Пандэмія і закрытыя граніцы моцна ўдарылі па рынку арэнднага жылля галоўнага горада краіны. У пікавы момант сталіца пазбавілася 50—60 % кватэранаймальнікаў, рынак захлынуўся ад наплыву пустых кватэр, і цэны папаўзлі ўніз. Па словах экспертаў, у Мінску ў маі можна было зняць кватэру за 150 долараў у месяц. Вядома, гэта былі вельмі спецыфічныя варыянты, але раней такіх цэн не існавала ў прынцыпе.
Актыўнасць па пошуку арэнднага жылля ў сталіцы і цяпер застаецца нізкай, і, па вопыце мінулых гадоў, гэтая тэндэнцыя захаваецца як мінімум ажно да пачатку лютага. Колькасць свабодных для засялення кватэр, наадварот, працягвае расці, але істотных змен у стаўках арэнды не адбываецца. На думку гаспадароў жылля, цэны і так упалі «ніжэй за плінтус».
У снежні здымныя кватэры ў Мінску шукалі трохі часцей, чым месяцам раней, аднак попыт застаецца нізкім. Нават у параўнанні з крызіснай зімой 2020 года бягучая колькасць пошукавых запытаў «зняць кватэру ў Мінску» ў канцы гэтага года ніжэйшая на 20 %.
У той жа час прапанова кватэр у арэнду на рынку сталіцы працягвае павялічвацца, хоць ужо павольней, чым летам. У цэлым за ўвесь снежань свабоднымі для засялення былі каля 12 тысяч кватэр, што на 3 % вышэй, чым за ўвесь кастрычнік. У найбольшай ступені за месяц вырасла колькасць аб'яў аб здачы ў арэнду адна- і двухпакаёвых кватэр — на 3,5 % у абодвух выпадках. Трохпакаёвых кватэр стала больш толькі на 1 %.
На працягу мінулага года на рынку арэнды назіралася некалькі хваляў цэнавых зменаў. З пачатку года і да сакавіка стаўкі арэнды заставаліся нязменныя. У сакавіку пачаліся актыўныя продажы кватэр у новабудоўлях і на другасным рынку жылля. Гаспадары прададзеных кватэр са свайго жылля ўжо з'ехалі, а ў новае яшчэ не засяліліся па прычыне касметычнага рамонту чужых апартаментаў. У гэты час назіралася часовая актыўнасць кватарантаў. Дадзеная сітуацыя была гэтак нечаканай для рынку, што ён дазволіў стаўкам арэнды спыніцца. Але гэта быў кароткачасовы прыпынак.
Красавік, май і чэрвень сталі самымі «ціхімі» месяцамі года. У гэты час на рынак хлынула масіўная порцыя свабодных кватэр, а новыя кватаранты так і не прыйшлі. У ліпені — жніўні настаў час чарговай хвалі актыўнасці арандатараў пад назвай «студэнцкі ажыятаж». Верасень і кастрычнік рынак хутчэй выжываў, чым актыўна развіваўся. А апошнія месяцы года паніжаны попыт на кватэры прывёў да далейшага нязначнага зніжэння ставак арэнды.
Як адзначаюць кіраўнікі агенцтваў нерухомасці, здаць кватэру па леташніх цэнах ужо не атрымаецца па прычыне нізкага попыту. Заявак на арэнду мала, пры гэтым прапанова толькі расце. У сувязі з пандэміяй і закрытымі граніцамі Мінск пазбавіўся істотнай долі арандатараў — тых, хто прыязджаў у сталіцу на вучобу або работу (а гэта каля 30 % ад усяго рынку).
Прапанова ўжо перавышае попыт, і калі год-два таму зняць добрую кватэру ў Мінску была няпроста, то цяпер выбар вялікі.
Калі казаць аб бюджэтным сегменце, то кошты істотна знізіліся. Яшчэ год таму кватэры за 200—250 долараў ляцелі як гарачыя піражкі, зараз здаюцца з нацяжкай. За гэтыя грошы арандатары патрабуюць добрыя лакацыі, свежы рамонт, мэблю і тэхніку.
Паводле інфармацыйнага каталога найбуйнейшага агенцтва нерухомасці сталіцы, сярэдняя цана арэнды аднапакаёвай кватэры ў пачатку студзеня склала 220 долараў у эквіваленце. Сярэдні кошт рынкавай арэнды стандартных двухпакаёвых кватэр цяпер дасягае 270 долараў, а трохпакаёвых — 330 долараў у эквіваленце.
Ёсць у базе даных гэтага агенцтва сапраўды танныя жыллёвыя памяшканні, якія размешчаны ў прыгарадах сталіцы. У Міханавічах, у пасёлку Сокал і ў Бараўлянах можна знайсці прымальныя па цане, але слабыя па лагістыцы размяшчэння, кватэры ў старых пяціпавярховых дамах усяго за 160—180 долараў.
Разам з тым зараз на сайце «Куфар нерухомасць» ёсць некалькі дзясяткаў прапаноў неліквідных, бюджэтных кватэр і ў Мінску, за якія просяць 180—190 долараў у эквіваленце. Як правіла, гэта маленечкія аднапакаёвыя апартаменты ў Шабанах у дамах маласямейнага тыпу (па 4—6 кватэр у тамбуры), а таксама ў Чыжоўцы і ў раёне па вуліцы Казінца (практычна пустыя або з вельмі старой мэбляй). Маласямейкі лёгка адрозніць. Звычайна гэта дамы з 9 паверхаў з сотняй кватэр, калідорным тыпам тамбура і маленькімі плошчамі самога жылля — ад 21 «квадрата».
У рэгіёнах апошнім часам адзначаецца таксама павелічэнне колькасці пустога жылля, якое ўласнікі пачалі здаваць у доўгатэрміновую арэнду. Гэта былыя кватэры на суткі, попыт на якія ўпаў амаль у нуль. Яго значна менш, чым у Мінску, таму патанненне арэнды адбылося спачатку ў сталіцы, а потым перакінулася на рынкі ў абласных гарадах.
Практыка паказвае, што зняць кватэру ў Брэсце на працяглы тэрмін можна ў шырокім дыяпазоне цэн. На ўскраінах, у старым фондзе і без новага рамонту цэннік будзе значна дэмакратычнейшы, чым у абстаўленых усім неабходным кватэрах з рамонтам у цэнтральнай частцы горада. Усё залежыць выключна ад фінансавых магчымасцяў кватэранаймальніка і яго жыццёвых пераваг.
Бюджэтныя аднапакаёвыя кватэры без шыкоўнай мэблі пачынаюць выходзіць за рамкі 100 долараў. Праўда, варыянтаў па 90—95 долараў у эквіваленце не так ужо і шмат. Гэтыя кватэры-маласямейкі з агульнай плошчай да 21 квадратнага метра. У асноўным стандартныя невялікія кватэры здаюцца па 100—130 долараў.
Цэннік таннай двухпакаёвай кватэры пачынаецца ў горадзе над Бугам з 120 долараў, а сярэдняя цана такога жылля роўная 150 «зялёных» у эквіваленце. Трохпакаёвыя апартаменты здаюцца тут з вялікім скрыпам за 200 долараў, але сустракаюцца і варыянты за 140 долараў, у выпадку калі ў кватэры ніхто не прапісаны.
Праўда, у цэнтры горада добра абстаўленае жыллё прапаноўваецца ўжо па іншых цэнах. Адна- і двухпакаёвыя кватэры — 200—250 долараў, а трохпакаёвыя — і наогул за 300—350. Вось толькі ці здымаюць іх, вялікае пытанне.
«Здам аднапакаёвую кватэру ў цэнтры Гродна сямейнай пары (з дзецьмі або без) без хатніх жывёл і шкодных звычак. У кватэры добры рамонт, ёсць тэлевізар, убудаваная шафа і камод, прас, пральная машына, wіfі». Гэта тыповая аб'ява, якую бачыць кожны прыезджы ў гэты горад. Усё быццам бы зразумела, толькі цана на такую арэнду будзе нерэальна высокая (каля 300 долараў). На прасторах інтэрнэту можна адшукаць значна таннейшую.
Мінімальны цэннік у горадзе Гродне пачынаецца з 90 долараў. Праўда маласямеек у абласным цэнтры паменш, таму кватэра з такой стаўкай — звычайная хрушчоўка без рамонту ў старой пяціпавярхоўцы. У асноўным невялікія кватэры прапануюцца за 100—120 долараў. Бюджэтныя двухпакаёвыя кватэры можна зняць за 140—170 долараў у эквіваленце.
Звычайная стандартная трохпакаёвая кватэра ў дзевяціпавярховым панэльным доме здаецца за 200 долараў.
Як вядома, у пачатку восені звычайна назіраецца ажыўленне на рынку арэнднай нерухомасці. А ў Віцебску ўпершыню за апошнія дзесяць гадоў яго не было. І адпаведна цэны засталіся на ўзроўні мінулых гадоў і нават злёгку «аселі». Гэта звязана з тым, што значна павялічылася колькасць прапаноў. Людзі, якія раней мелі свабодныя кватэры і не здавалі іх, пачалі гэта рабіць.
І цяпер у горадзе рынак арэнды ў поўнай меры задавальняе попыт. Хоць раней быў дэфіцыт арэнднага жылля. На рынак арэнды ўплывае і тое, што ў ВНУ горада навучаецца шмат замежных студэнтаў, якія інтэрнатамі не забяспечаны. І такія арандатары гатовы плаціць крыху больш.
Калі ў цэнтральнай частцы горада аднапакаёвыя бюджэтныя кватэры здаюцца за 100 долараў, то на ўскраіне цэннік на не зусім ліквіднае жыллё ўпэўнена пачынаецца з 80 долараў. Двухпакаёвыя кватэры прапануюцца ад 100 да 150 долараў, а трохпакаёвыя — у раёне 180—200 долараў.
Прыкладна такія ж цэны на здымнае жыллё і ў Гомелі. А ў Магілёве сярэдні цэннік яшчэ на 3—5 долараў ніжэйшы.
У Беларусі плануюць пабудаваць больш арэнднага жылля, якое дазволяць выкупляць жыхарам. Пра гэта днямі расказаў міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч.
У міністэрстве плануюць рэзка нарасціць аб'ёмы будаўніцтва арэнднага жылля. Бо далёка не ўсе могуць дазволіць сабе набыць кватэру. Таксама міністр лічыць, што жыць трэба ўсім, так што неабходна пабудаваць арэнднае жыллё, засяліць туды чалавека, а ён у адпаведнасці з даходамі будзе прымаць рашэнне: альбо працягваць арандаваць гэтую кватэру, альбо праз некаторы час яе выкупляць.
Для гэтага, па словах міністра, неабходна скарэкціраваць дзеючае заканадаўства ў частцы выкупу такіх аб'ектаў.
Дарэчы, летась было пабудавана 120 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля. На погляд міністэрства, гэта вельмі мала. Таму гэтую лічбу трэба павялічваць у разы. «У нас такі настрой: выйсці па выніках пяцігодкі на 600 тысяч квадратных метраў у год як мінімум. Гэта датычыцца ў цэлым краіны, бо такія кватэры запатрабаваны не толькі ў Мінску, але і ў абласных і раённых цэнтрах», — заявіў Руслан Пархамовіч.
Аўтар гэтых радкоў 13 гадоў здымаў кватэру, а потым 12 гадоў ужо здаваў. Так што вопыт зносін са здымнымі кватэрамі маецца. Вось некалькі маіх парад.
Пячатка у пашпарце не мае ніякага значэння. Учарашнія маладыя могуць сапраўды гэтак жа хутка разбегчыся, як і пажаніліся. Пытацца трэба, як доўга жылі разам. Калі ў пары за плячыма ёсць хоць бы год сумеснага жыцця, то ёсць шанц, што вам не прыйдзецца шукаць новых жыхароў ужо праз месяц пад косыя погляды суседзяў, якім давялося назіраць бурнае завяршэнне адносін.
Ніколі не здаваць кватэру сваякам, сябрам, знаёмым. Я наступіў на гэтыя граблі двойчы, і абодва разы гэта стала кропкай у адносінах з наступным спальваннем усіх мастоў.
Няма правіла «сямейныя лепш студэнтаў». У мяне было некалькі перыядаў, калі кватэру здымалі студэнты — ні адзін не падвёў (калі не лічыць бруднай газавай пліты). А сям'і — 50 на 50.
Не варта шалёна гнацца за грашыма. Трэба быць чалавекам і шукаць адэкватных кватарантаў. Тады ўсім будзе шчасце.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[4] https://zviazda.by/be/tags/rynak-arendy
[5] https://zviazda.by/be/tags/kvatery
[6] https://zviazda.by/be/tags/arendnae-zhyllyo
[7] https://zviazda.by/be/tags/arenda