Шпіталізацыя з ковід-пнеўманіямі ў Беларусі сёння складае 30 % ад піка хвалі, да канца гэтага года плануецца вакцынаваць палову насельніцтва, а штам «Амікрон» у краіне пакуль не выяўлены. Пра гэта расказаў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, які ўзяў удзел у пасяджэнні сумеснай калегіі міністэрстваў аховы здароўя Расіі і Беларусі ў Маскве.
Дзмітрый Піневіч таксама расказаў, што ў рамках Саюзнай дзяржавы абмяркоўваецца пытанне стварэння агульнай базы вакцынаваных грамадзян Беларусі і Расіі, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Пытанне абмяркоўваецца на базе Саюзнай дзяржавы і на базе ЕАЭС. Гаворачы аб магчымасці стварэння агульнай базы вакцынаваных беларусаў і расіян, міністр адзначыў, што першы крок у такім напрамку ўжо зроблены — гэта ўкараненне ўзаемнага прызнання тэсціравання ў дадатку «Падарожнічаю без COVІD-19». Другі этап — прызнанне сертыфікатаў і трэці — агульная база абмену даных.
Вытворчасць вакцыны «Спадарожнік V» плануецца цалкам лакалізаваць у Беларусі ў наступным годзе. Цяпер ідуць перагаворы з вытворцамі іншых расійскіх вакцын аб арганізацыі іх вытворчасці на беларускіх прадпрыемствах.
Што датычыцца выяўлення новых штамаў, то сістэма аховы здароўя павінна быць гатовая да любога развіцця падзей, падкрэсліў Дзмітрый Піневіч,
— Так, мы рыхтуемся, безумоўна, але мы не чакаем якіх-небудзь значных змяненняў у эпідэмічнай абстаноўцы, — дадаў ён. — На сёння амікрон-штам каранавіруса ў Беларусі пакуль не выяўлены. Мы яго шукаем усімі ўзмоцненымі спосабамі. Мы бачым з адкрытых крыніц, што гэты штам выклікае захворванне не цяжэйшае, чым штам «Дэльта». Ён распаўсюджваецца хутчэй, кажучы простай мовай, але пры гэтым цяжар захворвання не вышэйшы, чым ад дэльта-віруса. Пра гэта кажуць даследаванні.
Міністр адзначыў, што агульны імунітэт дасягаецца як за кошт вакцынацыі, так і за кошт імунітэту тых, хто перахварэў:
— Тое, што хваля пайшла ўніз, сведчыць, што агульны імунітэт на дадзены момант спрацаваў. Ахоп вакцынацыі першым кампанентам ужо перавышае 40 працэнтаў. Я думаю, што да канца гэтага года будзе 50 %. Узровень захваральнасці, шпіталізацыі з пнеўманіямі ў нас цяпер складае менш за 30 % ад хвалі, якая была. Таму масава ўстановы перапрафілююцца назад — на аказанне той медыцынскай дапамогі, для якой гэтыя ўстановы былі прызначаны.
Пры гэтым Дзмітрый Піневіч асабліва падкрэсліў той факт, што ў Беларусі падчас пандэміі аказанне планавай медыцынскай дапамогі не спынялася. І распавёў, што нароўні з імунізацыяй супраць CОVІD-19 сістэму аховы здароўя хвалюе кампанія па вакцынацыі супраць грыпу. Паводле яго слоў, бягучы ўзровень ахопу прышчэпкамі супраць грыпу набліжаецца да 30 %. Ён дадаў, што цяпер у Беларусі фіксуюцца выпадкі захворвання на грып тыпу А.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-pinevich-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[6] https://zviazda.by/be/tags/amikron-shtam