У першы дзень Каляд давялося з'ездзіць дызель-цягніком у Лунінец. Так склаліся абставіны. Калі з Мінскам зносіны ў Палесся сёння забяспечаны хуткаснымі камфортнымі цягнікамі тыпу «штадлер», то з абласным цэнтрам не нашмат лепш, чым у вядомай Коласавай трылогіі. Да таго ж, нядаўна адмянілі штодзённы цягнік «Брэст—Гомель», якім апошнія паўтара дзясятка гадоў даводзілася не раз ездзіць у камандзіроўку. Цяпер выбар невялікі: альбо глыбокай ноччу цягніком, альбо цэлы дзень
«дызелем».
Пяць з нечым гадзін трэсціся на цвёрдым сядзенні, а потым яшчэ столькі ж назад, скажу вам, задавальненне так сабе. Але ж у любой сітуацыі можна знайсці нешта цікавае. Так і тут: цікава было часам назіраць за пасажырамі, якія выбраліся ў дарогу ў гэты святочны дзень. Ужо і не згадаю, на якой станцыі, сядзенне насупраць заняла сям'я з трох пакаленняў. Было відаць, што яны ледзьве паспелі, крыху змерзлі, крыху прагаладаліся, але былі ў надзвычай добрым настроі. Старэйшая, відаць, бабуля сямейства, адразу разаслала на сядзенні нейкую сурвэтку, стала даставаць з пакетаў пачастункі. У вагоне запахла апетытнымі стравамі. Яны пачалі дружна частавацца. І ўвесь час прымушалі есці хлопца гадоў сямнаццаці, які не вельмі налягаў на ежу. З іх крышачку шумных размоў, а найбольш з тэлефоннай гутаркі маладзейшай жанчыны — відаць, маці гэтага хлопца, паўставала гісторыя, якая і сабрала сям'ю ды выправіла ў дарогу. Забралі яны яго, як вынікала, ці не з міліцыі. «І шапка такая, і куртка рыхтык, шалік адзін да аднаго», — гаварыла маці ў тэлефон да суразмоўцы на тым канцы.
Словам, камера ў магазіне зафіксавала зладзюжку. Па гарачых слядах сталі шукаць, а паколькі выява была са спіны і бокам, твар пад маскай, то шукалі найбольш па вопратцы. Ну і нейкім чынам выйшлі на гэтага юнака, што, як падалося, вучыўся ў каледжы ў іншым горадзе. «Наш Сеня ніколі ручкі чужой ці алоўка за гады вучобы не ўзяў, — даводзіла маці ў тэлефон, — а тут такое на яго вешаць...» Відаць, што па сігнале зляцелася ўся сям'я. Паглядзелі тое відэа яшчэ раз — ды і адпусцілі хлопца. «Вось бачыш, як табе спатрэбіліся заняткі ў секцыі, а ты спачатку не хацеў ісці, ленаваўся, — выгаворваў дзед унуку. — Я адразу звярнуў увагу, што той злодзей сутулы, а ты ў нас — прамы як струна. Нічога, абышоўся лёгкім сполахам». І ўнук з разгубленай усмешкай згаджаўся.
«Добра, што добра канчаецца», — некалькі разоў паўтарыла бабуля, падкладваючы кожнаму па бутэрброду з мясам.
А я падумала, як добра, што ў гэтага юнака такая дружная сям'я. У дзяўчыны, пра якую нядаўна расказваў дырэктар аднаго з каледжаў, сям'я аказалася крыху іншай. Тая з малых гадоў была самастойнай, бо часта разлічваць ёй даводзілася толькі на сябе. Было нашай гераіні ўсяго шаснаццаць. Высокая ростам, статная, выглядала яна нашмат старэйшай за свой узрост. А вось сябравала з маленькай, худзенькай дзяўчынкай са звычайнай, даволі добрай, вясковай сям'і. І гэтая меншая была цалкам пад уплывам большай, бо апошняя ва ўсім трымалася як дарослая. І аднойчы тая задумала рушыць у падарожжа, бо вельмі хацела ўбачыць мора.
Як вядома, інтэрнэт у такой справе — найлепшы дарадца. Ніна, назавём яе так, усё прадумала, у галаве склала план, ну і падбіла сяброўку. Выправіцца дзяўчаты вырашылі ў Адэсу аўтастопам, маючы ў кішэні, можа, па якіх дзесяць рублёў. Для пачатку вандроўкі выбралі 9 мая, тады выпалі акурат чатыры выхадныя. Выхавальніку ў інтэрнаце сказалі, вядома, што едуць дадому. Ніна бацькам наогул нічога не гаварыла, а яе мініяцюрная сяброўка Зоя сказала, што ідуць у паход з групай на тры дні. Праз тры дні спахапіліся Зоіны родныя, забілі трывогу: спачатку думалі, што ў паходзе мог тэлефон разрадзіцца, а калі ў вызначаны час не дазваніліся да дачкі, то ўзнялі ўсіх на ногі. Тады і высветлілася, што ніякага паходу не было. Падключыліся праваахоўныя органы, але ніякіх слядоў, ніякіх версій адразу не ўзнікла, яны нікому з таварышаў па вучобе нічога не сказалі.
Пайшлі аб'явы, арыенціроўкі — без вынікаў... Вандроўніцы тым часам літаральна за два дні дабраліся да Адэсы, а каб неяк жыць далей, уладкаваліся ў кафэ на беразе мора падсобнымі рабочымі. І вось жа нейкім чынам прыцягнулі ўвагу тамтэйшага маёра паліцыі, які зайшоў перакусіць ці выпіць гарбаты. Прафесійная інтуіцыя падказала афіцэру сфатаграфаваць гэтых дзяўчатак ды вылажыць у сеціва. Завуч іх каледжа тады суткамі сядзела ў сацсетках у спадзяванні знайсці хоць якую зачэпку пра іх. А тут на табе: партрэты з каардынатамі.
Назаўтра ў Адэсу выправіліся з беларускага райцэнтра два афіцэры міліцыі. Як высветлілася пазней, нашых гора-падарожніц ніхто за дарогу не пакрыўдзіў. Наадварот, іх кармілі добрыя людзі, пакідалі на начлег. Прайшло з тых прыгод ужо некалькі гадоў. Паводле слоў дырэктара, абедзве даволі паспяхова скончылі каледж, атрымалі накіраванні на работу... А тады шчаслівыя бацькі нават моцна не лаялі валацуг. Толькі вахцёрка інтэрната доўга яшчэ пагражала ім пальцам, але дзякавала Богу, што добра скончыліся дурныя прыгоды...
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/bez-rubriki
[3] https://zviazda.by/be/tags/nefarmat-0