Плошчу Музея падарункаў Прэзідэнту Беларусі плануецца пашырыць і выкарыстоўваць для размяшчэння шматлікіх экспанатаў не толькі залу на трэцім паверсе Палаца Незалежнасці, але і іншыя памяшканні. Аб гэтым сёння расказала прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант у час экскурсіі ў Палацы Незалежнасці, перадае [1] БелТА.
У Музеі падарункаў захоўваюцца сотні розных прадметаў, сувеніраў, твораў мастацтва, перададзеных Аляксандру Лукашэнку ад замежных лідараў, палітычных дзеячаў, дэлегацый, дыпламатаў, сусветна вядомых персон, а таксама суайчыннікаў, працоўных калектываў краіны. Тут і прыгожыя кітайскія вазы, наборы разных шахмат, цэлы арсенал халоднай зброі, ёсць нават пісталеты і аўтамат. А яшчэ — карціны, пальчатка ад касмічнага скафандра, разнастайныя статуэткі, нацыянальнае адзенне замежных краін. Асобны куток прысвечаны спартыўным падарункам — хакейныя джэрсі з асабістымі аўтографамі вядомых ігракоў, медалі, сувеніры, хакейная клюшка і шмат іншага.
Удзельнікі экскурсіі пацікавіліся ў прэс-сакратара кіраўніка дзяржавы, які з экспанатаў яна лічыць самым каштоўным. Не ў плане матэрыяльнай каштоўнасці, зразумела, а ў плане яго значнасці. Наталля Эйсмант не змагла даць адказ, растлумачыўшы, што такі выбар зрабіць вельмі цяжка — вялікая колькасць памятных прадметаў сабрана ў музеі.
Але затое сярод экспанатаў для яе асабіста ёсць той, які адразу пакарыў і запаў у душу. Гэта букет васількоў — цудоўная мастацкая кампазіцыя, сапраўдны твор мастацтва, выкананы настолькі тонка і прыгожа, што кветкі практычна не адрозніваюцца ад жывых. Вобраз васількоў сімвалічны для Беларусі і ўзыходзіць да кветкавых арнаментальных матываў слуцкіх паясоў і паэтычных радкоў Максіма Багдановіча, які назваў васілёк «кветкай Радзімы».
Аўтар работы — ураджэнец Кобрына мастак Мікалай Кузьміч. Сувенір «Васількі» быў перададзены Прэзідэнту ад жыхароў Брэста ў верасні 2019 года з нагоды святкавання тысячагоддзя горада ў знак удзячнасці за павагу да гісторыі горада, асабісты ўклад у яго развіццё і новае аблічча. У той памятны дзень кіраўнік дзяржавы ў даўгу перад жыхарамі Брэста не застаўся і падарыў унікальны экзэмпляр Брэсцкай або так званай Радзівілаўскай Бібліі. Яна з’яўляецца найбольш каштоўным выданнем, надрукаваным у 1563 годзе ў Брэсце ў першай друкарні на тэрыторыі сучаснай Беларусі па ініцыятыве і на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага, старасты брэсцкага.
Наталля Эйсмант таксама расказала, што ў запасніках музея захоўваецца яшчэ шмат падарункаў кіраўніку дзяржавы ад арганізацый, прадпрыемстваў краіны. І бываюць выпадкі, калі прыязджаючы на экскурсію ў Палац Незалежнасці і наведваючы музей, прадстаўнікі якога-небудзь рэгіёна пытаюцца, дзе ж іх падарунак, уручаны раней Прэзідэнту. «На жаль, на размяшчэнне ўсіх экспанатаў у зале не хапае месца», — тлумачыць Наталля Эйсмант. Паводле яе слоў, цяпер вывучаецца магчымасць пашырыць экспазіцыю за кошт іншых памяшканняў палаца.
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/president/view/ejsmant-raskazala-jaki-padarunak-prezidentu-belarusi-bolsh-za-use-zapau-ej-u-dushu-107877-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/eysmant
[3] https://zviazda.by/be/tags/palac-nezalezhnasci
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyakasndr-lukashenka