У Выдавецкім доме «Звязда» падрыхтавана да друку кніга вядомага ў Беларусі і за яе межамі экслібрысіста Алега СУДЛЯНКОВА «Гісторыя беларускіх кніжных знакаў. XVІ — XX стст.»
Дасведчаны кніжнік Алег Аляксандравіч расказвае гісторыю айчыннага кніжнага знака, паказвае яго месца ў лёсе найцікавейшых кніжных збораў, пра некаторыя з якіх, на вялікі жаль, да сённяшняга часу захаваліся толькі ўспаміны.
— Часта, адгарнуўшы вокладку кнігі, якая нам спадабалася, — расказвае загадчык кніжнай групы Выдавецкага дома «Звязда» Наталля ШЧАРБАКОВА, — мы і не звяртаем увагі на адбіты на вокладцы герб ці не заўважаем прыклеены з унутранага боку вокладкі лісток з лацінскім надпісам «Ex lіbrіs...» альбо «З кніг...» І дарэмна. За такімі надпісамі, за малюнкамі, якія характарызуюць змест таго ці іншага кнігазбору, зацікаўленні яго ўладальніка, — вялікая, красамоўная гісторыя. Алег Судлянкоў прапанаваў нам выданне, якое асвятляе гісторыю кніжнага знака ў Беларусі і памежных краінах за некалькі мінулых стагоддзяў. Чытаючы кнігу слыннага бібліяфіла, здаецца, дыхаеш кніжным паветрам, падарожнічаеш па розных бібліятэках... Такой кнігі не толькі ў нашым выдавецтве, але і ў кнігавыданні апошніх дзесяцігоддзяў, на мой погляд, не было. Зараз сітуацыя выпраўляецца. Лічу, што бібліятэкі краіны будуць лічыць за гонар мець у сваіх зборах такое выданне.
Выпуск кнігі Алега Судлянкова «Гісторыя беларускіх кніжных знакаў. XVІ — XX стст.» запланаваны на першы квартал 2022 года, да чарговай — XXІX па ліку — Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу.
Сяргей ШЫЧКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/vydavecki-dom-zvyazda-2
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekslibrysist
[6] https://zviazda.by/be/tags/aleg-sudlyankou
[7] https://zviazda.by/be/tags/bibliyafil