«Бацькі мае — беларускія татары. Можа гэта гучыць крыху дзіўна, але сапраўды так. У Капылі здаўна жыла жменька нашчадкаў мангольскіх плямён. Сядзібы іх туліліся на дзвюх вулачках — Татарскай і Замкавай, ля плыценькай Каменкі, побач з высокім замчышчам (паводле падання, усе яны некалі складалі асабістую ахову капыльскага князя). У этнаграфічным абліччы мясцовых татар захаваліся яшчэ ўсходнія рысы, сяк-так ліпелі свае звычаі і абрады, але родную мову яны ўжо даўно страцілі і гаварылі па-беларуску. Большасць сем'яў вырабляла аўчыны і скуры, некаторыя займаліся агародніцтвам ці проста земляробствам. Увогуле капыльскія татары цесна зжыліся з мясцовым насельніцтвам і ў сваім штодзённым побыце мала чым адрозніваліся ад беларусаў».
Так пісаў у сваім аўтабіяграфічным нарысе Сцяпан Александровіч, літаратуразнаўца, крытык, пісьменнік, які нарадзіўся 100 гадоў таму ў Капылі. Менавіта ён згадваецца ў паэме «Сказ пра Лысую гару» на пару з Генадзем Кісялёвым, як прыклад дасціпнага даследчыка:
«Адкрыцця аўтара не зробіць —
Хоць зад натрэ да мазалёў —
Ні крот Сцяпан Александровіч,
Ні кротус Генус Кісялёў!»
Мала хто і з беларусаў зрабіў столькі для нашай культуры і гісторыі, як беларускі татарын Сцяпан Александровіч, мала хто заслугоўвае такой павагі і ўдзячнай памяці. Давайце ж сёння ўспомнім, якія незвычайныя факты пра яго можна згадаць.
Дарэчы, мала хто ведае: сапраўднае імя Сцяпана Александровіча — Мустафа, але з дзяцінства ўсе звалі яго Сцяпанам.
Паводле ўспамінаў Александровіча, яго бацька Хусейн Самуілавіч жыў у Капылі на Татарскай вуліцы, але пасля жаніцьбы купіў сабе хату на Какорыцкай, якраз насупраць школы.
«Ён вырабляў аўчыны, і я з маленства авалодваў нялёгкім гарбарным рамяством...»
Праўда, гэта не адзіная «пабочная» прафесія, якой авалодаў будучы літаратуразнаўца.
«Чатыры гады я адгакаў на пастуховай «службе». Даводзілася несалодка: прыходзілася прапускаць урокі, адставаць жа ад хлопцаў не хацелася, у пячонку ўядалася дажджлівая восень. Але самае цяжкае было ў тым, што ў торбе часам толькі кніга і некалькі сырых бульбін...»
Так, увесь гэты час Сцяпан, як і яго сябар Іван Шамякін, які ў дзяцінстве таксама быў пастушком, апантана чытаў, а пастухова справа да таго ж — магчымасць рэфлексій на прыродзе.
«З старэйшых працаўнікоў на ніве беларушчыны хачу найперш згадаць Сцяпана Хусейнавіча Александровіча, які разам з М. Ларчанкам рыхтаваў першыя пасляваенныя выданні Ядвігіна Ш., Максіма Багдановіча і іншых класікаў. Сцяпан Александровіч быў на фронце, прайшоў праз палон, аднак назаўсёды захаваў настальгію па часе «беларускага актывізму», хаця сам яго фактычна і не бачыў. Помню, расказваў мне, як маладым капыльскім хлопцам ён выпрасіў у бібліятэкара кніжкі расстраляных беларускіх пісьменнікаў, якія бібліятэкар павінен быў спаліць і, надзейна іх схаваўшы, запоем чытаў забароненую беларускую літаратуру» — згадваў вядомы літаратуразнаўца і фалькларыст Арсень Ліс.
Александровіч заўсёды імкнуўся парушыць маўчанне пра рэпрэсіраваных пісьменнікаў і іх лёсы, хоць пра гэта забаранялася гаварыць. Калега Александровіча Дзмітрый Бугаёў успамінае:
«Вось у кнізе «Тут зямля такая» (1974) ён падышоў да арышту Кузьмы Чорнага восенню 1938 г. Але пра той арышт і турэмнае зняволенне, якое жахлівым цяжарам абрынулася на пісьменніка, з-за цэнзурнай забароны нельга было сказаць ні ў 1964 г., калі пісаўся артыкул, ні праз дзесяцігоддзе, калі праца перадрукоўвалася ў кнізе. Даследчык мусіў у абодвух выпадках абмяжоўвацца такой фразай: «Захварэла жонка, і Кузьма Чорны позна ўвечары 13 кастрычніка 1938 года пайшоў у аптэку па лекі, а дамоў вярнуўся толькі 8 чэрвеня 1939 года». Але змірыцца з такім глуха-няўцямным дакрананнем да вялікай бяды С. Александровіч не мог. І як цэнзурныя ўмовы змяніліся, ён даў волю сваім пачуццям, растлумачыўшы, што 13 кастрычніка 1938 г. Чорны не вярнуўся з аптэкі дамоў, бо «яго арыштавалі ля пад'езда дома».
Як сцвярджаў Бугаёў, у выпадках, калі з-за ўмоў часу нельга было распавесці ўсю праўду пра кагось з пісьменнікаў, «Александровіч, здаецца, фізічна пакутаваў».
Капыльшчына — унікальная мясціна, адкуль родам дзясяткі слынных літаратараў. Адзін з іх — Цішка Гартны, ён жа Зміцер Жылуновіч, які яшчэ ў 1910—1911 гг. ініцыіраваў выпуск у Капылі рукапісных часопісаў. У свой час Жылуновіч у тым самым Капылі быў такім жа гарбаром, як і бацька Сцяпана Александровіча. Так што не дзіўна, што яны былі знаёмыя. Александровіч-старэйшы ведаў на памяць верш Цішкі Гартнага «Песня гарбара»:
«Цэлы дзень я за брудным сталом,
Цэлы дзень скуру цвёрдую скроб,
Стаючы укапаным калом,
Я задухай атрутнаю соп».
Калі Сцяпан Александровіч нарадзіўся, Цішка Гартны жыў у Мінску, узначальваў Дзяржвыдавецтва і Цэнтральны архіў БССР, працаваў намеснікам наркама асветы і старшынёй Галоўмастацтва БССР.
«Асаблівай павагай і аўтарытэтам карыстаўся ў мястэчку Цішка Гартны. Кожны яго прыезд на радзіму быў цэлай падзеяй у жыцці Капыля. Я хлапчуком некалькі разоў бегаў на Свяржэнскую вуліцу, каб паглядзець аўтара «Сокаў цаліны». Пасля, пасучы каровы, я некалькі разоў бачыў яго ў полі: Ц. Гартны любіў блукаць па капыльскіх ваколіцах, па тых сцежках, дзе прайшло яго пастухоўскае маленства».
Яшчэ Александровіч успамінаў, як у снежні 1936 года адзначалася стагоддзе яшчэ аднаго капылянца — класіка яўрэйскай літаратуры Мендэле Мойхер-Сфорыма, і ў Капыль прыехалі Кандрат Крапіва, Ізі Харык, Майсей Кульбак, армянскі паэт Наіры Зар'ян, падчас урачыстасці Крапіва чытаў байку «Дзед і баба».
Сястра Александровіча Аніфа расказвала: «Пасля ўрокаў да нас часта заходзілі аднакласнікі і сябры Сцяпана. Збіраліся і ў святочныя дні, спявалі, танцавалі, чыталі вершы».
Сябраваў Сцяпан з аднакласнікам свайго брата Аляксеем Коршакам, які аднойчы зайшоў да іх у госці. «Сарамяжы і скупы на слова хлопец узяў тады ў нас добры дзясятак кніг, і — о, дзівак! — усё гэта былі зборнікі вершаў. Праз некалькі дзён ён зноў выбіраў кнігі, а праз які месяц-два стаў у нашым доме сваім чалавекам».
Разведчык Коршак загінуў на фронце 27 лютага 1945 г. Адзін з яго апошніх лістоў быў адрасаваны Сцяпану Александровічу: «Зараз я знаходжуся на фронце ва Усходняй Прусіі. Пішу табе ліст у бліндажы пад гром артылерыйскай кананады. <...> Прыслаў бы табе сваіх вершаў, але не маю больш паперы. Іншым разам напішу больш і прышлю вершы...»
«Тут зямля такая» — казаў Сцяпан Александровіч пра багатую на таленты Капыльшчыну.
У 1939-м будучы прафесар паступіў у БДУ. А ў 1940 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. Праз год пачалася вайна...
У 1942-м, калі ішлі цяжкія баі, чырвонаармеец Сцяпан Александровіч удзельнічаў у Керчанска-Феадасійскай аперацыі. 16 мая 1942 г. каля старой крэпасці Янікале ён быў паранены, а праз тыдзень трапіў у палон і апынуўся ў лагеры ваеннапалонных у Крывым Розе.
«Увогуле жыццёвы тэмп быў незвычайны: у 18 год я быў у арміі, у 20 — на фронце, а ў 21 — у палоне».
Як піша адзін з ягоных вучняў, Язэп Янушкевіч, «мусульманская вера бацькоў уратавала яго, калі адзін з барачных фюрэраў ставіў яго да сцяны, істэрычна выдыхаючы ў твар: «Юдэ!» Жыццё яму вярнуў працытаваны па памяці ўрывак з Карану».
Разам з сябрамі-ўкраінцамі Александровіч уцёк у жніўні 1942 г. Два месяцы пакутлівых блуканняў... Ужо на роднай Беларусі, пад Слуцкам, зваліўся з ног. Злітаваўся нейкі дзядзька, падабраў хворага, прывёз у Капыль.
«...пацягнуліся пакутлівыя дні дамашняга арышту. З хаты не пускала хвароба (з лагера прынёс працэс у лёгкіх), баяўся і чужога вока. На легальнае становішча перайшоў канчаткова вясною 1943 г. З гэтага часу ў мяне ўжо наладзіліся сувязі з партызанамі, якім бацька вырабляў аўчыны і круціў сырамяць на збрую».
Калі былы вязень ачуняў, удзельнічаў у баявых аперацыях, каардынаваў дзейнасць падполля, быў сувязным 27-й брыгады імя Чапаева. У 1944 годзе сям'я не магла больш заставацца ў Капылі — немцы і паліцаі сталі нешта падазраваць. Вырашылі ісці ў партызаны.
У ліпені 1944 г. Сцяпан Александровіч — зноў у Чырвонай Арміі. Служыў у танкавым батальёне, затым у роце сувязі лыжнага батальёна, потым у горнастралковым палку ў Баку.
Пасля свае выпрабаванні ён апіша ў дакументальнай аповесці «Далёкія зарніцы».
Мару прысвяціць жыццё літаратуры Сцяпан Хусейнавіч здзейсніў пасля вайны. У БДУ ён, па ўспамінах Дзмітрыя Бугаёва, быў адным з яркіх і адметных лектараў: «Лекцыі ён чытаў без паперак, гаварыў павольна, часам ціха, як бы напаўголаса. Праўда, раптоўна надараліся прыступы кашлю, у прафесара былі хворыя лёгкія: цяжкая спадчына ваеннага часу. Думка лектара літаратуры была дакладнай, кожнае слова выверана, быццам узважана на нейкіх унутраных шалях, ён цудоўна помніў усе лічбы і факты. Глыбока, да драбніц ведаў біяграфіі Багушэвіча, Дуніна-Марцінкевіча, Купалы, Коласа, Цёткі».
На ягоным рахунку не толькі навуковыя манаграфіі і артыкулы. Бугаёў казаў пра яго мастацкія творы: «Напісана так, што ад кнігі нельга адарвацца».
Напісанае Сцяпанам Александровічам засталося... І няхай яно па-ранейшаму будзе мець свайго чытача.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/lyudmila-rubleuskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/scyapan-aleksandrovich
[4] https://zviazda.by/be/tags/litaraturaznauca
[5] https://zviazda.by/be/tags/krytyk
[6] https://zviazda.by/be/tags/pismennik
[7] https://zviazda.by/be/tags/kapyl-0