Плануючы новы год, не варта забываць урокі мінулага. У спорце, дзе не бывае дробязяў, а кожны турнір успрымаецца як урок — тым больш. Мінулы 2021 год даў надзею, што спорт ачуняе ад каранавіруснай пандэміі і зноў будзе радаваць аматараў яркімі спаборніцтвамі і гучнымі перамогамі. Дарэчы, так яно і атрымалася. Летась спорт стаў паступова вяртацца ў сваё звычайнае рэчышча. Прайшлі доўгачаканыя летнія Алімпійскія гульні ў Токіа, шматлікія міжнародныя спаборніцтвы па розных відах спорту. І няхай атрыбутамі спартыўных форумаў сталі пустыя трыбуны і строгі эпідэмічны кантроль, галоўнае, што жыццё вяртаецца ў спорт. У рэшце рэшт, шлях да выздараўлення простым не бывае.
Беларускія спартсмены таксама адаптаваліся да новых рэалій, перамагалі, прайгравалі, выносілі для сябе важныя ўрокі на будучыню. Бадай ці не самы галоўны ўрок беларусы зведалі на Алімпійскіх гульнях у Токіа, дзе заваявалі ўсяго сем медалёў. На жаль, гэта найгоршы паказчык для нашай краіны. Але не абышлося і без выдатных поспехаў беларускіх алімпійцаў. Дзень, калі Іван Літвіновіч узяў «золата» ў скачках на батуце, першы для Беларусі медаль японскай Алімпіяды, увайшоў у гісторыю. Як і Уладзіслаў Ганчароў у 2016 годзе, Іван перамог фаварыта турніру кітайца Дун Дун. Так, у 2021 годзе пачала складвацца выдатная традыцыя. Гістарычным стала і выступленне Максіма Недасекава ў скачках у вышыню. Па-першае, гэта першы медаль у названай дысцыпліне ў гісторыі суверэннай Беларусі. Па-другое, беспрэцэдэнтны выпадак: першае месца раздзялілі два спартсмены: італьянец Джанмарка Тамберы і катарац Мутаз Эса Баршым. Чэмпіёны і бронзавы прызёр Максім Недасекаў паказалі аднолькавы вынік — 2 м 37 см. Узялі рэванш за ўсіх суайчыннікаў беларускія барцы. З сямі медалёў каманды яны заваявалі тры: Ірына Курачкіна і Магамедхабіб Кадзімагамедаў узялі «серабро», Ванеса Каладзінская — «бронзу». Ад гімнасткі Аліны Гарнасько, шчыра кажучы, мала хто чакаў алімпійскага медаля. Але насуперак усяму яна, набраўшы ў суме індывідуальнага мнагабор'я 102,700 бала, заняла трэцюю прыступку п'едэстала.
На Параалімпійскіх гульнях у Токіа беларусы таксама заваявалі сем медалёў, што менш за жаданае. Пяць з іх належаць легендарнаму плыўцу Ігару Бокію. А «серабро» Ягора Шчалканава ў плаванні і «бронза» Лізаветы Пятрэнкі ў лёгкай атлетыцы сталі вельмі прыемнымі сюрпрызамі і паказалі моцную і перспектыўную моладзь. Не абышлося без сенсацый. Аляксей Талай на дыстанцыі 50 метраў брасам устанавіў рэкорд Параалімпіяды, які трымаўся з 1992 года. Паспяховасць выступлення каманды на Алімпійскіх гульнях вызначаецца колькасцю медалёў. Але беларусы ўзялі іх якасцю. Акрамя Алімпіяды, у беларускім спорце ў 2021-м было шмат прыгожых перамог, крыўдных паражэнняў і важных падзей.
Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка ў 2021 годзе літаральна «ўзляцела» ў рэйтынгу. Год яна пачала на 10-й пазіцыі, а скончыла — на другой. На шляху да статусу другой ракеткі свету яна выйграла два вялікія турніры ў адзіночным разрадзе, два — у парным, выступіла ў паўфінале турніраў «Вялікага шлема» Wіmbledon и US Open. Разам з бельгійкай Элізэ Мертэнс Арына перамагла ў фінале жаночага парнага разраду адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе. Перамога на Australіan Open забяспечыла Арыне Сабаленцы першы радок сусветнага рэйтынгу WTA ў парным разрадзе.
Поспехі мастацкай гімнастыкі ў 2021 годзе не абмежаваліся алімпійскай «бронзай» Аліны Гарнасько. На этапе Гран-пры ў Тэль-Авіве беларускія грацыі сабралі 10 медалёў, на этапе Кубка свету ва Узбекістане — восем узнагарод. Не сумаваў па беларусках і подыум чэмпіянату Еўропы, дзе яны заваявалі «серабро» медальнага заліку. На чэмпіянаце свету спартсменкі сем разоў падымаліся на п'едэстал. Гераіні года — Аліна Гарнасько, Настасся Салас і групавічкі Ганна Гайдукевіч, Настасся Малаканава, Настасся Рыбакова, Арына Цыцыліна і Карына Ярмоленка.
У 2021 годзе споўнілася 100 гадоў беларускаму баскетболу. Найлепшы падарунак роднаму спорту зрабілі жаночыя каманды. Каманда Мінскай вобласці «Гарызонт» упершыню заваявала тытул чэмпіянату Еўрапейскай жаночай баскетбольнай лігі. У фінальным паядынку, які праходзіў у Маладзечне, беларускі перамаглі расійскую каманду «Ніка» з Сыктыўкара. За гэтым матчам з трыбун назіраў прэзідэнт ЕWBL Іга Зандэрс. Ён адзначыў, што ў Беларусі вельмі высокі ўзровень баскетбола, а «Гарызонт» — адна з найлепшых камандаў у Еўропе. Паспяхова выступіла на чэмпіянаце Еўропы па баскетболе і нацыянальная жаночая зборная. Дзяўчаты сталі чацвёртымі.
Гучна заявіла аб сабе лёгкаатлетка Ірына Жук, якая спецыялізуецца на скачках з шастом. У пачатку сакавіка за адно выступленне Ірына двойчы перапісала асабісты і нацыянальны рэкорды ў памяшканні. Спачатку ўзляцела на 4,68 метра, потым — 4,73. А затым на чэмпіянаце Еўропы ў памяшканні Ірына першая сярод беларусаў заваявала медаль кантынентальнага першынства ў скачках у вышыню
Новае жыццё ў 2021 годзе пачалося ў беларускім сінхронным плаванні. У Токіа Васіліна Хандошка і Дар'я Кулагіна сталі першымі беларускімі сінхраністкамі, якія выйшлі ў алімпійскі фінал. Яны занялі 11-е месца ў спаборніцтвах дуэтаў. Вера Буцэль, Маргарыта Кірылюк, Яна Кудзіна, Ксенія Куляшова, Настасся Навасёлава, Валерыя Пузь, Настасся Сувалава, Ксенія Трацэўская і Аляксандра Высоцкая заваявалі «серабро» ў дысцыпліне «хайлайт», выступаючы на чэмпіянаце Еўропы па водных відах. На гэтым жа турніры дзяўчаты сталі бронзавымі прызёрамі і ў камбінацыі (адвольная праграма). Васіліна Хандошка стала бронзавым прызёрам сярод салістак у тэхнічнай праграме.
Беларускага тэнісіста Ілью Івашку журналісты назвалі «галоўнай сенсацыяй турніру АТР-250 у Мюнхене», які праходзіў вясной. На тым турніры Ілья абыграў шостую ракетку свету Аляксандра Зверава. Упершыню ў сваёй кар'еры ён аказаўся мацнейшым за тэнісіста з першай дзясяткі. На Уімблдоне беларус дайшоў да чацвёртага раўнда, гэта яго найлепшы вынік на турніры «Вялікага шлема». На Алімпіядзе ў Токіа ён пратрымаўся даўжэй за ўсіх беларускіх тэнісістаў, дайшоўшы да 1/8 фіналу. Пасля Гульняў Ілья Івашка ва Уінстан-Сейлеме заваяваў свой першы тытул АТР-тура. За год Ілья падняўся да 48-й пазіцыі сусветнага рэйтынгу. І што гэта, калі не бліскучы прарыў?
А ў той жа час у сусветных басейнах вызначыўся яшчэ адзін беларус з імем Ілья. «Серабро» чэмпіянату Еўропы, два «золата» і «серабро» чэмпіянату Еўропы па плаванні на кароткай вадзе заваяваў у 2021 годзе Ілья Шымановіч. А яшчэ ён абнавіў сусветны рэкорд на этапе Міжнароднай лігі плавання (ІSL). Дыстанцыю ў 100 метраў у 25-метровым басейне ён пераадолеў за 55,28 секунды. Пад канец года Ілья Шымановіч стаў чэмпіёнам свету па плаванні на кароткай вадзе. Дыстанцыю ў 100 метраў брасам ён пераадолеў за 55,70 секунды, абнавіўшы ўласны рэкорд.
Беларускія баксёры паўтарылі поспех айчынных баксёраў на чэмпіянаце свету 2003 года. Тады Магамед Арыпгаджыеў заваяваў «серабро», а Віктар Зуеў — «бронзу». У 2021 годзе з планетарнага першынства з сярэбрным медалём вярнуўся Аляксей Алфёраў, а з бронзавым — Яўген Кармільчык.
Скачкі на батуце парадавалі не толькі алімпійскім «золатам» Івана Літвіновіча. На чэмпіянаце Еўропы ў індывідуальных спаборніцтвах Алег Рабцаў выйграў «золата», Уладзіслаў Ганчароў — «серабро». А разам яны сталі чэмпіёнамі Еўропы ў сінхронных скачках. Іван Літвіновіч, Алег Рабцаў, Уладзіслаў Ганчароў і Аляксей Дудараў падняліся на найвышэйшую ступень п'едэстала ў камандным заліку. На чэмпіянаце свету Алег Рабцаў і Андрэй Буйлоў узялі «золата» ў сінхронных скачках. Беларусы сталі чэмпіёнамі свету і ў камандным турніры. У індывідуальных спаборніцтвах Алег Рабцаў заваяваў «бронзу».
Паспяхова склаўся для беларусаў чэмпіянат свету па веславанні на байдраках і каноэ, адкуль яны прывезлі восем медалёў. У актыве спартсменаў — чатыры залатыя, два сярэбраныя і два бронзавыя медалі. Чэмпіёнамі свету сталі Мікіта Борыкаў, Вольга Клімава, экіпаж каноэ-чацвёркі ў складзе Алены Наздровай, Надзеі Макарчанкі, Аляксандры Калаур і Вольгі Клімавай і экіпаж байдаркі-чацвёркі: Марына Літвінчук, Маргарыта Махнёва, Надзея Папок і Вольга Худэнка. У агульным заліку беларуская каманда заняла другую пазіцыю.
Не адставала ад старэйшых калег і маладое пакаленне спартсменаў. А ў лёгкай атлетыцы моладзь нават пераўзышла дарослых. Беларусы заваявалі пяць медалёў на чэмпіянаце свету сярод юніёраў па лёгкай атлетыцы ў Кеніі. Столькі ж медалёў прывезлі з юніёрскай Еўропы. Прычым удалося гэта адным і тым жа спартсменам. Напрыклад, Мацвею Волкаву (скачкі з шастом) і Марыёле Букель (кіданне молата), Аліне Нікіценцы (кіданне дыска). Алеся Гетманава, Павел Глінчук, Арына Мартынава, Ксенія Дзібук сталі медалістамі юніёрскага чэмпіянату свету па барацьбе. А на І Гульнях СНД беларускія спартсмены заваявалі 69 медалёў, сярод якіх 8 залатых, 32 сярэбраныя і 29 бронзавых.
Мінулы год прыносіў беларускім спартсменам не толькі радасць перамог, але і горыч паражэнняў. Хакеісты не прайшлі алімпійскую кваліфікацыю, у вырашальным матчы ўступілі 1:2 камандзе Славакіі. На чэмпіянаце свету беларуская хакейная зборная прайграла шэсць матчаў з сямі і замкнула табліцу сваёй групы. Найбуйнейшым паражэннем у сваёй гісторыі «адзначыліся» беларускія футбалісты. У матчы адборачнага турніру чэмпіянату свету — 2022 яны ўступілі камандзе Бельгіі з вынікам 8:0. Не заўсёды шанцавала і тэнісістам. Беларускія тэнісісткі прайгралі камандзе Аўстраліі з вынікам 1:2 у розыгрышы Кубка Білі Джын Кінг, які праходзіў у Празе, і выбылі з барацьбы за галоўны трафей турніру. Мужчыны ўступілі сапернікам з Аргенціны ў 1-м крузе І сусветнай групы Кубка Дэвіса. Вынік сустрэчы — 4:1.
Мінулы 2021-ы год быў цікавы, але 2022-і будзе яшчэ цікавейшы. Інакш у спорце немагчыма. Наперадзе нас чакаюць зімовыя Алімпійскія гульні ў Пекіне, мноства незабыўных чэмпіянатаў свету і Еўропы, рэкордаў, перамог, сенсацый. І, спадзяемся, іх галоўнымі героямі будуць і беларускія спартсмены.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyskiya-gulni-u-tokia
[5] https://zviazda.by/be/tags/trybuny
[6] https://zviazda.by/be/tags/epidemichny-kantrol
[7] https://zviazda.by/be/tags/belaruskiya-spartsmeny