Па выніках рэспубліканскага конкурсу «Працоўны семестр» у намінацыі «Пераходны сцяг найлепшаму студэнцкаму атраду» зноў перамог будаўнічы атрад «Эўрыка» з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта, дарэчы, ужо пятая іх перамога ў адмысловым спаборніцтве. Будатрад, які стаў амаль легендарным, працаваў у Астраўцы на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі «Горад маладосці».
— Узнагароджанне пераможцаў конкурсу «Працоўны семестр» адбылося ў рамках фіналу рэспубліканскага марафону студэнцкіх атрадаў «Маладосць. Праца. Адзінства», прысвечанага Году народнага адзінства. Сёлета была працаўладкавана рэкордная колькасць маладых людзей — больш як 33,5 тысячы хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 31 года, — з гонарам кажа камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў Надзея ШАХОЎСКАЯ. — Дзейнічалі 2383 студэнцкія атрады розных профіляў: будаўнічыя, педагагічныя, сэрвісныя, сельскагаспадарчыя, медыцынскія, вытворчыя...
Мы рэалізавалі шэраг рэспубліканскіх маладзёжных працоўных праектаў, сярод якіх будаўнічы — «Горад маладосці» (Усебеларуская маладзёжная будоўля ў Астраўцы), сельскагаспадарчы — «Талачын» на базе Талачынскага кансервавага завода, вытворчы — «Атлант-2021». Статус абласной (гарадской) маладзёжнай будоўлі ў 2021 годзе атрымалі будаўніцтва шматфункцыянальнага медыцынскага цэнтра ў Брэсце, сярэдняй школы ў мікрараёне № 96 Гомеля, кардыятэрапеўтычнага корпуса на тэрыторыі Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы, рэканструкцыя корпуса кадэцкага вучылішча ў Полацку і рэканструкцыя вуліцы Гагарына ў Віцебску, комплексу будынкаў Гарадской клінічнай бальніцы № 3 у Гродне.
Акрамя «Эўрыкі», яшчэ два атрады з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта занялі сёлета лідзіруючыя пазіцыі. Сярод будаўнічых атрадаў першынство ў рэспубліканскім конкурсе заваяваў атрад «Рытм», а таксама атрад «Дойліды» з гэтай жа ВНУ. Апошні працаваў на Міжнароднай студэнцкай будоўлі «Кузбас-300» у расійскім Кемераве і стаў там найлепшым. Беларускія студэнты разам з расійскімі і казахскім будатрадамі ўдзельнічалі ва ўзвядзенні спартыўных і сацыяльных аб'ектаў капітальнага будаўніцтва Кузбаса. На міжнароднай будоўлі сабраліся 18 атрадаў, канкурэнцыя была вельмі сур'ёзная...
У намінацыі «Найлепшы педагагічны атрад» перамогу святкавалі студэнцкія атрады «Новае пакаленне» Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна і «Сузор'е» Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, у намінацыі «Найлепшы сельскагаспадарчы атрад» — атрады «Пушчанцы» тэрытарыяльнага штаба студэнцкіх атрадаў Камянецкай раённай арганізацыі БРСМ і «Парэчанка» Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.
Першымі ў намінацыі «Найлепшы экалагічны атрад» прызнаныя студэнцкі атрад тэрытарыяльнага штаба студэнцкіх атрадаў Чэрыкаўскага раённага камітэта БРСМ і атрад імя Віктара Пуганава тэрытарыяльнага штаба студэнцкіх атрадаў Кобрынскай раённай арганізацыі БРСМ.
Найлепшым медыцынскім атрадам стаў «Медык» Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, найлепшым сэрвісным — «Ратавальнікі» Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, вытворчым — удзельнік маладзёжнага вытворчага працоўнага праекта «Атлант-2021» атрад «БРУклін» з Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.
А закрытае акцыянернае таварыства «Атлант» стала найлепшым у намінацыі «Пераходны сцяг найлепшай арганізацыі, якая прымае».
Надзея Шахоўская з задавальненнем адзначае, што сёлета сярод пераможцаў было некалькі атрадаў, куды ўваходзілі не вопытныя старшакурснікі, а падлеткі. Безумоўна, у такім узросце немагчыма трапіць на адзін з самых адказных аб'ектаў — БелАЭС у Астраўцы, таму часцей за ўсё школьнікі задзейнічаны ў сельскагаспадарчых і экалагічных атрадах. Але менавіта там загартоўваюцца будучыя камандзіры і камісары студатрадаў. А ёсць атрады, куды, наадварот, уваходзяць ужо практычна дарослыя людзі — размова ідзе пра педатрады, у якіх летам, падчас свайго водпуску, працуюць ужо выпускнікі педагагічных спецыяльнасцяў — сённяшнія педагогі.
Карына БАЗАН — камандзір студэнцкага педагагічнага атрада «Новае пакаленне» Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта (аднаго з пераможцаў конкурсу), расказала, што сёлета была ўжо пятая яе змена ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Арляня».
— Атрад складаўся амаль цалкам з навабранцаў. З мінулага года засталося толькі трое «вопытных байцоў». Таму было вельмі важна, каб яны падтрымалі і развілі нашы студатрадаўскія традыцыі, — канстатавала Карына. — У педатрадах ёсць свая спецыфіка. Тут вельмі важная наяўнасць педагагічнага досведу, якога «моладзі» яшчэ не хапае. Трэба падказваць навічкам, як лепш паступіць у той ці іншай педагагічнай сітуацыі, як размаўляць з дзіцем, каб яно не замкнулася, як выбудоўваюць зносіны з бацькамі выхаванцаў, каб тыя табе давяралі.
— У Карыны вельмі моцны атрад, — заўважае Надзея Шахоўская. — Усе яго ўдзельнікі — яркія асобы. І гэты атрад змог перамагчы не толькі як прафесійны атрад, але і менавіта як студатрад — як калектыў аднадумцаў, дзе ўласныя інтарэсы падпарадкоўваюцца агульным. Бо ў студатрадах фарміруюцца не толькі прафесійныя кампетэнцыі, але і чалавечыя каштоўнасці. Не сакрэт, што моладзь сёння хоча зарабляць, новае пакаленне дастаткова прагматычнае, але студатрад — гэта найперш калектывісцкія каштоўнасці. Я — але ўнутры калектыву... Вельмі важная роля адводзіцца лідарам — камандзірам і камісарам атрадаў. Многае залежыць ад іх здольнасці кіраваць калектывам, вырашаць агульныя праблемы.
Камісар студэнцкага будаўнічага атрада «Эўрыка» імя Героя Савецкага Саюза Віктара Яронькі Аляксей БАЧКО (Полацкі дзяржуніверсітэт) — таксама вельмі вопытны маладзёжны лідар. Прызнаецца, што пятая перамога запар у рэспубліканскім конкурсе накладае вялікую адказнасць. А сёлета большасць удзельнікаў атрада была навічкамі.
— У наш атрад заўсёды быў высокі конкурс. У розныя гады ён дасягаў і шэсць, і нават дзесяць чалавек на месца, — кажа Аляксей. — Гэтым летам мы працавалі ў Астраўцы на БелАЭС мулярамі другога разраду. Сярэдні месячны заробак склаў тысячу рублёў. Многія мараць трапіць у «Эўрыку», бо гэта вельмі ганарова. Для таго каб стаць байцом нашага атрада, трэба, па-першае, добра вучыцца і не мець ніякіх «хвастоў» па вучобе. Па-другое, чалавек павінен быць таленавітым ва ўсім. Мы заўсёды вітаем творчых, спартыўных, мэтанакіраваных.
— У нас часта пытаюцца, чаму з году ў год перамагае адзін і той жа атрад? Паверце, што ёсць шэраг крытэрыяў, якімі мы кіруемся, ацэньваючы дзейнасць студатрадаў, — запэўнівае Надзея Шахоўская. — Хлопцы з «Эўрыкі» выконваюць вялікія аб'ёмы работ на адказным аб'екце, прычым яны працуюць не 10 дзён: два месяцы — летам, а таксама і на працягу ўсяго года. Усе валанцёрскія працоўныя акцыі ў краіне праходзяць з іх абавязковым удзелам. Вясной яны ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні памятных мясцін. Зімой — у «Зімовым маршруце». Гэта адна вялікая, моцная і надзейная каманда.
Надзея Шахоўская нагадала, што ў 2023 годзе беларускі студатрадаўскі рух будзе адзначыць сваё 60-годдзе. Першыя студэнцкія атрады выехалі на цаліну ў Казахстан у 1963 годзе. А сёння студатрадаўскі рух з'яўляецца адным з вядучых напрамкаў дзейнасці БРСМ.
Падчас рэспубліканскага марафону студэнцкіх атрадаў «Маладосць. Праца. Адзінства» была прэзентавана кніга «Наш трэці працоўны» з успамінамі ветэранаў студатрадаўскага руху. У розныя гістарычныя перыяды яны ўзначальвалі рэспубліканскія, абласныя, занальныя і лінейныя беларускія студэнцкія атрады. Іх успаміны даюць магчымасць адчуць дух часу, геаграфію, напружанасць працы і ўклад байцоў студатрадаў у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны.
«Новае выданне завяршае гістарычную трылогію кніг аб зараджэнні і развіцці студатрадаўскага руху ў краіне. З 2020 года былі выдадзены кніга «Студэнцкія будатрады Беларусі: гісторыя і сучаснасць» і аднайменны фотаальбом. Аўтарскі праект «Наш трэці працоўны» працягвае стварэнне летапісу беларускага студатрадаўскага руху», — адзначыла камандзір штаба. Кніга ілюстравана хранікальнымі фатаграфіямі з Нацыянальнага архіва, Музея гісторыі камсамола і маладзёжнага руху Беларусі, асабістымі фота з архіваў ўтараў успамінаў.
Адказваючы на пытанне аб планах на найбліжэйшую перспектыву, Надзея Шахоўская расказала, што ў студзені ў другі раз пройдзе патрыятычны працоўны праект «Зімовы маршрут», арганізатарам якога выступае Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і мясцовых органаў выканаўчай улады. Маладзёжная ініцыятыва арыентавана на прафарыентацыйную работу ў сельскіх школах, адрасную дапамогу пажылым людзям з акцэнтам на грамадзянска-патрыятычны вектар. У студзені 2021 года студэнцкія атрады «Зімовага маршруту» пераадолелі больш як 1,6 тысячы кіламетраў па Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях з правядзеннем прафарыентацыйных інтэрактываў і тэматычных заняткаў, канцэртных і сацыяльна значных праграм.
У сакавіку чарговы раз стартуе акцыя «Выбіраем студатрад». Ужо прапрацоўваюцца планы на наступнае лета. У прыватнасці, ёсць задума разгарнуць рэспубліканскі медыцынскі праект у Астраўцы, вытворчыя праекты на МАЗе і МТЗ накшталт праекта на «Атланце».
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота БРСМ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/brsm
[5] https://zviazda.by/be/tags/studatrady
[6] https://zviazda.by/be/tags/treci-pracouny-semestr
[7] https://zviazda.by/be/tags/studatradauski-ruh
[8] https://zviazda.by/be/tags/respublikanski-shtab-studenckih-atradau
[9] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-shahouskaya
[10] https://zviazda.by/be/tags/budatrad-euryka
[11] https://zviazda.by/be/tags/polacki-dzyarzhauny-universitet
[12] https://zviazda.by/be/tags/pedagagichny-atrad
[13] https://zviazda.by/be/tags/respublikanski-marafon-studenckih-atradau
[14] https://zviazda.by/be/tags/akcyya-vybiraem-studatrad
[15] https://zviazda.by/be/tags/patryyatychny-pracouny-praekt-zimovy-marshrut