Напрыканцы лістапада 2021 года пайшоў з жыцця беларускі паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва Мікола МЯТЛІЦКІ. Адным з накірункаў яго творчасці была перакладчыцкая дзейнасць. Руплівасці Мікалая Міхайлавіча ў гэтым плане можна было толькі пазайдросціць... Кніга анталагічнага характару «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: 100 паэтаў Кітая XX стагоддзя» — толькі адна з вышынь на шляху сістэмнай зацікаўленасці Міколы Мятліцкага кітайскай паэзіяй.
«Першая раніца 1900 стагоддзя» ... Такім вершам паэта Хуана Цзуньсяня (1848 — 1905) пачынаецца па-свойму ўнікальная анталогія перакладаў кітайскай паэзіі ў пераўвасабленні Міколы Мятліцкага. Сто паэтаў аднае нацыянальнай прасторы з аднаго стагоддзя прадстаюць перад чытачамі на іншай мове. Ужо сам факт з’яўлення такога творчага праекта падаецца значнай падзеяй.
«Вітаючы ранак, зноў голасна певень прапеў./ Ад сонца і месяца далечы свету відны...» («Першая раніца...»). І з апошняй страфы верша Хуана Цзуньсяня: «Ужо дзевятнаццаць стагоддзяў пажару таму./ Што нішчыць хаціны, зямлю залівае крывёй./ Не знаю, што спыніць багіню вайны Сіванму/ І колькі стагоддзяў шчэ цешыцца бедамі ёй?!» Ёсць у гэтым вершы — свая жыццёвая філасофія, што надае твору актуалію і сёння. Гэтым, відавочна, і кіраваўся перакладчык, стараючыся паказаць не толькі Кітай і кітайскую паэзію, а стараючыся разгледзець стагоддзе праз прызму вялікай усходняй паэзіі. Мне здаецца, што спроба стварэння такой карціны развіцця часу перакладчыку ўдалася. І анталогія, несумненна, зацікавіла і чытача, і літаратурных крытыкаў. Думаю, што анталогія, фармат выбару перакладчыка павінны зацікавіць і кітайскіх літаратараў, даследчыкаў...
А зараз усё ж хацеў бы сказаць некалькі слоў пра дзве рэчы. Па-першае, апошнія гадоў дзесяць у беларускім мастацкім свеце выразна назіраецца асаблівая ўвага да пераклдаў кітайскай паэзіі. У Выдавецкім доме «Звязда» выходзіць серыя кніг «Светлыя знакі: паэты Кітая». Пабачылі свет, пачынаючы з 2014 года, трынаццаць зборнікаў (ідэю серыі падхапіла і выдавецтва «Мастацкая літаратура»). Іх аўтары — Ван Вэй, Ду Фу, Лі Бо, Ай Цін, Лі Хэ, Лі Цінчжао, Ван Гочжэнь, Мэн Хаажань, Сюй Чжымо, Вэнь Ідо, Сюй Чжымо... А перакладчыкаў над пераўвасабленнем іх твораў на беларускую мову праходзіць цэлы атрад. І паэты, якія даўно і стала працуюць у беларускай паэзіі, і маладыя літаратары... Апошнія зборнікі, дарэчы, выйшлі на дзвюх мовах — кітайскай і беларускай. Пераклады кітайскай паэзіі друкуюцца ў перыёдыцы: у часопісах «Полымя», «Маладосць», газеце «Літаратура і мастацтва». За гонар лічаць змяшчаць пераклады з кітайскай у сваіх аўтарскіх кнігах Таццяна Сівец, Юлія Алейчанка. А Юлія Алейчанка яшчэ падрыхтавала і кнігу сваіх перакладаў з розных моў, дзе кітайская паэзія, зразумела, займае пачэснае месца. Спадзяюся, што традыцыя, запачаткаваная зусім нядаўна (альбо прадоўжаная з ранейшых падыходаў беларускіх перакладчыкаў да кітайскай паэзіі) набудзе як ніколі шырокую прастору. Такога развіцця, наколькі мне вядома, няма ні ў адной з іншых сучасных славянскіх літаратур, хіба, акрамя рускай... За тры гады перакладзена дзесяць аўтарскіх кніг кітайскіх паэтаў на беларускую мову!.. Хіба ж не падзея?!. Хіба ж не з’ява?!. І, канешне ж, трэба абсяг гэты вывучаць, абмяркоўваць, аналізаваць. І, безумоўна, варта развіваць. Тым болей, што да работы над серыяй «Светлыя знакі: паэты Кітая» спрычыніліся добрыя знаўцы кітайскай мовы — яны і самі перакладаюць, і падрадкоўнікі для іншых рыхтуюць. Размова — пра Алену Раманоўскую, Вераніку Жукавец, Дар’ю Нечыпарук і шмат яшчэ каго.
І тут я хацеў бы перайсці да другой акалічнасці. Перакладчыцкія памкненні беларускіх майстроў мастацкага слова патрабуюць падтрымкі. І не толькі праз фінансаванне, фундацыю выдання перакладаў. З гэтым, здаецца, усё атрымліваецца. Але новы ўзровень работы над стварэннем беларускай прасторы кітайскай паэзіі патрабуе пэўных арганізацыйных намаганняў. Творчая ініцыятыва — падстава і толькі пачатак для руху наперад. Чаму б, напрыклад, з удзелам кітайскага боку (а ў Пекіне і іншых гарадах Паднябеснай плённа працуюць цэнтры, інстытуты славістыкі) не правесці адмысловы практычны семінар перакладчыкаў? Чаму б не наладзіць у беларускім і кітайскім літаратурна-мастацкім перыядычным друку дыскусію, абмеркаванне на тэму «Каго з кітайскай паэзіі даўніх часін і кітайскай паэзіі сучаснасці найперш перакладаць?..»? Чаму б не правесці ў беларускіх ВНУ, на філалагічных факультэтах універсітэтаў сустрэчы з сучаснымі кітайскімі паэтамі..? Крокаў да зацікаўленага абмеркавання паэтычнай прасторы і шляхоў па яе пашырэнню можа быць шмат. І не займацца імі арганізацыйна, не праяўляць зацікаўленасць з боку розных грамадскіх і дзяржаўных інстытутаў — значыць, пусціць справу на самацёк, не выключыць варыянт яе развіцця як праекта эпізадычнага... А гэтага не хацелася б дапусціць.
Вось і няма ўжо Міколы Мятліцкага... Няма, лічы, галоўнага рупліўца на ніве развіцця беларуска-кітайскіх літаратурных стасункаў у XXI стагоддзі. Хто прыйдзе следам?.. Хто падхопіць распачатую ім спарву стварэння ў Беларусі паэтычнага партрэта Паднябеснай, паэтычнага партрэта блізкага нам Кітая..?
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ales-karlyukevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/mikola-myatlicki
[5] https://zviazda.by/be/tags/vydavecki-dom-zvyazda-2
[6] https://zviazda.by/be/tags/mastackaya-litaratura-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/ven-ido-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/li-bo
[9] https://zviazda.by/be/tags/du-fu
[10] https://zviazda.by/be/tags/syuy-chzhymo
[11] https://zviazda.by/be/tags/kitay