Падзеі ў Казахстане паказалі, наколькі важна мець надзейных саюзнікаў, заявіў [2] БелТА старшыня Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка.
«Сёння, ва ўмовах трансфармацыі свету, важныя не толькі ўнутраная стабільнасць, дыялог улады і народа, але і наяўнасць надзейных саюзнікаў, гатовых падставіць плячо ў патрэбную хвіліну. Падзеі ў Казахстане — яркае таму пацвярджэнне», – сказаў спікер ніжняй палаты парламента.
Паводле яго слоў, «мірныя» навагоднія пратэсты ў Казахстане, якія імгненна перараслі ў масавыя пагромы і бясчынствы, наглядна паказалі, што сёння ні адна дзяржава не застрахавана ад знешняга ўмяшання. «Тэхналогія кіраванага хаосу, паспяхова выпрабаваная ў розных кутках свету, у тым ліку і ў нас, чарговы раз паказала сваю эфектыўнасць. Сотні забітых, тысячы параненых — гэта далёка не поўны вынік «рэалізацыі дэмакратычных правоў грамадзян на пратэст». А менавіта так ацэньваюць крывавы шабаш у Казахстане прадстаўнікі Захаду», – падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.
Ён упэўнены, у сяброўскай нам краіне зроблена спроба дзяржаўнага перавароту, мэтай якога з’яўляліся захоп улады, стварэнне чарговага ачагу напружанасці і супрацьдзеянне інтэграцыйным працэсам на постсавецкай прасторы. Казахстанскі народ пры гэтым разглядаўся ўсяго толькі як разменная манета ў геапалітычнай гульні, а яго інтарэсы ўвогуле не прымаліся пад увагу.
«Разам з тым у Казахстане ўпершыню для стабілізацыі абстаноўкі быў задзейнічаны механізм прымянення міратворчых сіл АДКБ. Перад тварам знешняй небяспекі прэзідэнт краіны звярнуўся па падтрымку да саюзнікаў, і яна была неадкладна аказана, што стала нечаканасцю як для мяцежнікаў, так і іх заходніх апекуноў», – рэзюмаваў Уладзімір Андрэйчанка.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://www.belta.by/politics/view/andrejchenko-sobytija-v-kazahstane-pokazali-naskolko-vazhny-nadezhnye-sojuzniki-478927-2022/
[3] https://zviazda.by/be/tags/andreychanka
[4] https://zviazda.by/be/tags/kazahstan
[5] https://zviazda.by/be/tags/adkb