На завяршэнні шостай сесіі Савета Рэспублікі сенатары разгледзелі прапановы ў профільны дакумент і пагадзіліся з імі.
На пасяджэнні шостай сесіі Савета Рэспублікі ў цэнтры ўвагі быў дастаткова рэзанансны законапраект, які нясе ў сябе дастаткова шмат змен і дапаўненняў, якія датычацца сістэмы адукацыі ў цэлым, так і асобных яе ўзроўняў. Падрабязна аб навацыях расказала першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава.
— Прадугледжваецца іншае вызначэнне самой адукацыі. Яе мэтай становіцца не толькі рознабаковае развіццё асобы навучэнца, але і фарміраванне ў яго кампетэнцый, пад якімі разумеюцца здольнасці ажыццяўляць дзейнасць у адпаведнасці з атрыманай адукацыяй, — патлумачыла яна.
Намеснік міністра адзначыла, што прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі дапоўнены інклюзіей ў адукацыі і абавязковасцю агульнай сярэдняй адукацыі.
— Інклюзіўная адукацыя ўлічвае індывідуальныя асаблівасці кожнага навучэнца, а не толькі вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, як гэта было раней, — звяртае ўвагу Ірына Старавойтава.
Паводле яе слоў, істотна пашыраны пералік устаноў адукацыі, асноўным органам самакіравання ў якіх з’яўляецца педагагічны савет. У гэты пералік дадаткова ўключаны ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (цэнтры маладзёжнай творчасці, экалагічныя цэнтры, музычныя школы і г.д.), дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі (Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк), выхаваўча-аздараўленчыя ўстановы (санаторныя дзіцячыя сады) і іншыя.
Навацыяй таксама з’яўляецца рэалізацыя адукацыйных праграм у сеткавай форме, шляхам узаемадзеяння ўстаноў адукацыі паміж сабой і з іншымі арганізацыямі з выкарыстаннем іх рэсурсаў і матэрыяльна-тэхнічнай базы.
У абноўленым Кодэксе прадугледжваецца і развіццё дыстанцыйнай формы як самастойнай формы атрымання адукацыі. Раней яна была толькі разнавіднасцю завочнай.
Каб людзі не блыталіся ў найменнях, распрацоўшчыкі прапанавалі забараніць выкарыстанне ў назвах юрыдычных асоб, якія не з’яўляюцца ўстановамі адукацыі, словаў «дзіцячы сад», «школа», «ліцэй», «універсітэт» і гэтак далей.
Таксама прапануецца скараціць і аптымізаваць існуючыя віды ўстаноў адукацыі. Напрыклад, існуючыя «яслі», «яслі-сад», «дзіцячы сад» павінны называцца аднолькава — «дзіцячы сад». Тое самае і з установамі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — толькі «каледж».
Што датычыцца ўстаноў вышэйшай адукацыі, у іх дачыненні застаюцца толькі тры найменні: «інстытут», «акадэмія (кансерваторыя)» і «ўніверсітэт».
Важнай навацыяй з’яўляецца павышэнне патрабаванняў да ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу.
У прыватнасці, прадугледжваецца спыненне адукацыйных адносінаў з навучэнцамі, якія адсутнічаюць на занятках па прычыне таго, што адбываюць адміністратыўны арышт, перашкаджаюць другім удзельнікам адукацыйнага працэсу выконваць свае абавязкі і рэалізоўваць сваё права ў галіне адукацыі ці заклікаюць навучэнцаў да невыканання імі сваіх абавязкаў.
Узмоцнены і выхаваўчы складнік адукацыі. Да мэт адукацыі, разам з інтэлектуальным, маральным, творчым, фізічным і прафесійным развіццём асобы, аднесены фарміраванне патрыятызму, грамадзянскасці. Распрацоўшчыкі лічаць, што выхаваўчая работа ў пазаўрочны час павінна быць накіравана на фарміраванне ў навучэнцаў павагі да памяці абаронцаў Айчыны, закона і правапарадку, беражлівага стаўлення да гісторыка-культурнай спадчыны і традыцыям беларускага народа.
Асаблівая ўвага ў праекце Кодэкса надаецца сацыяльнай абароне навучэнцаў і выпускнікоў. Так, існуючыя нормы дапоўнены гарантаваным статусам маладога спецыяліста выпускнікоў-платнікаў, калі яны захочуць атрымаць размеркаванне.
Гэта, канешне, не ўсе навацыі, прадугледжаныя ў дакуменце, толькі самыя канцэптуальныя.
Як патлумачыла Ірына Старавойтава, у выніку доўгай і карпатлівай работы атрымаўся грунтоўны, зручны для карыстання дакумент з прадуманай, комплекснай і гнуткай стратэгіяй эвалюцыйнага развіцця нацыянальнай адукацыі. Сенатары падтрымалі ўсе прапанаваныя навацыі.
Вольга АНУФРЫЕВА
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/savet-respubliki
[5] https://zviazda.by/be/tags/kodeks-ab-adukacyi
[6] https://zviazda.by/be/tags/iryna-staravoytava