У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем актуальныя спартыўныя навіны.
Гераіня тыдня. Беларуская спартсменка Яна Несцерава заваявала бронзавы медаль Кубка свету па хай-дайвінгу — скачках у ваду з экстрэмальных вышынь. Турнір праходзіў у рамках Фестывалю водных відаў спорту ў Абу-Дабі (ААЭ). За сваі скачкі з 20-метровай вышкі Яна Несцерава атрымала адзнаку 307,90 бала. Дзякуючы гэтаму выступленню беларуска адабралася на чэмпіянат свету—2022, які пройдзе ў маі ў Японіі.
Пазіцыя тыдня. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка завяршае 2021 год у статусе другой ракеткі планеты. У апублікаваным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі яна займае 2-е месца, маючы ў сваім актыве 6380 ачкоў. У гэтым сезоне Арына Сабаленка стала пераможцай двух турніраў пад эгідай WTA, яна выйграла 45 паядынкаў і прайграла 18 сустрэч. Экс-першая ракетка свету Вікторыя Азаранка завяршае год на 27-й пазіцыі, у яе 2166 рэйтынгавых балаў. Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 107-м месцы (755 ачкоў), Вольга Гаварцова займае 139-ю пазіцыю (564), у Юліі Гатоўкі 190-е месца (361).
У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) найлепшы з беларусаў Ілья Івашка займае 48-е месца (1194), у Ягора Герасімава 113-я пазіцыя (665).
Цытата тыдня. «Медалістамі апошніх дзвюх Алімпіяд і чэмпіянатаў свету ў дысцыплінах алімпійскай праграмы станавіліся беларускія спартсмены ў 11 відах спорту. Ёсць віды, якія даўно не дасягаюць высокіх вынікаў, але ў той жа час маюць моцныя медальныя традыцыі. Іх падтрымка і развіццё стратэгічна важныя для нас. У 2022 годзе адной з асноўных задач будзе забеспячэнне якаснай падрыхтоўкі для заваявання максімальна магчымай колькасці ліцэнзій і паспяховага выступлення беларускіх спартсменаў на XXІV зімовых Алімпійскіх і XІІІ зімовых Параалімпійскіх гульнях у Пекіне, XXІV летніх Дэфлімпійскіх гульнях у Бразіліі і чэмпіянатах свету і Еўропы па відах спорту, — заявіў міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук на пасяджэнні калегіі Міністэрства спорту і турызму па пытанні «Аб вызначэнні і падтрымцы прыярытэтных відаў спорту ў Рэспублікі Беларусь на 2022 год».
Каманда тыдня. «Цмокі-Мінск» сталі трынаццаціразовымі ўладальнікамі мужчынскага Кубка Беларусі. За трафей «цмокі» змагаліся з «Гродна-93». Вынік сустрэчы — 81:49. За трэцяе месца змагаліся прадстаўнікі магілёўскага «Барысфена» і віцебскага «Рубона». Бронзавыя ўзнагароды з'ехалі ў Магілёў. Матч скончыўся з вынікам 87:66. Акрамя кубкаў і медалёў, баскетбалістам былі ўручаны і спецыяльныя ўзнагароды. Прызы ад імя БФБ атрымалі найлепшыя гульцы турніру. Найлепшым абаронцам прызнаны Уладзіслаў Мікульскі («Барысфен»), найлепшым абаронцам — Кірыл Чумакоў («Гродна-93»). Найлепшым цэнтравым стаў Вадзім Стубяда («Цмокі-Мінск»), а найлепшым маладым гульцом — Уладзіслаў Швакель («Гродна-93»). Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў Арцём Секушэнка («Барысфен»), а тытул самага карыснага іграка (MVP) атрымаў Джэйсан Кларк («Цмокі-Мінск»).
Імёны тыдня. Беларуская федэрацыя барацьбы назвала найлепшых спартсменаў года. Найлепшымі спартсменкамі года ў жаночай барацьбе названы сярэбраная медалістка Гульняў у Токіа Ірына Курачкіна і ўладальніца «бронзы» Ванеса Каладзінская. Найлепшым спартсменам сярод прадстаўнікоў вольнага стылю названы ўладальнік «серабра» Алімпіяды ў Токіа Магамедхабіб Кадзімагамедаў. Найлепшым сярод барцоў грэка-рымскага стылю стаў сярэбраны прызёр чэмпіянатаў Еўропы і свету Кірыл Маскевіч. Адкрыццём года названа чэмпіёнка свету U20 Алеся Гетманава. А ў катэгорыі «Прарыў года» найлепшым аказаўся чэмпіён свету U20, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы U20, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету U23 Павел Глінчук.
Няўдача тыдня. Хакеісты мінскага «Дынама» ўступілі хакеістам маскоўскага ЦСКА ў матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Вынік сустрэчы — 4:6. Цікава, што папярэдні паядынак з кітайскім «Куньлунем» скончыўся з такім жа вынікам, але на карысць «зуброў». У мінскай камандзе двойчы вызначыўся 20-гадовы нападаючы Ілья Усаў, яшчэ па шайбе на рахунку абаронцы Сяргея Сапегі і шведскага форварда Маціяса Тэдэнбю.
У Заходняй канферэнцыі «Дынама-Мінск» апусцілася з 7-й на 8-ю пазіцыю, маючы ў актыве 48 балаў. Гэта дазваляе камандзе захоўваць вынік ў зоне плэй-оф.
Апошні ў 2021 годзе матч падапечныя Крэйга Вудкрафта правядуць дома — 29 снежня прымуць на «Мінск-Арэне» магнітагорскі «Металург».
Аб'ява тыдня. Выканкам Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі (ІWF) вызначыў, у якіх вагавых катэгорыях будуць разыгрывацца ўзнагароды на Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы. У спаборніцтвах мужчын медалі будуць разыграныя ў пяці катэгорыях — да 61 кг, да 73 кг, да 89 кг, да 102 кг і звыш 102 кг. Жанчыны выступяць на Гульнях таксама ў пяці катэгорыях — да 49 кг, да 59 кг, да 71 кг, да 81 кг і звыш 81 кг. На Алімпіядзе 2020 года было па сем вагавых катэгорый у мужчын і жанчын.
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport-taym
[4] https://zviazda.by/be/tags/yana-nescerava
[5] https://zviazda.by/be/tags/aryna-sabalenka