«Час вельмі складаны. І справа не толькі ў санкцыях, ціску, гібрыднай вайне, якая развязана супраць нас. Сутнасць гэтай вайны ў тым, што супраць нас ваююць у сродках масавай інфармацыі, у палітыцы, у дыпламатыі, у эканоміцы — ва ўсім. Проста падышлі да гарачай вайны», — заўважыў днямі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы кадравыя рашэнні па назначэнні кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады.
Пакуль гарачага процістаяння ўдаецца пазбегнуць, але прычыну для гэтага праціўнікі Беларусі могуць знайсці любую, упэўнены Прэзідэнт: «Няма толькі гарачай вайны. Але, можа, яны яшчэ чагосьці прыдумаюць, скарыстаўшыся, як цяпер, бежанцамі, самалётамі... Прычыну можна знайсці. І не важна, што гэтага не было. Як з самалётам. Усе прыехалі, камісія, паглядзелі. Ужо «год» мінуў пасля гэтай камісіі, а пакуль нічога не гатовы заявіць (размова аб справаздачы ІКАО па інцыдэнце з самалётам Ryanaіr пасля наведвання Беларусі прадстаўнікамі гэтай міжнароднай арганізацыі ў жніўні бягучага года. — Заўв. БелТА). Чакаюць нейкіх штуршкоў, момантаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
І наколькі беларускі лідар меў рацыю, паказалі апошнія падзеі. Нашы, як бы гэта мякчэй сказаць, апаненты зляпілі чарговы фэйк. Былы авіядыспетчар мінскага аэрапорта, які нібыта працаваў падчас інцыдэнту з самалётам Ryanaіr, а пасля збег у Польшчу, выклаў мясцовым уладам сваю версію таго, што адбывалася ў дыспетчарскай вышцы, паведаміла газета New York Tіmes са спасылкай на крыніцы ў сілах бяспекі ЕС.
Дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Арцём Сікорскі назваў гэты матэрыял інфармацыйным укідам, паведаміла БелТА. «Інфармацыя, якая з'явілася ў New York Tіmes, у першую чаргу разлічана на звычайнага абывацеля, на грамадскасць, на тых, хто не ведае спецыфікі грамадзянскай авіяцыі. Для нас як для прафесіяналаў гэтая інфармацыя незмястоўная і нават недарэчная. Растлумачу, чаму. Па-першае, у той дзень, 23 мая, рашэнне аб пасадцы ў Мінску прымалася камандзірам паветранага судна. Дыспетчар па ўсіх міжнародных правілах і стандартах не можа аказваць ціск на прыняцце рашэння, асабліва ва ўмовах пагрозы авіяцыйнай бяспецы, ён толькі перадае звесткі і дапамагае камандзіру паветранага судна ў бяспечнай навігацыі. «Па-другое, мы бачым, што гэты інфармацыйны ўкід ідзе ў той момант, калі мы просім ад нашых польскіх партнёраў і ад камісіі ІCAO даныя аб'ектыўнага кантролю, у прыватнасці перагаворы вільнюскага дыспетчара з пілотам і ўнутрыкабінныя перагаворы членаў экіпажа», — сказаў Арцём Сікорскі.
Паводле яго слоў, гэта неабходна, каб разумець, у чым канкрэтна беларускі бок абвінавачваюць. «Прадэманструйце, што мы аказвалі нейкі ціск, пагражалі прымяненнем баявой авіяцыі і г. д. Але гэтага няма. Мы яшчэ 24 мая поўнасцю апублікавалі ўсе перагаворы паміж пілотам і дыспетчарам, пачынаючы ад уваходу ў паветраную прастору Беларусі і заканчваючы пасадкай і зарульваннем на стаянку паветранага судна ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Мы для ўсіх праводзілі неабходныя брыфінгі, прэс-канферэнцыі. Нашы заходнія партнёры такой адкрытасці не праяўлялі», — адзначыў дырэктар дэпартамента.
Арцём Сікорскі пацвердзіў інфармацыю аб тым, што такі дыспетчар сапраўды працаваў у «Белаэранавігацыі». Раней ён з'ехаў з Беларусі, ніхто яму ў гэтым не перашкаджаў. «Чалавек, знаходзячыся на тэрыторыі замежнай дзяржавы, пры аказанні пэўнага ціску на яго можа пагадзіцца на тыя ці іншыя віды супрацоўніцтва, пайсці на нейкія здзелкі, у тым ліку і са сваім сумленнем. Даваць яму нейкую ацэнку я не маю права. Ён не сказаў нешта канкрэтнае. Мы бачым інтэрпрэтацыю польскімі спецслужбамі яго слоў, але не яго словы», — падкрэсліў кіраўнік ведамства.
Арцём Сікорскі расказаў, чаму зараз з'яўляюцца такія інфармацыйныя фэйкі. «Па-першае, неабходна апраўданне для аўтараў і выканаўцаў незаконных санкцый і авіяцыйнай блакады. Па-другое, трэба адвесці расследаванне куды-небудзь у бок або яго як мага даўжэй зацягнуць. Іншых прычын у іх няма, — падкрэсліў ён. — Бо для прафесіянала зразумела, што за пультам знаходзіцца не адзін дыспетчар. Ёсць дыспетчары, якія ажыццяўляюць працэдурны, радыёлакацыйны кантроль, таксама старшы дыспетчар, кіраўнік палёту. У прыватнасці, на кіраўніка палёту кладзецца вялікая адказнасць за прыняцце рашэнняў».
Кіраўнік дэпартамента акцэнтаваў увагу, што ўся неабходная інфармацыя камісіі ІCAO была прадстаўлена. «Калі прыязджала камісія ІCAO, усе нашы дыспетчары, якія ў гэты дзень былі ў змене, падрабязна расказалі, як усё адбывалася. Усё запратакаліравана. У нас ёсць усе доказы правільнасці нашых дзеянняў. У той сітуацыі ў частцы грамадзянскай авіяцыі мы дзейнічалі бездакорна, у адпаведнасці з усімі міжнароднымі стандартамі», — канстатаваў ён.
«Нам да гэтага часу незразумела, чым кіраваўся камандзір паветранага судна, калі за дзве хвіліны да пераходу граніцы паміж Беларуссю і Літвой прыняў рашэнне развярнуцца і ляцець у Мінск. Пры гэтым самалёт нават не зніжаўся на працягу ўсяго шляху накіравання ў Беларусь, хоць у стандартнай сітуацыі ён заўсёды пачынаў зніжэнне ў раёне Баранавіч для таго, каб паспець увайсці ў адпаведную пасадачную канфігурацыю.Таму ў нас таксама ёсць вельмі шмат пытанняў па гэтай сітуацыі. Трэба, каб пілот выступіў, распавёў, як ён прымаў рашэнне ў гэты момант, як дзейнічаў, з чаго зыходзіў», — адзначыў Арцём Сікорскі.
Таксама ён распавёў, на якім зараз этапе знаходзіцца расследаванне інцыдэнту з самалётам Ryanaіr. На працягу 224-й сесіі, якая скончылася ў лістападзе бягучага года, павінна была быць разгледжана канчатковая справаздача аб гэтым інцыдэнце. Аднак камісія ІCAO не змагла падрыхтаваць гэты дакумент, і яго разгляд перанеслі на 225-ю сесію, якая пачнецца ў сярэдзіне студзеня наступнага года і працягнецца да сакавіка. Калі і ці будуць наогул разглядаць канчатковую справаздачу, да гэтага часу ІCAO нічога не паведаміла. Мы толькі атрымалі абнадзейлівую інфармацыю, што абяцаюць падчас 225-й сесіі разгледзець нашу скаргу адносна дзеянняў заходніх краін наконт незаконнай авіяцыйнай блакады і санкцый адносна нашых перавозчыкаў. Мы неаднаразова падкрэслівалі, што нашы еўрапейскія партнёры парушаюць адпаведныя артыкулы Чыкагскай канвенцыі і па нацыянальнай прыкмеце блакіруюць палёты нашых паветраных суднаў, што з'яўляецца прамым парушэннем гэтай канвенцыі», — растлумачыў ён.
Дырэктар дэпартамента адзначыў, што цяпер вялікую актыўнасць ІCAO не праяўляе. «Апошні запыт ад іх быў недзе ў кастрычніку. З таго часу ніякай дадатковай інфармацыі яны не запыталі», — паведаміў Арцём Сікорскі.
Даклад ІKAO адкладаецца, бо няма доказаў віны Беларусі. Пра гэта ў эфіры «Альфа Радыё» заявіў старшыня праўлення беларускага таварыства «Веды» Вадзім Гігін. «Тут можна адказаць адным словам «нібыта». Нашы апаненты, калі пішуць сваю недакладную інфармацыю і запускаюць фэйкі, часта ім апелююць. Я перакананы, што польскія спецслужбы вельмі доўга працавалі, каб займець такога дыспетчара. Каб гэты «нібыта» сведка нешта паказаў. Але самае галоўнае пытанне: дзе вынікі расследавання ІKAO? Расследаванне міжнароднай арганізацыі ўвесь час адкладаецца», — адзначыў аналітык.
Паводле яго слоў, прычына пераносаў усім зразумелая: «Ніякіх доказаў віны беларускага боку няма. Другі момант — ніякіх прэтэнзій ад пасажыраў гэтага рэйса не было. Наконт тэрарыстычнай пагрозы, ніхто з іх нават не заўважыў, што адбывалася. Авіякампанія таксама не выказала дакладных прэтэнзій беларускаму боку. Якія могуць быць пытанні? Дыспетчар гэта, пасажыр, які праходзіць міма, або прыбіральшчыца, значэння не мае», — падкрэсліў Вадзім Гігін. Аналітык лічыць, што Польшча ўмешваецца ў сітуацыю, таму што яна ўзяла на сябе ролю галоўнага саперніка Беларусі.
Калі няма канкрэтыкі, то з'яўляюцца фэйкі. У сітуацыі з самалётам чарговая бязглуздзіца прыляцела з-за акіяна з падачы на ўсё гатовых польскіх сатэлітаў. Камбінацыя вядомая і разыграна па вядомых мэтах. Тут, як той казаў, нават да варажбіткі хадзіць не трэба.
Пётр ДУНЬКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/pyotr-dunko
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/sankcyi
[4] https://zviazda.by/be/tags/zsha
[5] https://zviazda.by/be/tags/arcyom-sikorski