Зімой жыццёвыя працэсы дрэў запавольваюцца, і расліны ўступаюць у перыяд найбольшага спакою. Многія садоўнікі выкарыстоўваюць гэты час для абрэзкі. Так значна зніжаецца рызыка траўміраваць дрэва і нанесці яму шкоду.
Зімовая абрэзка дазваляе сфармаваць здаровую крону, якая добра прадзімаецца, а таксама ліквідаваць ачагі хвароб і хованкі шкоднікаў.
Густая лістота не перашкаджае працэсу, галінкі добра праглядаюцца. Так лягчэй заўважыць і выдаліць праблемную частку.
Пры зімовай абрэзцы змяншаецца і верагоднасць адставання кары. А яшчэ пры невялікім «мінусе» драўніну лягчэй пілаваць, ды і зрэз атрымліваецца раўнейшы. Акрамя таго, зімой запавольваецца развіццё патагенных мікраарганізмаў, а гэта значыць, што і рызыка заражэння здаровага дрэва значна памяншаецца. Да таго ж абрэзаць можна не баючыся, што вось-вось пачнецца рух соку.
Але ёсць у зімовай абрэзкі дрэў і недахопы:
Лічыцца, што з канца студзеня і да пачатку сакавіка можна праводзіць зімовую абрэзку саду. Галоўнае — паспець управіцца да пачатку руху соку.
Важная ўмова — захаванне тэмпературнага рэжыму (не ніжэй як -5°). Для работы выбіраюць ясны сухі дзень.
У марозную зіму абрэзка можа справакаваць з'яўленне ствалавых язваў, таму ў такім сезоне работы пераносяць на канец зімы.
Узімку праводзяць абрэзку пладовых дрэў — яблыні, грушы, вішні, слівы, а таксама кустоў — барбарысу, парэчак, агрэсту.
У халодны перыяд робяць абрэзку, якая фармуе крону дрэва, рэгулюе (зразаючы частку кроны, штучна «нармуюць» ураджай і нагрузку на дрэва), амалоджвае (для замяшчэння шкілетных галін маладзейшымі парасткамі) і пазбаўляе дрэва ад дэфармаваных галін (санітарная).
Пачынаюць абрэзку з больш спелых, пладаносных раслін, бо пладовыя пупышкі ў іх абуджаюцца раней, чым ліставыя.
Маладыя дрэвы ў перыяд фарміравання кроны і аслабленыя дрэвы лепш абразаць пазней, у канцы зімы ці ранняй вясной, за 3-4 тыдні да пачатку вегетацыі.
Спачатку варта абразаць дрэвы семечкавых парод, затым надыходзіць чарга костачкавых. Гэта звязана з тэрмінамі абуджэння раслін.
Неабходна карыстацца толькі чыстым і вострым секатарам ці нажоўкай.
Перад абрэзкай уважліва аглядаюць дрэва, каб намеціць меркаваную схему абрэзкі.
У першую чаргу пазбаўляюцца ад сухіх і хворых галін. Выдаляюць параснік, які з`яўляецца каля ніза ствала.
Зразаюць парасткі, якія растуць унутр кроны. Але не больш за 1/4 ад іх агульнай колькасці.
Пакарочваюць леташнія галінкі на траціну, робячы зрэз над пупышкай. Гэта падтрымае добрую форму дрэва і будзе стымуляваць развіццё новых пладовых галінак.
Выдаляюць галінкі, якія перакрыжоўваюцца і труцца.
Калі неабходна зразаць некалькі буйных галінак, не рэжуць усё адразу, рабіць гэта трэба на працягу двух-трох гадоў, каб мінімізаваць стрэс для расліны.
Аглядаюць галінкі на наяўнасць пашкоджанняў ці пацямненняў; калі заўважаюць нарасты, адразу ж выдаляюць іх.
Пры абразанні кустоў выдаляюць сухія і старыя галінкі, гэта палепшыць паступленне святла і паветра ў летні перыяд. Не зразайце ўсе парасткі пад корань, іх колькасць скарачаюць паступова. Для пачатку выдаляюць 1/4 старых парасткаў, а астатнія — на працягу наступных гадоў.
І хоць зімой бактэрыі і вірусы яшчэ неактыўныя, а да наступлення цяпла зрэзы павінны падсохнуць, лепш усё ж не рызыкаваць і апрацаваць раны спецыяльнай пастай, якая не гусцее пры нізкіх тэмпературах.
Ірына ТАМКОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-tamkovich
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/zima
[4] https://zviazda.by/be/tags/abrezka-dreu
[5] https://zviazda.by/be/tags/krynichka