У Брэсцкую вобласць паступілі тры перасовачныя медыцынскія комплексы. Яны прызначаны для Брэсцкага, Баранавіцкага і Пінскага рэгіёнаў, паведаміў [1] БелТА намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Дзмітрый Гарагляд.
Гэта пілотны праект Міністэрства аховы здароўя. Медкомплексы цэнтралізавана закуплены за кошт абласнога бюджэту. У Брэст, Баранавічы і Пінск яны прыбылі напрыканцы снежня. «Мабільныя медкомплексы будуць па графіку прыязджаць у аддаленыя вёскі і аблегчаць жыццё вяскоўцаў. Там можна будзе атрымаць спектр неабходнай меддапамогі: лячэнне і дыспансерызацыю, дыягностыку і лабараторныя даследаванні, вакцынацыю», — расказаў Дзмітрый Гарагляд.
Медкомплекс абсталяваны на базе аўтобуса ПАЗ. Салон падзелены на адсекі і прыстасаваны для прыёму пацыентаў. Унутры ўстаноўлены кушэткі, маніпуляцыйныя столікі, шафы і халадзільнікі для захоўвання розных прэпаратаў, гінекалагічнае крэсла. Таксама ёсць бактэрыцыдны апрамяняльнік, аўтаномны абагравальнік, кандыцыянер, ракавіны з магчымасцю падагрэву вады.
У такіх медыцынскіх комплексах будуць працаваць урач агульнай практыкі, памочнік урача і медсястра. Першыя рэйсы ў Пінскім і Брэсцкім раёнах намечаны на 24 студзеня. Да канца месяца «паліклініку на колах» плануюць запусціць у Баранавіцкім раёне.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/regions/view/peredvizhnye-medkompleksy-zakupili-dlja-brestskogo-baranovichskogo-i-pinskogo-regionov-480299-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/medycyna
[3] https://zviazda.by/be/tags/bresckaya-voblasc