Кнігі, канструктары, спартыўны інвентар, цёплыя коўдры, медыцынскае абсталяванне і, безумоўна, салодкія падарункі. Чым парадавалі дзяцей члены Савета Рэспублікі гэтымі днямі, наведваючы ўстановы аховы здароўя і адукацыі ў рамках акцыі «Нашы дзеці».
Гаворачы аб гэтым свяце, спікер Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА падкрэсліла: яно патрэбна не толькі малым, але і дарослым:
— Гэтае свята патрэбна нашым дзецям, несумненна, але яно патрэбна і нам, таму што мы ў поўнай меры можам адчуць сябе ў гэтыя моманты шчаслівымі людзьмі, мы побач з нашымі дзецьмі, дзе б яны ні знаходзіліся па ўсёй краіне.
Днямі віцэ-спікер верхняй палаты парламента Леанід ЗАЯЦ і старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл РУСЫ наведаў Сенненскі дзіцячы дом, што на Віцебшчыне.
— Заўсёды вельмі прыемна быць удзельнікамі марафону дабра пад назвай «Нашы дзеці». Гэтая традыцыя, ініцыіраваная Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, доўжыцца ў краіне ўжо больш за чвэрць стагоддзя і з кожным годам становіцца ўсё больш маштабнай. Яна дорыць чароўныя эмоцыі ўсім удзельнікам. Для нас, дарослых, гэта асабліва важна, бо ўся каштоўнасць жыцця ў дзецях, а іх шчаслівыя вочы і ўсмешкі — сэнс і стымул для новых добрых здзяйсненняў, — адзначыў віцэ-спікер Савета Рэспублікі.
Трэба сказаць, што ў Беларусі клопат аб дзецях заўсёды на першым месцы. Асабліва гэта датычыцца дзяцей, якія па волі лёсу апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Дзяржава забяспечвае выхаванцаў усім неабходным для жыцця і развіцця. Але чалавечай увагі ім патрабуецца больш, каб яны не адчувалі сябе абдзеленымі.
Парламентарыі азнаёміліся з дзейнасцю дзіцячай установы адукацыі і ўмовамі жыцця выхаванцаў, выказалі словы падзякі педагогам за іх высакародную працу па падтрымцы падрастаючага пакалення з нялёгкім жыццёвым лёсам.
Неад'емнай часткай і яркім завяршэннем свята сталі падарункі, уручаныя сенатарамі дзецям і дзіцячаму дому.
— Гэты момант прыносіць дарослым радасці не менш, чым дзецям, — падкрэсліў Леанід Заяц.
Член Савета Рэспублікі Каліна КАПУЦКАЯ завітала ў цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ў Маладзечне. Гэта асаблівая ўстанова, дзе працуюць людзі, якія любіць дзяцей і адданыя сваёй прафесіі. Сёння тут праходзяць навучанне і рэабілітацыю 155 выхаванцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Работнікі ўстановы сумесна з выхаванцамі падрыхтавалі святочную праграму «Навагодняя казка».
Сенатар падарыла цэнтру развіццёвыя гульні і павіншавала ўсіх з надыходзячым Новым годам.
— Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» — адзін з сімвалаў бескарыслівасці і яднання людзей у сучаснай гісторыі Беларусі. Дарыць дабро проста, галоўнае — мець жаданне. Кожнае дзіця, адчуўшы добрае стаўленне да сабе, вырасце неабыякавым і клапатлівым. Бо так важна паказваць нашым дзецям, што дарослыя іх любяць, цэняць і паважаюць, — адзначыла парламентарый.
Па яе ініцыятыве таксама ў рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці на базе сярэдняй школы № 14 Маладзечна, дзе сенатар працуе дырэктарам, адбылося тэатралізаванае прадстаўленне «Навагодняя казка», арганізаванае валанцёрскім атрадам «Добрае сэрца». Гасцямі свята сталі дзеці-інваліды з парушэннем слыху і іх бацькі — члены грамадскага аб'яднання «Камертон».
Парламентарый павіншавала прысутных з навагоднімі святамі і пажадала здзяйснення жаданняў, здароўя і поспехаў у новым годзе. Кожны ўдзельнік урачыстасці атрымаў падарункі ад Беларускага фонду міру і ўстановы адукацыі.
Сенатар Анатоль ШАЛТАНЮК наведаў Падлескі дзіцячы сад — пачатковую школу, дзе павіншаваў выхаванцаў і педагогаў з надыходзячымі Новым годам і Калядамі, уручыў салодкія падарункі і садавіну, а таксама перадаў сертыфікат на набыццё пральнай машыны.
Ала СМАЛЯК прыняла ўдзел у акцыі «З любоўю да дзяцей», якая прайшла ў гематалагічным аддзяленні РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека.
Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, дэпутацкага корпуса і кіраўніцтва Навабеліцкага раёна Гомельскай вобласці адрасавалі юным пацыентам установы аховы здароўя найлепшыя пажаданні і перадалі навагоднія падарункі.
— Новы год — час чараўніцтва. І трэба зрабіць усё магчымае, каб дзеці, якія па розных прычынах сустракаюць святы не ў родным доме, змаглі ў поўнай меры адчуць казачную атмасферу, — падкрэсліла сенатар.
Аляксей КУШНАРЭНКА завітаў у РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, дзе павіншаваў маленькіх пацыентаў з навагоднімі святамі.
Сенатар ад імя Міністэрства энергетыкі перадаў кіраўніку медыцынскай установы Анжаліцы Сонцавай сертыфікат на набыццё крыяхірургічнай афтальмалагічнай сістэмы, а таксама падарункі для дзяцей, якія праходзяць лячэнне ў цэнтры.
Дзмітрый ДЗЯМІДАЎ прывітаў юных удзельнікаў урачыстай праграмы ў Палацы культуры ААТ «Нафтан» у Наваполацку. Парламентарый выказаў удзячнасць усім арганізатарам акцыі за тое, што праяўляюць увагу да маленькіх беларусаў, дораць ім клопат і любоў, а таксама пажадаў усім здароўя, шчасця, міру і дабрабыту.
Фелікс ЯШКАЎ сумесна з работнікамі Гомельскай мытні і Гомельскім філіялам РУП «Белмытсэрвіс» наведалі Нараўлянскі і Лельчыцкі сацыяльна-педагагічныя цэнтры. Выхаванцам падарылі спартыўны інвентар, цёплыя коўдры і прысмакі.
— Новы год — чароўны час, калі ўсе жаданні павінны здзяйсняцца, асабліва дзіцячыя. Неабходна як мага больш удзяляць увагі дзецям, дапамагаць ім. Гэта нескладана, бо ў адказ яны дораць шчырыя эмоцыі, пачуцці і ўсмешкі, — адзначыў сенатар.
Алег СЛІНЬКО пабываў у Жыткавіцкім сацыяльна-педагагічным цэнтры, выхаванцы якога — дзеці з сацыяльна небяспечных сем'яў, якія засталіся без апекі бацькоў. Малыя, пазбаўленыя мацярынскага цяпла і клопату, асабліва маюць патрэбу ва ўвазе, у часцінцы радасці, любові і дабра тых, хто іх акружае і ўсяляе надзею і веру ў лепшае.
Парламентарый павіншаваў дзяцей і педагогаў з надыходзячым Новым годам, уручыў дзецям салодкія падарункі і пажадаў моцнага здароўя, поспехаў у вучобе, добрых, верных сяброў, навагодніх цудаў, выканання запаветных жаданняў.
— Напярэдадні самага доўгачаканага і чароўнага свята — Новага года ні адно дзіця не павінна заставацца без падтрымкі, клопату і ўвагі. Акцыя «Нашы дзеці» — найлепшае сведчанне аднадушнага аб'яднання дзяржавы і грамадства ў вырашэнні гэтай задачы, — адзначыў Алег Слінько.
Валерый ПАЛІШЧУК завітаў у Мацюцкі яслі-сад Горацкага раёна, што на Магілёўшчыне.
— Новы год, несумненна, — самае дзіцячае свята, таму што дзеці больш за ўсіх чакаюць здзяйснення жаданняў, падарункаў, вераць у чараўніцтва і, вядома ж, у Дзеда Мароза, — кажа ён.
Курсанты і супрацоўнікі Магілёўскага інстытута МУС падрыхтавалі для дзяцей навагодні тэатралізаваны паказ «Снежная каралева», уручылі салодкія падарункі з пажаданнямі каляднага цуду, сіл, дабра і здароўя.
Сенатар перадаў адміністрацыі ясляў-сада аб'ёмныя канструктары для дзяцей.
А вось Анатоль ШЧАСНЫ пабываў на свяце ва ўстанове аховы здароўя «Віцебскі абласны спецыялізаваны Дом дзіцяці». Парламентарый разам са студэнцкім актывам павіншаваў выхаванцаў і адміністрацыю ўстановы з надыходзячым Новым годам і ўручыў ад студэнтаў медыцынскага ўніверсітэта сертыфікат на суму 3700 беларускіх рублёў.
Таццяна ПАЛУШКІНА наведала базавую школу № 12 імя Аляксеева ў Полацку, дзе павіншавала дзяцей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, з надыходзячымі святамі. Школьнікі атрымалі прысмакі, канцылярскія прылады і кнігі.
Па ініцыятыве і падтрымцы Таццяны АБЕЛЬ на базе Палаца культуры «Касцюкоўка» адбыліся навагоднія паказы. Гасцямі свята сталі дзеці з Веткаўскага і Добрушскага раённых сацыяльна-педагагічных цэнтраў, а таксама выхаванцы Торфазаводскага ясляў-сада Гомельскага раёна. За два дні ў мерапрыемствах прыняла ўдзел каля 50 дзяцей.
— У Беларусі чужых дзяцей няма, і пра гэта сведчыць назва дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». Радуе, што сёння нам удалося падарыць дзецям усмешкі і добры настрой. Любы дарослы разумее, наколькі гэта важна. І асабліва напярэдадні Новага года. Такія мерапрыемствы адыгрываюць ключавую ролю ў жыцці малых, бо ад іх выхавання шмат у чым залежыць наша будучыня і будучыня нашай краіны, — пераканана Таццяна Абель.
Васіль МАРКЕВІЧ прыняў удзел у мерапрыемстве ў Гарадзішчанскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Сенатар павіншаваў дзяцей з надыходзячым Новым годам і ўручыў падарункі.
Таксама парламентарый арганізаваў тэатралізаванае віншаванне і перадаў каштоўныя падарункі для выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Баранавіцкага раёна і сацыяльна-педагагічнага цэнтра Баранавічаў.
Тамара ШАТЛІКАВА пабывала на свяце ў цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Дзеці вельмі чакалі гасцей і падрыхтавалі для іх навагодняе тэатралізаванае прадстаўленне. Парламентарый павіншавала ўсіх прысутных з надыходзячым Новым годам і ўручыла выхаванцам салодкія падарункі, а цэнтру перадала спецыяльнае абсталяванне — раскладныя крэслы-парты для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця.
Падрыхтавала Вольга АНУФРЫЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/senatary
[4] https://zviazda.by/be/tags/nashy-dzeci-2
[5] https://zviazda.by/be/tags/akcyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[7] https://zviazda.by/be/tags/mihail-rusy
[8] https://zviazda.by/be/tags/kalina-kapuckaya