Другі Новы год запар планета будзе сустракаць ва ўмовах пандэміі. Распаўсюджванне каранавіруса накладвае свой адбітак на святкаванне — ісці ў госці да сваякоў, асабліва калі ў сям'і ёсць пажылыя людзі, па-ранейшаму непажадана. Гэтак жа рызыкоўна арганізоўваць застолле ў рэстаране ці кафэ — закрытае памяшканне і вялікая колькасць людзей таксама могуць скончыцца інфіцыраваннем.
Ва ўмовах пандэміі кожны чалавек нясе адказнасць за распаўсюджванне СОVІD-19. Аб гэтым напярэдадні навагодніх свят нагадвае і Сусветная арганізацыя аховы здароўя, заклікаючы правесці іх бяспечна, — кажа ўрач агульнай практыкі, загадчык аддзялення прафілактыкі 11-й гарадской паліклінікі Мінска Святлана Янушка.
Вось некалькі парад па мерах засцярогі ад ковіду ў святочныя дні. Яны дапамогуць зменшыць рызыку інфіцыравання сябе, блізкіх, сяброў.
— Паспрабуйце зірнуць на надыходзячыя святы як на цудоўную магчымасць пабыць дома, з сям'ёй. Бо для таго каб адчуць цуд Новага года і Каляд, непатрэбныя далёкія краіны і дарагія падарункі. А каб убачыцца і паразмаўляць з роднымі людзьмі, з якімі вас разлучыў ковід, ёсць інфармацыйныя тэхналогіі, — раіць доктар.
Тым часам у залежнасці ад узроўню заражэння і цяжкасці сітуацыі кожная з еўрапейскіх краін па-свойму рэагуе на пандэмію каранавіруса. Але большасць з іх вяртае раней адмененыя абмежаванні і нават робіць іх больш жорсткімі, пры гэтым дазваляючы некаторыя паслабленні ў перыяд Каляд і Новага года.
Германія, напрыклад, аб'явіла жорсткі лакдаўн у спробе справіцца з рэзкім ростам захваральнасці. Гэтыя меры працягнуцца да 10 студзеня, але на Каляды ў госці можна будзе паклікаць да 4 блізкіх сваякоў.
Францыя замяніла другі нацыянальны лакдаўн каменданцкай гадзінай з 20:00 да 06:00. У гэты час людзям забаронена пакідаць дамы без афіцыйнага дазволу. Затое ў дзённы час ім цяпер не трэба атрымліваць дазвол на выхад. Напярэдадні Каляд будзе зроблена выключэнне, але ў Новы год каменданцкая гадзіна застаецца ў сіле. Бары і рэстараны будуць зачыненыя прынамсі да 20 студзеня.
Лондан і яго наваколлі трапілі ў найвышэйшую катэгорыю рызыкі з самымі цвёрдымі правіламі лакдаўну. Пабы і рэстараны застаюцца зачыненымі, але можна купляць ежу на вынас. Усе забаўляльныя ўстановы пад дахам будуць закрытыя.
У Бельгіі напярэдадні Новага года забаронена запускаць феерверкі, аднак каменданцкая гадзіна будзе скарочана з паўночы да 5 гадзін раніцы.
СААЗ раіць па магчымасці збірацца на вуліцы, а калі ўсё ж без застолля не абысціся, то лепш рабіць гэта ў масках і з захаваннем дыстанцыі.
— Вы можаце адчуваць сябе няёмка, калі носіце маску і трымаецеся далей ад сяброў і сваякоў, затое гэта гарантуе бяспеку і захавае здароўе блізкіх вам людзей, — гаворыцца ў заяве СААЗ. — Людзі з групы рызыкі або пажылыя сябры і сваякі могуць не знайсці ў сабе сіл папрасіць вас выконваць дыстанцыю, але паспрабуйце ўвайсці ў іх становішча і зрабіце гэта самі, без напаміну.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/novy-god
[5] https://zviazda.by/be/tags/svyata
[6] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus