У апошнія дні надвор’е ў Мінску было, мякка кажучы, суперэкстравагантным. Спачатку масіўнай адлігі на тратуарах самаарганізаваўся сапраўдны каток, а потым вільгаць і анамальнае цяпло стварылі амаль лістападаўскае надвор’е. І прырода не прымусіла сябе доўга чакаць — у мікрараёне Каменная горка на двух пнях «вылезлі» дрэўнавушкі (вешанкі). Грыбы ў студзені? Такога ў нас яшчэ не было...
У бліжэйшыя дні цяпло пачне адступаць і ўначы ўсё часцей будзе ўпэўнены мінус, але кароткачасовы мокры снег створыць слізкую абстаноўку на дарогах, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У чацвер будзе пераважаць воблачнае надвор’е. Часам чакаюцца ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, па поўдні з дажджом. У ранішнія гадзіны ў асобных раёнах магчымы моцны мокры снег і слабы туман. Месцамі на дарогах магчымая галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні, заходні 5–10 м/с, з парывамі да 14 м/с. Максімальная тэмпература паветра ў гэты дзень складзе ад мінус 1 градуса да 4 цяпла.
Паводле прагнозаў сіноптыкаў, у святочныя выхадныя маразы трохі памацнеюць, ападкі ў асноўным будуць ісці ў выглядзе снегу і мокрага снегу. На дарогах магчымая галалёдзіца. У пятніцу ўначы і раніцай на большай частцы тэрыторыі, удзень у асобных раёнах краіны пройдзе кароткачасовы снег. Тэмпература паветра ўначы складзе 2–9 градусаў ніжэй за нуль, удзень — ад мінус 6 градусаў да 1 цяпла.
У суботу надвор’е крыху супакоіцца. У гэты дзень будзе пераважна без ападкаў, толькі ўначы і раніцай месцамі па паўночным усходзе краіны магчымы кароткачасовы снег. У асобных раёнах чакаецца слабы туман, шэрань, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе 3–10 градусаў ніжэй за нуль, па ўсходзе пры праясненнях — да мінус 11–15 градусаў. Удзень будзе ад мінус 6 градусаў да 1 цяпла.
У нядзелю месцамі па краіне пройдзе кароткачасовы снег, удзень з мокрым снегам. На асобных участках дарог магчымая галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе 2–7 марозу, пры праясненнях — да мінус 10 градусаў. Удзень будзе ад мінус 5 градусаў да 3 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore
[4] https://zviazda.by/be/tags/minpryrody
[5] https://zviazda.by/be/tags/temperatura-pavetra
[6] https://zviazda.by/be/tags/zima