Днямі прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і старшыня КНР Сі Цзіньпін у размове выказаліся, што блок AUKUS (ЗША — Вялікабрытанія — Аўстралія) падрывае ядзерную раўнавагу і ўзнімае напружанасць у рэгіёне. Аб гэтым распавёў памочнік прэзідэнта РФ Юрый Ушакоў, паведаміла РІА «Навіны». «Выказвалася заклапочанасць з нагоды актыўнасці амерыканцаў па рэканфігурацыі сітуацыі, якая склалася ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне», — сказаў ён журналістам. Чаму аб'ядналіся ЗША, Вялікабрытанія і Аўстралія, да чаго гэта можа прывесці?
Лідары ЗША, Вялікабрытаніі і Аўстраліі абвясцілі аб стварэнні альянса AUKUS (названага па першых літарах у назвах гэтых краін на англійскай мове) у сярэдзіне верасня. Было абвешчана, што ў межах гэтага аб'яднання дзяржавы мяркуюць паглыбіць ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, якое адказвае «інтарэсам спрыяння міру і стабільнасці ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне».
Стварэнне трохбаковага партнёрства было поўнай нечаканасцю, гэта справакавала шырокамаштабны дыпламатычны скандал на міжнародным узроўні — Францыя адклікала сваіх паслоў з ЗША і Аўстраліі. Гэтае рашэнне было прынята на фоне заявы аўстралійскага прэм'ера Скота Морысана, які пасля заключэння новага пакта паведаміў аб тым, што Канбера адмаўляецца ад найбуйнейшага ў яе гісторыі абароннага кантракта з французскай Naval Group на пастаўку 12 падводных лодак класа Attack на суму звыш 50 млрд еўра, нагадала rt.com.
Аўстралія абгрунтавала гэты крок тым, што ў рамках новаўтворанага AUKUS яна павінна атрымаць ад ЗША тэхналогіі будаўніцтва атамных субмарын. Пры гэтым Скот Морысан сцвярджаў, што яго краіна не плануе станавіцца ядзернай дзяржавай. «Жадаю растлумачыць: Аўстралія не імкнецца да валодання ядзернай зброяй або стварэння грамадзянскага ядзернага патэнцыялу. Мы працягнем выконваць усе нашыя абавязацельствы ў сферы нераспаўсюджвання ядзернай зброі», — сцвярджаў аўстралійскі прэм'ер пасля стварэння AUKUS.
Таксама Морысан падкрэсліў, што новыя падлодкі не выклічуць гонку ўзбраенняў і не будуць абсталяваныя ядзернай зброяй. «На працягу многіх гадоў адбываецца ўзмацненне мілітарызацыі Інда-Ціхаакіянскага рэгіёна. Ужо некаторы час мы назіраем актывізацыю дадзенага працэсу. І яна пачалася да прыняцця нашага рашэння», — канстатаваў Морысан. Пры гэтым, па словах прэм'ера, падлодкі неабходны Аўстраліі для таго, каб праецыраваць сваю прысутнасць у стратэгічна важных водах, такіх як Паўднёва-Кітайскае мора. «Аўстралія адарваная ад астатняга свету. Нам неабходныя падлодкі з вялікай далёкасцю плавання, здольныя забяспечыць доступ у стратэгічна важныя воды», — растлумачыў Морысан.
Дэнансацыя маштабнага пагаднення выклікала вельмі негатыўную рэакцыю ў Парыжы. Акрамя адклікання паслоў, цэлы шэраг французскіх палітыкаў заклікалі перагледзець адносіны з ЗША, а некаторыя нават заявілі пра неабходнасць выхаду з НАТА. Кіраўнік МЗС Пятай рэспублікі Жан-Іў Ле Дрыян паказаў на аднабаковасць і непрадказальнасць дзеянняў членаў партнёрства, што недапушчальна ў дачыненні да іншых заходніх саюзнікаў. «Пытанне не толькі ў разрыве кантракта па ўзбраеннях — сапраўды, гэта негатыўны момант для Францыі, — але і ў падрыве даверу паміж саюзнікамі», — сказаў Ле Дрыян падчас прэс-канферэнцыі на палях сесіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку.
Абвяшчэнне аб стварэнні AUKUS стала нечаканасцю для Еўрасаюза. Афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнай службы ЕС Петэр Стана прызнаў, што Брусель нічога не ведаў адносна планаў ЗША, Вялікабрытаніі і Аўстраліі. «Насамрэч ЕС не быў праінфармаваны аб гэтым праекце або ініцыятыве. Мы будзем абмяркоўваць і ацэньваць гэтае пытанне ўнутры Еўрасаюза з краінамі-членамі», — заявіў Стана. У той жа час афіцыйны прадстаўнік Еўракамісіі Дана Спінант адзначыла, што ЕК устрымаецца ад каментарыяў па стварэнні AUKUS, і дадала, што стварэнне гэтага партнёрства не акажа негатыўнага ўплыву на адносіны ЕС з яго членамі.
Эксперты адзначаюць, што стварэнне AUKUS сапраўды можа прывесці да дэстабілізацыі стратэгічнай абстаноўкі ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне з-за перадачы амерыканскіх тэхналогій будаўніцтва атамных падводных лодак (АПЛ) Аўстраліі. Так, прадстаўнікі палітычных колаў у некалькіх ключавых краінах рэгіёна ўжо заявілі, што яны таксама павінны валодаць уласнымі АПЛ. У Японіі з падобным тэзісам выступіў член кіруючай Ліберальна-дэмакратычнай партыі, экс-міністр абароны краіны Тара Кона. «З пункту гледжання тэхнічных здольнасцяў уладанне атамнымі падводнымі лодкамі вельмі важна», — адзначыў палітык. Яго пазіцыю падтрымала колішні міністр юстыцыі Японіі Санаэ Такаіці. Яна падкрэсліла, што валоданне атамнымі падводнымі лодкамі стане важнай дапамогай для нацыянальнай абароны ў кантэксце росту міжнароднай напружанасці.
Тэму ядзернай бяспекі ўзнялі і ў Індыі. Так, газета Hіndustan Tіmes неўзабаве пасля фарміравання новага партнёрства выпусціла матэрыял пад загалоўкам «Ці можна сказаць, што альянс AUKUS — гэта сігнал для Індыі абзавесціся шматмэтавымі атамнымі падводнымі лодкамі?». У артыкуле выказвалася меркаванне аб тым, што надышоў час «перагледзець свой патэнцыял стрымлівання. Пікантнасць сітуацыі ў тым, што Індыя і Японія разам з ЗША і Аўстраліяй з'яўляюцца ўдзельнікамі іншага рэгіянальнага аб'яднання — так званага чатырохбаковага дыялогу па бяспецы (Quadrіlateral Securіty Dіalogue, QUAD), або «чацвёркі».
Пасля стварэння AUKUS былы начальнік штаба ВМС Індыі адмірал Аруна Пракаш заявіў, што індыйскі бок доўгі час дамагаўся ад Вашынгтона перадачы тэхналогій будаўніцтва атамных падлодак. «Доўгія гады ЗША казалі Індыі, што амерыканскія законы робяць немагчымым перадачу тэхналогій, якія датычацца ядзерных сілавых установак, каму-небудзь, нават саюзнікам. Нават інда-амерыканская ядзерная здзелка і падпісанне чатырох асноўных пагадненняў, па ўсёй бачнасці, не мелі ніякага значэння», — сказаў Пракаш.
Японія і Тайвань ужо выказалі сваю безумоўную падтрымку саюзу AUKUS. Ваенны бюджэт Тайваня складае вялікія для маленькай краіны амаль $17 млрд, і на наступны год у яго закладзена праграма коштам у 1,4 мільярда на закупку новых знішчальнікаў. У Японіі не першы год ідуць дыскусіі аб тым, што настаў час ужо адмовіцца ад абмежавання ваенных выдаткаў у 1 % ВУП, усталяванага пасля паражэння ў Другой сусветнай вайне. Пакуль абвешчана аб распрацоўцы гіпергукавых ракет. Паўднёвая Карэя на фоне пастаянных канфліктаў з паўночным суседам рэгулярна павышае свае ваенныя выдаткі — у сярэднім на 7 працэнтаў штогод пачынаючы з 2018-га.
Тым часам газета Fіnancіal Tіmes прыводзіць меркаванні экспертаў, якія сцвярджаюць, што са з'яўленнем AUKUS Аўстралія і ЗША будуць надаваць менш значэння «чацвёрцы». Так, выданне цытуе крыніцу ва ўрадзе ЗША, які адзначае, што QUAD не разглядаецца ў якасці «арганізацыі рэгіянальнай бяспекі».
Між тым у МЗС КНР заявілі, што падобныя дзеянні правакуюць гонку ўзбраенняў у Ціхім акіяне і супярэчаць прынцыпу нераспаўсюджвання ядзернай зброі. «Кітай выказвае вострую заклапочанасць супрацоўніцтвам у сферы стварэння ядзерных субмарын паміж Аўстраліяй, Вялікабрытаніяй і ЗША. Гэта ўзмоцніць трэнні ў рэгіёне, а таксама справакуе гонку ўзбраенняў, створыць пагрозу рэгіянальнаму міру і стабільнасці і падарве міжнародныя намаганні ў сферы нераспаўсюджвання ядзернай зброі», — адзначыў афіцыйны прадстаўнік кітайскага знешнепалітычнага ведамства Чжаа Ліцзянь. Ён дадаў, што, на думку Пекіна, краіны — удзельніцы AUKUS абышлі міжнародныя правілы, заключыўшы адпаведнае пагадненне па атамных падводных лодках.
Эксперты, у сваю чаргу, называюць занепакоенасць РФ і КНР наконт альянсу AUKUS цалкам абгрунтаванай. Як заўважыў rt.com загадчык кафедры міжнародных арганізацый і сусветных палітычных працэсаў факультэта сусветнай палітыкі МДУ Андрэй Сідараў, «мэты гэтай арганізацыі непразрыстыя». З яго пункту гледжання, фармулёўкі, з якімі быў сфарміраваны AUKUS, з'яўляюцца «вельмі размытымі» з пункту гледжання міжнароднага права і пратакола адносін паміж дзяржавамі. «Гэты фармат сур'ёзна адрозніваецца ад прынятых формаў міжнародных арганізацый, у тым ліку вайскоўцаў. Адсутнічае статут, арганізацыйная структура, выразныя абавязацельствы бакоў. Гэта сведчыць аб тым, што, калі геапалітычная абстаноўка зменіцца, мэты і задачы AUKUS могуць быць аператыўна перафарматаваны», — растлумачыў эксперт. На яго думку, пры дапамозе альянсу ЗША, Аўстралія і Вялікабрытанія ствараюць новы геапалітычны контур вакол Кітая і Расіі. «Стратэгія калектыўнага Захаду на чале з ЗША накіравана на аднаўленне структуры халоднай вайны», — лічыць Сідараў.
Прафесар факультэта права расійскай Вышэйшай школы эканомікі Аляксандр Домрын са свайго боку падкрэсліў, што Аўстралія не здолела вызначыць выразную пазіцыю па адрасаваных ёй пытаннях на пасяджэнні МАГАТЭ, бо не з'яўляецца вядучым партнёрам у альянсе. «Аўстралія не з'яўляецца ініцыятарам стварэння AUKUS, адпаведна, яна не магла дастаткова пераканаўча пракаментаваць прычыны стварэння гэтай арганізацыі. Усе пытанні павінны быць накіраваныя ЗША, якім гэтая структура патрэбна перш за ўсё для супрацьстаяння КНР», — адзначыў Домрын. Ён таксама не лічыць дастаткова пераканаўчымі запэўненні аўстралійскіх улад адносна ядзернага патэнцыялу краіны. «Я б не стаў давяраць заявам аўстралійскага прэм'ера. Згодна з прадстаўленымі планамі, Канбера пабудуе атамныя падводныя лодкі толькі да 2027 года. І не вельмі зразумела, якім стане AUKUS да гэтага моманту», — заўважыў эксперт.
Як адзначаюць эксперты, Аўстралія стане сёмай краінай у свеце, якая валодае атамнымі падлодкамі. Цяпер найбуйнейшым флотам валодаюць ЗША — 68 субмарын, з якіх 14 прызначаныя (могуць несці) для міжкантынентальных балістычных ракет. У Расіі 29 атамных падлодак (з іх 11 для МБР), у Кітая — 13 (6), у Вялікабрытаніі — 11 (4), у Францыі — 8 (4). У Індыі адна, і яна здольная несці МБР. Па словах ваеннага эксперта, старшага навуковага супрацоўніка НДУ ВШЭ Васіля Кашына, «стварэнне AUKUS — адзін з этапаў расколу ў рэгіёне». Са з'яўленнем новага «абарончага» альянсу Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён насамрэч становіцца новай глабальнай «гарачай» кропкай кшталту Блізкага Усходу. Разгортванне на гэтай сусветнай платформе (задзейнічаны тры кантыненты) гонкі ўзбраенняў і наяўнасць ядзернага ўзбраення надаюць сітуацыі трывожную вастрыню.
Захар БУРАК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/zsha
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyalikabrytaniya
[6] https://zviazda.by/be/tags/australiya