Рабочая група паступова завяршае сваю дзейнасць па падрыхтоўцы змен у Канстытуцыю. Пасля сустрэчы ў Прэзідэнта праект Канстытуцыі будзе вынесены на ўсенароднае абмеркаванне. Аляксандр Лукашэнка падрабязна расказаў, як будзе праводзіцца фінальная фаза работы над рэфармаваннем Асноўнага Закона.
«Пасля перыяду абмеркавання праекта дадзенай Канстытуцыі мы яшчэ раз, каб паглядзець, якія прынцыповыя будуць унесеныя народам прапановы, збяромся ў рамках рабочай групы. А выніковае пасяджэнне потым правядзём Канстытуцыйнай камісіяй. Так будзе правільна», — паведаміў Прэзідэнт.
Гатовы праект, разгледжаны і зацверджаны Канстытуцыйнай камісіяй будзе вынесены на рэферэндум.
Такім чынам, сёння ў Палацы Незалежнасці — выніковая нарада перад апублікаваннем. Яшчэ, кажа Прэзідэнт, дзень-другі дакумент будзе дашліфаваны і апублікаваны.
«Я так мяркую, у канцы студзеня — пачатку лютага, паглядзім па сітуацыі, яшчэ раз вернемся да праекту пасля абмеркавання народам. І ў другой палове лютага ўнясем на рэферэндум», — заявіў Прэзідэнт.
На яго думку, гэта зручна, бо зімой работы менш і ў малых гарадах, і на вёсцы тым больш, і ў вялікіх гарадах.
Паводле Аляксандра Лукашэнкі, сёння на нарадзе чарговы раз звернуцца да праекта Канстытуцыі. Абмяркуюць асабліва ўважліва асноўныя палажэнні, каб пазбавіцца нейкіх недахопаў.
«Трэба разумець што, гэта не канчатковы праект. Ён будзе канчатковым, калі ўжо абмяркуем прапановы народа па праекце», — заўважыў Прэзідэнт.
Па яго словах, усё грамадства хвалюе пытанне, як будзем жыць далей пасля прыняцця новага Асноўнага Закона.
«Я хачу сказаць, калі народ падтрымае Канстытуцыю, нам сённяшнім органам улады (у тым ліку і Прэзідэнту, і парламенту, і гэтак далей) прыйдзецца адбудаваць сістэму ў краіне згодна з гэтай Канстытуцыяй. Вось і адказ на пытанні: „А як? А што? А выбары датэрмінова? А выбары сверхтэрмінова?“ Нам трэба, прыняўшы Канстытуцыю, выбудаваць стройную сістэму кіравання, гаспадарання ў эканоміцы, палітычную сістэму, прыняць асноўныя законы. Пажадана ўсе законы трэба будзе мяняць ці прымаць новыя», — тлумачыць Прэзідэнт.
Так, па яго прыкладзе, абсалютна новае гучанне можа атрымаць Закон «Аб Усебеларускім народным сходз». Значныя папраўкі неабходна будзе ўнесці ў нарматыўна-прававыя акты, што рэгламентуюць выбарчую сістэму, эканамічную дзейнасць і іншыя сферы.
«Новыя законы пасля прыняцця Канстытуцыі, змяненні ў заканадаўства неабходныя будуць. Адбудуем усю сістэму і будзем выходзіць на новы цыкл электаральных кампаній. Вось, як я мяркую. Мы яшчэ параімся, калі будуць нейкія іншыя прапановы разумныя», — сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначае, што ёсць значныя змяненні ў праекце Канстытуцыі адносна структуры ўлады. А гэта важны момант для грамадства.
«Калі нехта думае, што мы гэта з бухты-барахты прымем, кінем і пачнецца хаос — гэтага не будзе. Прымем рашэнні пасля новай Канстытуцыі і адбудуем механізмы і тады пойдзем на новы цыкл электаральнай кампаніі. Гэта значыць, што мы для сябе, для нашага беларускага народа будзем адбудоўваць новую сістэму кіравання нашай дзяржавай», — рэзюмуе Аляксандр Лукашэнка.
Як паведаміў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка, у снежні была праведзена дадатковая дапрацоўка праекта Канстытуцыі, скарэктаваны 55 тэхнічных палажэнняў.
«Сёння я хацеў бы ў большай ступені спыніцца на абмеркаванні пытання па падыходах, закладзеных у праекце Канстытуцыі адносна дзяржаўных органаў», — заўважыў Ігар Сергеенка.
Спікеру Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай давялося быць у складзе Канстытуцыйнай камісіі і ў складзе рабочай групы па дапрацоўцы Асноўнага Закона краіны. Яна адзначае: групы пастараліся, каб праект абоўленай Канстытуцыі захаваў лепшыя традыцыі дзеючага закона, дух народаўладдзя, сацыяльную падтрымку і абарону людзей.
«Сёння была выніковая нарада. На наступным тыдні праект Асноўнага Закона будзе накіраваны на абмеркаванне нашым людзям. Хацелася б, каб кожны разумеў: па гэтым законе будзе развівацца наша грамадства ў будучым, будуць жыць усе людзі ў нашай краіне», — кажа Наталля Качанава.
Старшыня верхняй палаты парламента заклікае грамадзян актыўна ўключацца ў абмеркаванне.
«Я хацела б, каб людзі, калі будуць глядзець дапаўненні, змяненні ў Асноўны Закон нашай краіны, перадусім, ацанілі ўсё, што адбываецца ў свеце, сітуацыю, што складваецца вакол нашай краіны», — дадае спікер Савета Рэспублікі.
Ігар Сергеенка, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта ў каментарыі журналістам удакладніў, што на нарадзе дэталёва прайшліся па ўсіх асноўных артыкулах праекта Канстытуцыі.
«У выніку прынята рашэнне пачаць усенароднае абмеркаванне. На наступным тыдні праект Канстытуцыі з’явіцца ў сродках масавай інфармацыі, на (нацыянальным прававым. — Аўт.) партале. Мы разлічваем, што нашы грамадзяне актыўна адгукнуцца на яго, унясуць свае прапановы, якія будуць улічаны і дапрацаваны ў ходзе наступнага этапа», — заявіў Ігар Сергеенка.
Уносіць свае напрацоўкі жыхары могуць у парламент, Адміністрацыю Прэзідэнта, на сайт прававога цэнтра, у прэсу.
«Усе меркаванні будуць пачуты. Галоўнае, каб была актыўнасць і гэтыя меркаванні былі, каб людзей зацікавіў праект Канстытуцыі. Мы чакаем канструктыўных прапаноў», — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Пасля ўсенароднага абмеркавання Канстытуцыі выпрацуюць яе канкрэтны тэкст, і з’явіцца Указ кіраўніка краіны аб прызначэнні дня рэферэндума.
Марыя ДАДАЛКА
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/taxonomy/term/77444
[5] https://zviazda.by/be/tags/referendum-pa-kanstytucyi
[6] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[7] https://zviazda.by/be/tags/narada