У суботу і нядзелю ў нас будзе ўначы марозна, а спачатку наступнага тыдня на тэрыторыі краіны захаваецца зімовы характар надвор’я, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Моцны парывісты вецер будзе трывожыць нас і ў пятніцу 21 студзеня. У гэты дзень пад уплывам атмасферных франтоў чакаецца часам снег, месцамі завіруха. На асобных участках дарог прагназуецца галалёдзіца. На большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца ўзмацненне ветру да 15–20 м/с. Максімальная тэмпература паветра складзе ад мінус 5 да плюс 1 градуса.
А вось у выхадныя дні чакаецца зімовае надвор’е. Пры адмоўнай тэмпературы паветра ападкі будуць ісці ў выглядзе снегу. Пры ўзмацненні ветру закруціць завіруха. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца.
Пахаладанне прыйдзе да нас ужо ў суботу, калі часам будзе снег і ўсталюецца слабая завіруха. На асобных участках дарог галалёдзіца. Уначы месцамі па паўднёвым захадзе прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі да 15–18 м/с. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны будзе 3–10 марозу. Удзень тэмпература паветра таксама адмоўная — мінус 1–8 градусаў.
У нядзелю маразы пачнуць узмацняцца якраз уначы. У гэтыя суткі ўначы на большай частцы тэрыторыі краіны, а ўдзень месцамі пройдзе кароткачасовы снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе 5–12 марозу, пры праясненнях — да мінус 13–15 градусаў. У дзённы час тэмпература паветра будзе вагацца ад 3 да 10 градусаў ніжэй за нуль.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пачатку наступнага тыдня зімовы характар надвор’я захаваецца. У панядзелак месцамі па краіне пройдзе невялікі снег. На асобных участках дарог будзе галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 8–15 градусаў, пры праясненнях — 16–21 градус ніжэй за нуль. Удзень тэмпература паветра будзе 3–10 марозу.
Сяргей КУРКАЧ
Фота Маргарыты ПАЛЮХОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/author/margaryta-palyuhovich
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/minpryrody
[5] https://zviazda.by/be/tags/nadvore
[6] https://zviazda.by/be/tags/marazy
[7] https://zviazda.by/be/tags/paryvisty-vecer