіі», якія ўступаюць з 1 кастрычніка 2022 года.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://www.belta.by/society/view/novshestva-v-oplate-bolnichnyh-i-njuansy-pensionnogo-strahovanija-chto-izmenitsja-v-2022-godu-473677-2021/
[3] https://zviazda.by/be/tags/ministerstve-pracy-i-sacyyalnay-abarony
[4] https://zviazda.by/be/tags/novauvyadzenni