Затрыманне двух падазраваных, датычных да апрацоўкі раслін з утрыманнем наркотыкаў, стала вынікам сумеснай аперацыі супрацоўнікаў розных службаў Лепельскага РАУС. Мужчыны 44 і 30 гадоў былі спыненыя міліцыянерамі падчас транспарціроўкі чарговай партыі марыхуаны. Пры сабе ў іх меліся наркотыкі. Сапраўдны ж размах іх сямейнага промыслу стаў вядомы пасля вобыску ў дачным доме старэйшага са сваякоў.
Па інфармацыі УУС Віцебскага аблвыканкама, вясковы дом у глухой вёсцы быў пераўтвораны ў сапраўдны склад марыхуаны. Яе мужчыны захоўвалі ў трохлітровых слоіках, якія былі шчыльна закрытыя накрыўкамі. Таксама лепяльчане старанна сачылі за захаванасцю ўраджаю. Мінімум раз у тыдзень яны прыязджалі на месца захоўвання наркотыкаў для таго каб пратапіць жыллё. Усяго аператыўнікамі былі канфіскаваны больш за два кілаграмы забароненых рэчываў.
Сталі вядомыя і шляхі ўзнікнення такой колькасці марыхуаны. Аказалася, што насенне канапель мужчыны набылі ў знаёмых. Пасля гэтага яны ўдалечыні ад людскіх вачэй засеялі поле нарказмяшчальнымі раслінамі і сабралі вялікі ўраджай. Падазроныя затрыманы, у адносінах да іх заведзена крымінальная справа, таксама міліцыянерамі яны правяраюцца на датычнасць да збыту марыхуаны.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/maryhuana
[2] https://zviazda.by/be/tags/kryminal
[3] https://zviazda.by/be/tags/lepelski-rayon