Напэўна, кожны з нас хоць некалі запісваў моманты свайго жыцця на камеру, пры гэтым уяўляючы сябе вялікім рэжысёрам і пастаноўшчыкам у адной асобе. Аднак толькі ў адзінак ёсць талент і схільнасць да работы ў сферы кінамастацтва. Адным з такіх шчасліўчыкаў стаў дваццацісямігадовы беларускі рэжысёр і кінакрытык Мікіта Лаўрэцкі, які падзяліўся з намі працэсам стварэння сваіх фільмаў і даў парады пачаткоўцам у гэтай справе.
— З чаго пачалося ваша захапленне кінамастацтвам?
— Як банальна бы ні гучала, але мая любоў да яго пачалася з ранняга дзяцінства. У бацькоў была відэакамера, і яны давалі з ёй «пагуляць» у рэжысёра на розных святах. Ну а я часу дарма не губляў і сапраўды здымаў сямейныя відэа, якія ў будучыні спатрэбіліся мне ў стварэнні фільма-аўтабіяграфіі «Мікіта Лаўрэцкі», але пра гэта пазней. Калі казаць пра маё першае больш асэнсаванае жаданне здымаць фільмы і развівацца ў гэтай сферы, а не проста інтуітыўна захоўваць моманты з жыцця, то гэта адбылося гадоў у дванаццаць. Тады разам з братам я зняў на тэлефон свой першы фільм у трох частках. У ім былі мантаж і цітры, кожная частка доўжылася па дзесяць хвілін. А ў чатырнаццаць гадоў, зноў жа з братам, зняў вострасюжэтны фільм. Мне здаецца, ужо тады ў маёй творчасці пачалі прасочвацца стыль і індывідуальнасць.
— Вы пачыналі сваё станаўленне, абапіраючыся на энтузіязм і прыродныя даныя, і нават не адразу пайшлі атрымліваць профільную адукацыю...
— Гэта так, я да гэтага часу ўспрымаю сваю дзейнасць рэжысёра як частку сябе, з якой нарадзіўся, а не як прафесію. Скончыўшы дзевяць класаў, паступіў у Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вынікам маёй вучобы стаў залаты медаль, затым вырашыў атрымаць вышэйшую адукацыю ў БДУ на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Як вы разумееце, гэта не вельмі звязана са сферай маіх інтарэсаў. Нягледзячы на тое, што я не лічу вышэйшую профільную адукацыю абавязковай умовай для станаўлення як прафесіянала і ведаю мноства прыкладаў вялікіх кінарэжысёраў, якія яе не маюць, прыняў для сябе рашэнне, што хачу тэарэтычна развіцца і здабыць новыя практычныя навыкі ў гэтай сферы. Таму паступіў у магістратуру Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на кафедру менеджменту, гісторыі і тэорыі экранных мастацтваў і зараз маю ганаровае званне «магістр кіназнаўства».
— Раскажыце, як праходзіць працэс стварэння вашых фільмаў?
— Адразу магу сказаць, што галоўнае ў гэтай прафесіі ды і ў любой творчай, на мой погляд, — гэта не ідэя, а тое, як мы зможам яе раскрыць. Вось, напрыклад, была ў кагосьці задумка зняць фільм пра лятаючага слана. І што далей? А нічога, на этапе ўзнікнення ідэі ўся работа і спыніцца. Іншая справа, калі дадаць да яе ўжо нейкі сюжэт, скажам, пра незвычайнага слоніка, які нарадзіўся ў цырку і ніяк не мог знайсці сваё прызванне. Гэта я пра сюжэт мультфільма кампаніі Уолта Дыснея «Дамба»: тут вымалёўваецца зусім іншая карціна. Адразу сам сабой напрошваецца сцэнарый, у галаве з'яўляюцца кадры з будучага фільма, і натхненне не пакідае...
— А пасля гэтага этапу які наступны?
— Калі ў галаве склалася больш-менш ясная карціна таго, што я хачу стварыць, надыходзіць момант напісання сцэнарыя. Часцей за ўсё раблю гэта сам, але ў некаторых фільмах у мяне ёсць суаўтары. Напрыклад, у аднаго з самых нашумелых — трылера «Беларускі псіхапат», які перамог у намінацыі «Найлепшы ігравы фільм» на ХХІІ Міжнародным кінафестывалі «Лістапад», — суаўтарам з'яўляецца Вольга Кавалёва. Я не той чалавек, які будзе прысвойваць сабе плён чужой працы, таму ўсіх суаўтараў заўсёды згадваю ў субцітрах. Калі працягваць пералік прыступак стварэння фільма, то пасля напісання сцэнарыя праводжу кастынг, на якім падбіраю акцёраў, дарэчы, заўсёды гэтым займаюся асабіста, без усялякіх агентаў і менеджараў, як робяць многія рэжысёры. А далей ужо адбываецца непасрэдна працэс здымак і мантажу. Калі казаць пра тое, колькі часу на ўсё гэта сыходзіць, то вылучыць нават сярэдняе арыфметычнае вельмі складана. Бо таймінг стварэння фільма залежыць ад мноства фактараў: гэта фармат, хуткасць падбору акцёраў, складанасць мантажу і іншыя.
— Ці часта сябры просяць зняцца ў вашых стужках?
— Шчыра кажучы, сам стараюся запрашаць пераважна знаёмых людзей, бо яны ўжо ведаюць мяне ў рабоце і тое, як бачу той ці іншы эпізод. А я ў сваю чаргу разумею яшчэ да кастынгу, хто ў якую ролю з прычыны свайго характару і знешнасці найбольш удала ўпішацца і камфортна яе пражыве. Бываюць, вядома, і выключэнні, калі прыходзіцца працаваць з зусім незнаёмымі людзьмі. Хоць і іх я часцей за ўсё знаходжу праз сваіх знаёмых, удакладняючы, ці няма ў іх асяроддзі людзей з прыдатным тыпажом. Калі не ведаю, каго абраць на тую ці іншую ролю ці ў мяне ёсць некалькі варыянтаў, праводжу кастынг. Звычайна ў анлайн-фармаце па фота ў сацыяльных сетках. Гэтага этапу, як правіла, мне дастаткова.
— Мы пагаварылі пра этапы стварэння фільма, а што наконт якасцяў самога рэжысёра: якім павінен быць чалавек гэтай прафесіі?
— Калі жадаеце здымаць уласныя стужкі, то давядзецца спалучаць дзве супрацьлеглыя якасці. Першая — камунікабельнасць. У любым выпадку рэжысёру даводзіцца кантактаваць з артыстамі, суаўтарамі і іншымі на працягу здымачнага працэсу. Кожны чалавек унікальны, і да кожнага трэба знайсці свой падыход. Другая якасць — уменне абстрагавацца і быць інтравертам. Калі працэс здымак падыходзіць да канца, я пераходжу да мантажу. Часам гэта займае досыць шмат часу, які трэба правесці максімальна засяроджаным у поўнай адзіноце, не адцягваючы ўвагу. Калі мы гаворым не пра ўнутраныя якасці, а пра нейкія прафесійныя навыкі, то ўменне здымаць, манціраваць і іншыя тэхнічныя моманты прыходзяць з вопытам і практыкай. Галоўнае — не спыняцца на паўдарозе.
— Якія з вашых карцін вы лічыце самымі галоўнымі ў сваёй фільмаграфіі?
— Тут нават думаць не трэба, назва аднаго майго фільма кажа сама за сябе. Я маю на ўвазе фільм «Мікіта Лаўрэцкі», названы, уласна кажучы, у гонар мяне самога. Пра яго я ўжо трохі згадваў у самым пачатку нашай размовы. Звышзадачай кожнай маёй стужкі з'яўляецца аповед гісторыі гледачу. У гэтым фільме я распавёў гісторыю свайго жыцця на працягу шаснаццаці гадоў такім, якім яно было на самай справе: з усімі цяжкасцямі, радасцямі і праблемамі. Прагучыць, канешне, не вельмі сціпла, але для мяне «Мікіта Лаўрэцкі» з'яўляецца галоўным і ўнікальным фільмам не толькі ва ўласным спісе тварэнняў, але і ў гісторыі ўсяго кіно. Першая ўнікальнасць — гэта яго назва. Асабіста я не ведаю ні адной карціны, акрамя сваёй, названай у гонар самога рэжысёра і сцэнарыста ў адной асобе. Другое — гэта тое, што дадзены фільм практычна не запатрабаваў ад мяне ніякай рэжысёрскай работы. Большасць эпізодаў былі, як ужо казаў, знятыя мной у дзіцячым і падлеткавым узросце, і заставалася толькі правільна іх зманціраваць. Акрамя названага фільма, магу адзначыць яшчэ такія творы, як «Беларускі псіхапат», «Сашына пекла» і кароткаметражку «Некалькі сцэн з маёй дзяўчынай Волечкай Кавалёвай».
— Чым захапляецеся ў вольны ад здымак час?
— Я звычайны чалавек, у мяне ёсць любімая дзяўчына і сябры, мне падабаецца праводзіць час з імі. Акрамя таго, вядома ж, люблю глядзець фільмы і чытаць кнігі. Калі казаць пра іншыя заняткі ў прафесійнай дзейнасці, то, акрамя здымак, працую кінакрытыкам, пішу артыкулы ў розныя выданні. А яшчэ з'яўляюся суаўтарам комікса «Уключаючы яе імя і твар». Ну і, паколькі я творчы чалавек, заўсёды гляджу на свет скрозь аб'ектыў відэакамеры ў пошуках цікавых сюжэтаў. Бо, як я ўжо казаў, здымка фільмаў для мяне не прафесія, а маё ўнутранае «я».
Ангеліна НОВІКАВА
Фота з архіва героя публікацыі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/angelina-novikava
[2] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/kino
[4] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena
[5] https://zviazda.by/be/tags/mikita-laurecki
[6] https://zviazda.by/be/tags/rezhysyor
[7] https://zviazda.by/be/tags/kinakrytyk
[8] https://zviazda.by/be/tags/filmy