Петрасян расказваў: адзін мужчынка лішняга выпіў, на карачках дадому прыпоўз. Жонка давай распранаць, а ён не тое, што не даецца — нават адбіваецца... Крычыць: «Не лезь, паскуда!.. Не чапай! Я жанаты!»…
Раніцай прачнуцца не паспеў, як на стале ўжо і пляшачка з гарэлачкай, і талерачкі з закусачкай. Бо ён, выходзіць, справай даказаў, што не патрэбны яму іншыя, чужыя, жанчыны, што сваёй адданы...
А ёй (ці нават ім, жонкам, жанчынам?), можа, толькі і трэба, каб любіў-даражыў ды грошы аддаваў, прычым да капеечкі, бо заначку пакідаць — справа марная. Жонка ўсё роўна знойдзе — не наўмысна, дык выпадкова, як аднойчы...
Вася са сваёй добра жыў, можна сказаць, душа ў душу: ва ўсім Галю слухаўся. Не, не тое, каб нейкім падабцаснікам быў. Проста ведаў, што жонка анічога дрэннага не прыдумае, не папросіць, не скажа... Вось захацелася ёй, напрыклад, гарадскія выгоды ў вёсцы займець (тую ж цёплую прыбіральню). Дык муж ад слова — узяў і зрабіў. Захацела потым еўрапейскі рамонт, дык таксама ж нічога дрэннага, бо Васіль — ён такі: і за электрыка можа, і за плітачніка з маляром. Яму — абы пад нагамі ніхто не круціўся ды матэрыялы ўсе даў...
Іх, праўда, купіць яшчэ трэба было, але ж гэта цяпер не праблема, калі грошы ёсць. А Васю якраз і халтура падвярнулася, і зарплата з прэміяй (агулам — амаль тысяча амерыканскімі...)
Атрымаў яе, адлічыў крыху на замочку, з дружбакамі пасядзеў, півам шліфануў. З непрывычкі развезла, але ён трымаўся: помніў, што ў кішэні грошы: час ад часу засоўваў руку — глядзеў, каб хаця не прапалі, каб дадому данесці, Галі аддаць.
А яна, як на тое ліха, некуды адхінулася — з хаты сышла. Таму грошы Вася на стол пад абрус паклаў — тэлефонам зверху прыкрыў і... вырубіўся!
Назаўтра прачнуцца не паспеў, жонка каля канапы стаіць, пытае, дзе грошы. Ён па кішэнях лап-лап (можна падумаць — яна не палапала?) — ні капейкі няма: не тое што на плітку з абоямі — нават на жыццё, на хлеб з малаком... Вытрас па дарозе?! Ну ці ж не злосць?!
Васю, беднаму, хоць застрэлься! І жонка маўчыць: не размаўляе з ім і дзень, і другі...
На трэці — муж з работы вяртаецца і нюху свайму не верыць: Галінай салянкай пахне! А далей болей, як той казаў: дзверы ў хату адчыніў — чуе: «Васечка, праходзь...», «Васечка, рукі мый, ідзі есці...» Васечка два дні на голай бульбе сядзеў, а тут і салянка з адбіўнымі і бутэлечка:
— Налі сабе чарачку на апетыт, — прапануе жонка.
Муж нічога не разумее, Галя тым часам яму і расказвае, што кума званіла, што іх на вяселле запрасілі: Васева хрэсніца замуж ідзе. Трэба, значыцца, ехаць. А перад гэтым — бог з ім, з рамонтам! — ёй новую сукенку справіць, Васю касцюм. І на каравай не паскупіцца — добрую капейку пакласці...
У Васі ад гэтага пераліку аж мозг закіпеў: «Які касцюм? Якая сукенка ды каравай?!» — рот адкрые, каб пра гэта спытаць, і тут жа закрые...
— Ды не хвалюйся так, — супакойвае жонка. — Знайшла я твае грошы. Кума ж на хатні тэлефон званіла, — дык я апарат у рукі... Бачу — абрус тапырыцца, быццам нешта ляжыць. Глянула — а там грошы! Хопіць іх, Васечка, і на вяселле з'ездзіць, і шпалеры купіць... Усё ў нас добра, мілы! Ідзі пацалую...
Адным словам, памірыліся. Як казала іншая гумарыстка, ажно тры разы.
Што для гэтага трэба было? Ды дробязь, можна сказаць: спачатку згубіць, а потым знайсці тысячу долараў.
Соф'я Вароніна,
Рагачоўскі раён
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
Ад яе ж трохі сумнае:
«Вось і ўсё: гэта была апошняя сёлета падборка «вясёлых і праўдзівых гісторый з жыцця чытачоў «Звязды». Шкада? Не ведаю, як вам, а мне вельмі — і года, які сышоў, і людзей, якіх мы страцілі...
Але ж не будзем аддавацца нудоце, бо гэта, кажуць, грэх. Будзем жыць і, як заўжды, спадзявацца на лепшае: на тое, што наперадзе яшчэ не адзін новы дзень і не адзін Новы год, што паслужыць здароўе, што будуць новыя сустрэчы і знаёмствы, што пошта прынясе новыя гісторыі на традыцыйны звяздоўскі конкурс. Пішыце!.. І, вядома ж, выпісвайце адзіную (са штодзённых) беларускамоўную «Звязду» — для сябе, для бацькоў, для сяброў... Гэта, дарэчы, апроч іншага, нядрэнны падарунак пад ёлку, які будзе нагадваць пра сябе (і пра вас таксама) пяць разоў на тыдзень — цэлы месяц, квартал, а то і ўсё паўгоддзе новага 2022-га.
Шчыры дзякуй усім, хто пісаў нам, усім, хто чытаў. «Хай Новы год не будзе горшы!..» . Іншыя, у тым ліку вершаваныя тосты-пажаданні, на сайце «Звязды».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/vyasyolyya-gistoryi
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyasyolyya-gistoryi-chytachou