Аказваецца, наш арганізм здольны сам сябе ачысціць ад таксінаў і нават стаць маладзейшым пасля галадання. Гэта сістэма ўтылізацыі і перапрацоўкі непатрэбных клетачных частак і ўласных мёртвых клетак атрымала назву аўтафагія. Дык ці карыснае галаданне, якое цяпер так папулярна? Каму яно паказана, а каму ні ў якім разе нельга прапускаць нават адзін прыём ежы? Як працуе механізм самаачышчэння і што запускае гэтыя працэсы? Галадаць — значыць увогуле нічога не есці альбо дастаткова стварыць дэфіцыт калорый? Якіх захворванняў гэта дазволіць пазбегчы? Разабрацца ў гэтым нам дапамог нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гумен Гарбанніджад.
— Доктар Гумен, існуе папулярнае меркаванне, што рэгулярнае харчаванне — элемент здаровага ладу жыцця. Галаданне не шкоднае для арганізма?
— Менш есці ці некаторы час увогуле не прымаць ежу — гэта не экстрэмальная сітуацыя для арганізма. Нашы далёкія продкі ўвогуле не мелі рэгулярнага харчавання, бо елі толькі тады, калі паляванне аказвалася ўдалым. Таму арганізму больш падыходзіць такі рытм, калі ён есць, а потым нейкі час галадае. І гэта карысна. Калі ўжо людзі пачалі займацца сельскай гаспадаркай і самі вырошчвалі зерне, доступ да ежы стаў часцейшы, але гэты механізм у нашым арганізме захаваўся. Прычым ён існуе не толькі ў чалавечым арганізме. Вывучалася аўтафагія, напрыклад, на лабараторных мышах.
Бельгійскі біяхімік Крысціян дэ Дзюў, які вывучаў аўтафагію ў тканках печані, атрымаў Нобелеўскую прэмію ў 1974 годзе, але ён не моцна паглыбляўся менавіта ў гэту тэму. А вось у 2016 годзе японскі вучоны Ёсіноры Асумі таксама атрымаў Нобелеўскую прэмію і больш глабальна растлумачыў, што такое аўтафагія.
Даслоўны пераклад з лацінскага — «сам сябе з'ядае». Гучыць не вельмі прывабна, тым не менш голад нясе вялікую карысць арганізму. Мы ведаем, што нашы клеткі пастаянна размнажаюцца, жывуць і праз нейкі час паміраюць. А ці задаваліся вы пытаннем, куды дзяваюцца гэтыя мёртвыя клеткі? Назапашваюцца ў арганізме. Як і мёртвыя вірусы і бактэрыі, якія штодзённа знішчае наш імунітэт, а таксама вялікая колькасць бракаваных бялкоў. Усё гэта таксічна для нашага арганізма. Вялікія запасы такога клеткавага «смецця» парушаюць функцыі нашай імуннай сістэмы, бо імунныя клеткі праз кучу гэтага «смецця» мусяць прабівацца да паталагічных ракавых клетак, а таксама вірусаў ці бактэрый, каб іх знішчыць.
Калі арганізм пераходзіць у рэжым галадання, яму дзесьці трэба браць энергію і будаўнічы матэрыял. Няма іншага выйсця, як перапрацоўваць гэта клеткавае «смецце» — мікробы, вірусы, мёртвыя клеткі — і выкарыстоўваць іх у якасці энергіі. Вось так арганізм ачышчаецца ад шклакаў. Гэта прыводзіць да паляпшэння яго работы, у тым ліку нашай імуннай сістэмы, нават дазваляе пазбавіцца некаторых захворванняў — такіх як цукровы дыябет 2-га тыпу, некаторых дэгенератыўных нервовых захворванняў — напрыклад, хваробы Паркінсона, Альцгеймера, дэменцыі, якія звязаны з назапашваннем паталагічных бялкоў у нервовых клетках, і нават можа папярэдзіць развіццё раку.
— Колькі трэба галадаць, каб запусціць гэты механізм?
— Працэс аўтафагіі пачынаецца тады, калі ў нашай печані і мышцах заканчваецца глікаген. А гэта адбываецца дзесьці праз 18 гадзін галадання. Такім чынам, калі мы столькі не прымаем ежу, запускаецца аўтафагія. Чым даўжэй чалавек адмаўляецца ад ежы, тым больш інтэнсіўна гэты механізм пачынае працаваць.
Але тут важна сказаць, што мы не ставім мэту выпрабоўваць арганізм на трываласць і ламаць яго. Мы хочам прымусіць яго ўсяго толькі перапрацаваць тое клеткавае смецце, якое маецца. Таму гэта ні ў якім разе не шматдзённае галаданне і анарэксія, якая ўжо з'яўляецца хваробай і можа прыводзіць да смерці.
— Як тады правільна галадаць?
— Розныя дыетолагі прапаноўваюць розныя спосабы галадання. Ёсць 24-гадзіннае — не прымаць ежу на працягу сутак. Ёсць іншы спосаб: адзін дзень мы харчуемся звычайна, атрымліваем, скажам, дзве тысячы кілакалорый, а на наступны дзень спажываем усяго 500 кілакалорый, і так праз дзень.
Калі словы «галаданне» і «дыета» палохаюць, можна выключыць адзін прыём ежы: замест трохразовага харчавання перайсці на двухразовае. Ёсць яшчэ харчаванне, напрыклад, 16х8, або інтэрвальнае галаданне — на працягу васьмі гадзін мы прымаем ежу, затым робім 16-гадзінны перапынак.
Можна выбраць прадукты, якія будзем ужываць толькі ў пэўны час, напрыклад, калі немагчыма абыходзіцца без салодкага, то яго лепш есці раніцай, калі ў нашым арганізме вышэйшы ўзровень інсуліну. У другой палове дня, калі ён зніжаецца, цукру лепш пазбягаць. Увогуле ў другой палове дня ежа павінна быць меншай і па каларыйнасці, і па аб'ёме порцый. Сняданак з'еш сам, абед раздзялі з сябрам, вячэру аддай ворагу — гэта сапраўды працуе.
Таксама ёсць розныя вегетарыянскія дыеты, якія выключаюць пэўны набор прадуктаў. Калі бялкі жывёльнага паходжання не трапляюць у наш арганізм, ён пачынае шукаць іх з дапамогай аўтафагіі. Аднак вегетарыянская дыета, па меркаванні большасці вучоных, цяпер лічыцца не самай лепшай.
У 2019 годзе амерыканскі часопіс правёў даследаванне: адну групу людзей кармілі з 8 да 14 гадзін, астатні час яны галадалі. Другую групу кармілі з васьмі раніцы да 20 гадзін. Аказалася, што ў першай групе праз пэўны час палепшылася самаадчуванне, людзі скінулі вагу, павялічылася адчувальнасць клетак да інсуліну, паказчыкі крыві палепшыліся, і з часам у іх менш выпрацоўвалася гармонаў голаду, яны лепш яго пераносілі. А ў другой групе нічога не змянілася.
З усіх спосабаў галадання, паводле меркавання вучоных, на сёння самым эфектыўным з'яўляецца інтэрвальны спосаб 6х18 — на працягу шасці гадзін у суткі есці, а затым на 18 гадзін рабіць перапынак.
— Падчас галадання можна піць ваду?
— Безумоўна. Вада нашаму арганізму патрэбна, бо мы больш чым на 70 % складаемся з яе. Гэта крыніца жыцця, і ўсе хімічныя працэсы ў нашым арганізме адбываюцца ў водным асяроддзі. Шлакі і непатрэбныя рэчывы для арганізма выводзяцца з дапамогай нырак, а значыць, і вады. На працягу дня ў арганізме назапашваецца вялікая колькасць гармону стрэсу, ён выводзіцца з арганізма таксама праз ваду. Калі мы «перасушваем» арганізм, кроў становіцца больш густой, а гэта рызыка ўтварэння тромбаў. Таму абмяжоўваць колькасць вады не трэба, тым больш што яна не тармозіць працэс аўтафагіі.
— Ці патрэбна галаданне худым людзям, якія і так вядуць актыўны спосаб жыцця ці фізічна працуюць?
— Тут не трэба блытаць паняцці аўтафагіі і пахудзення. Аўтафагія не для барацьбы з лішнімі кілаграмамі, а для запуску працэсаў ачышчэння. І ў стройных людзей у арганізме адбываюцца працэсы дзялення і адмірання клетак, з'яўляюцца бракаваныя бялкі, назапашваюцца шлакі. Калі вы фізічна працуеце ці маеце пастаянную фізічную нагрузку, то каб аўтаматычна запусціць працэс аўтафагіі, дастатакова проста падчас інтэнсіўнай работы менш спажываць калорый — іх недахоп арганізм будзе кампенсаваць за кошт унутранага «смеццевага» рэсурсу.
Безумоўна, запуск механізму аўтафагіі больш актуальны для людзей, якія мала рухаюцца: прыходзяць з работы і ўладкоўваюцца на канапе, пры гэтым у халадзільніку шмат ежы, а па тэлевізары — цікавых праграм. Людзей, якія працуюць фізічна, становіцца менш, жыццё ў горадзе не такое актыўнае: мы едзем на работу на машыне ці аўтобусе, падымаемся на ліфце, гіпадынамія становіцца часткай нашага жыцця. Аднак натуральныя ўмовы жыцця для чалавека — тыя, дзе мала ежы і шмат руху.
Чаму ў сучасным жыцці мы пачынаем есці больш, чым нам патрабуецца? Гэта звязана з хваробай цывілізацыі: усім нам не хапае гармону шчасця. І яго недахоп мы пачынаем кампенсаваць ежай. Асабліва калі дзень быў цяжкі, мы прыходзім дадому і заядаем стрэс — гэта хутка і проста, бо імгненна выпрацоўваецца гармон шчасця. Але на кароткі прамежак часу, а арганізму потым варта гэтыя калорыі спаліць. Ежа — самы лёгкі спосаб задавальнення, а варта вучыцца атрымліваць яго ад нечага іншага.
— Ёсць такое меркаванне: небяспека галадання ў тым, што арганізм, адчуўшы нерэгулярнае паступленне харчавання, пачынае пры любой магчымасці актыўна рабіць запасы, адкладваючы іх на нашых сцёгнах і жываце...
— Гэта міф тых, хто не хоча худзець. Калі ў арганізме недахоп калорый, ён не можа іх адкладваць — ён іх «спальвае». Калі ж пераядаць, то, зразумела, усё адкладваецца. Калі пасля галадання накідвацца на халадзільнік, то пазбавіцца лішніх кілаграмаў не атрымаецца.
— Ці ёсць людзі, якім супрацьпаказана галаданне?
— Кожны арганізм індывідуальны і не існуе ўніверсальных рэцэптаў, таму ў любым выпадку лепш параіцца з доктарам. Людзі з цукровым дыябетам у цяжкай форме не могуць галадаць, бо прыёмы ежы звязаны з уколамі інсуліну. Для хворых на рак гэта абсалютнае супрацьпаказанне, як высветлілі вучоныя, бо галаданне актывізуе ракавыя клеткі фагасомы, яны становяцца больш устойлівымі да стрэсавай сітуацыі.
— «Не будзеш есці — страўнік пераварыць сам сябе» — такія страшылкі можна пачуць ад бабулі ці матулі... Ці ёсць небяспека нашкодзіць галаданнем страўнікава-кішачнаму тракту?
— Страўнік сам сябе не можа пераварыць, бо яго слізістая абалонка абаронена ад стрававальных ферментаў. Аднак людзі, якія маюць праблемы са страўнікава-кішачным трактам, павінны раіцца з доктарам. Для здаровага арганізма аўтафагія цалкам магчыма.
— Ці ёсць лекавыя прэпараты, якія дапамагаюць актывізаваць аўтафагію?
— Калі вучоныя даказалі, што галаданне прыносіць карысць, то кампаніі, якія вырабляюць прадукты, пачалі распрацоўваць спецыяльнае харчаванне, якое быццам бы ўзмацняе аўтафагію, а фармацэўтычныя вытворцы — прыдумваць лекі, якія яе запускаюць ці ўзмацняюць. Але вядома, што ніякае харчаванне не можа ўзмацняць аўтафагію: яна наступае толькі тады, калі чалавек не есць. Таму гэта не больш чым маркетынгавы ход. Ніякі лекавы прэпарат яе запусціць таксама не можа. Адзінае, што было заўважана, лісце трапічнай расліны Morіnga Oleіfera крыху ўзмацняе аўтафагію і садзейнічае ачышчэнню арганізма, яе дадаюць у біялагічна актыўныя дабаўкі.
Таму выйсце адзінае — ствараць дэфіцыт калорый.
— Тады якая дыета ці спосаб харчавання самыя лепшыя?
— Аптымальнай можна назваць міжземнаморскую дыету і перыядычнае інтэрвальнае галаданне 6х18. Ёсць такое паняцце — франзцузскі парадокс. Гэта параўнальна нізкі ўзровень сардэчна-сасудзістай і анкалагічнай захваральнасці ў жыхароў Францыі пры дастаткова высокакаларыйным рацыёне, багатым на тлушчы. Вучоныя прапаноўвалі розныя гіпотэзы, каб растлумачыць гэтую з'яву, пакуль не прыйшлі да высновы, што найбольш імавернай прычынай французскага парадоксу стала ўжыванне французскага чырвонага сухога віна.
Дык вось, міжземнаморская дыета ўпершыню была прадстаўлена ў 50-я гады мінулага стагоддзя, яна звязана з французскім парадоксам. Было заўважана, што людзі ў пэўным рэгіёне (у 16 краінах) менш хварэюць на сардэчна-сасудзістыя хваробы. Зразумела, у кожнай краіне свае мясцовыя звычкі і традыцыі, рэлігія, і дыеты крыху адрозніваюцца, але маюць шэраг агульных рыс.
Такім чынам, міжземнаморская дыета ўключае вялікія дозы свежых пладоў, гародніны, бульбы, арэхаў і семя, хлеба і макароны з цвёрдых гатункаў пшаніцы. Фрукты з'яўляюцца штодзённым дэсертам. Да 30 % калорый жыхары гэтых краін атрымліваюць, ужываючы аліўкавае нерафінаванае масла. У рацыёне невялікая колькасць малочных прадуктаў — сыры ды ёгурты. Мінімальная колькасць яек — не больш чым чатыры ў тыдзень. Рыба і птушка — у малых і сярэдніх дозах, жывёльнае мяса — у малой колькасці. Ну і ўмераныя дозы чырвонага віна — 100 грам для жанчын і 200 грам для мужчын.
Аднак самае галоўнае ў гэтай дыеце — актыўны спосаб жыцця. Калі яго няма, гэта не пра міжземнаморскую дыету, а проста пра смачна паесці.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/gumen-garbannidzhad
[5] https://zviazda.by/be/tags/harchavanne
[6] https://zviazda.by/be/tags/galadanne