Амаль кожны дзень у прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі і па-за межамі нашай краіны. Але ў яе прафесійным партфоліа не толькі выпускі навін. «Галоўны эфір», «Кулінарная дыпламатыя», а цяпер яшчэ і дзіцячы праект «Я ведаю!» Карэспандэнт «Звязды» прапанавала вядомай тэлевядучай не толькі пагутарыць пра асноўныя складнікі жыцця, але і даць ім адзнаку ад 0 да 10. Дачытайце да канца, і вы даведаецеся рэцэпт гарманічнага жыцця ад Юліі Пярцовай.
— Нядаўна вы выйшлі на работу пасля дэкрэтнага водпуску. Як правіла, тэлевядучыя не затрымліваюцца ў дэкрэце надоўга. Вы ў гэтым сэнсе прыемнае выключэнне. Два разы па тры гады. З чым звязана такая пазіцыя?
— Калі з’явіліся на свет дзеці, у маім жыцці адбыўся сапраўдны цуд. Я не магла адарвацца ад іх і цяпер не магу. Пры любой магчымасці абдыму і пацалую. Лічу, што матуліна цяпло, любоў, пяшчота вельмі важныя для дзіцяці, асабліва ў першыя гады жыцця. Другі дэкрэт скончыўся крыху хутчэй. Міша пайшоў у дзіцячы садок у два з паловай гады, і я адразу вярнулася ў каманду. Для мяне, канешне, было вельмі важна, як сын адаптуецца ў новым калектыве, бо мяне побач не будзе. Мабыць, падыход — мінімум нервознасці, максімум увагі і матулінай любові ў першыя гады жыцця немаўляці — спрацаваў. Міша без праблем увайшоў у новы калектыў, а я спакойна выйшла на работу. У прамы эфір мяне ўвялі практычна адразу. Вельмі хутка прыйшла і прапанова стаць часткай тэлевіктарыны «Я ведаю!» Гэта сумесны праект Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі. Я адразу згадзілася. Было вельмі цікава не толькі набыць новы прафесіянальны вопыт, але і пагутарыць з настаўнікамі і школьнікамі. Я ж мама пяцікласніцы! І вось пяты юбілейны сезон ужо ў эфіры! Раю глядзець яго ўсім, нягледзячы на ўзрост. Вы праверыце свае веды і логіку, бліжэй пазнаёміцеся з падрастаючым пакаленнем (чым яно зараз жыве, пра што марыць); палюбуецеся на нашых педагогаў, на іх трапяткія адносіны да сваіх вучняў; і пасмеяцеся ад душы: як жа ў дзіцячай праграме без дзіцячай непасрэднасці!
— З самага дзяцінства я была акружана любоўю і клопатам. Мне так добра было дома, сярод родных, што большую частку вольнага часу я праводзіла з сям’ёй. З гадамі звычкі не змяніліся, толькі зараз я спяшаюся дамоў да свайго мужа і дзяцей. А раніцай стараюся заехаць да бацькоў, каб за філіжаначкай кавы абмеркаваць сумесныя справы і планы. І, канешне, на працягу дня я заўсёды на сувязі са сваімі роднымі. Мне гэта неабходна, бо яны — маё жыццё!
— У 2021 годзе ваш муж (Уладзімір Пярцоў. — Заўв. рэд.) узначаліў Міністэрства інфармацыі нашай краіны. Як вы адчуваеце сябе ў новай ролі?
— Што датычыцца пасады майго мужа, скажу коратка: пасля яго прызначэння я стала больш слухаць і менш гаварыць. (смяецца).
— Вы цудоўна выглядаеце. Упэўнена, прытрымліваецеся здаровага ладу жыцця. Ад чаго, на ваш погляд, у цэлым залежыць здароўе чалавека? І ці ўсё ў гэтым сэнсе ў нашых руках?
— Насамрэч, я з тых людзей, якія бягуць на прыём да ўрача, калі ўжо некуды дзявацца! Гэта няправільна, але, як толькі трапляеш да спецыяліста, ён заўсёды знойдзе, што лячыць, і гэта можа доўжыцца бясконца. Безумоўна, за здароўем трэба сачыць, падтрымліваць свой імунітэт. Многае ў гэтым сэнсе ідзе з сям’і. З самага дзяцінства мяне прывучылі пастаянна мыць рукі, менш наведваць месцы з вялікай колькасцю людзей. Таму тыя правілы, з якімі мы сутыкнуліся падчас пандэміі каранавіруса, для мяне не сталі навіной, а былі актуальныя заўсёды. Акрамя масачнага рэжыму, канешне. Але і да гэтага я хутка прывыкла. Безумоўна, я стараюся прытрымлівацца здаровага ладу жыцця. У мяне ёсць некалькі залатых правілаў: шклянка цёплай вады з долькай лімона нашча, 1,5-2 л. негазаванай вады на працягу дня. Таксама сярод маіх добрых звычак «10 тысяч крокаў»: штодзённыя вячэрнія вандроўкі, скандынаўская хада. Канешне, работа ў кадры патрабуе трымаць сябе ў добрай форме. Таму перыядычна выконваю інтэрвальнае галаданне 16/8 і стараюся не есці пасля 18 гадзін. Аднак адмовіцца ад свежага хлеба, беларускага шакаладу і жэлацінак я не ў сілах!
— У нашай культуры не прынята казаць пра дабрабыт чалавека. Мне здаецца, такое табу мае гістарычныя карані. Сёння ёсць меркаванне, што грошы — гэта пабочны прадукт поспеху. Наколькі вы з гэтым згодны?
— Цікавае пытанне, але лепш за ўсё на яго адказала мая сястра ў сваім вершы.
Встречаются нам люди не случайно
(И разные!) на жизненном пути. Зачем?
Так это ведь давно не тайна,
То — знаки, чтобы истину найти,
Чтоб понимать, зачем мы в мире этом,
Чтоб справедливей и мудрее быть,
Чтоб наполняться ярким чистым светом,
Чтоб след оставить, а не наследить.
Но мы воюем, создавая братства,
А нам бы понимать и не забыть —
С собою лишь духовные богатства
В иную жизнь позволят захватить.
Самае важнае для чалавека — гэта багацце духоўнае. Для мяне гэта любоў да дзяцей, сям’і, людзей. Гэта маральныя паводзіны, міласэрнасць, пачуццё меры. З гэтым я стараюся ісці па жыцці.
— Закранем яшчэ адзін важны складнік жыцця — сяброўства. Наколькі пасля падзей 2020 года паменшылася колькасць кантактаў у тэлефоннай кніжцы? І хто яны самыя адданыя сябры Юліі Пярцовай?
— Мае самыя адданыя сябры — гэта мая сям’я! Я чалавек адкрыты, нават празмерна. З аднаго боку, гэта плюс: у мяне шырокае кола зносін і мне лёгка знайсці агульную мову з людзьмі. Лічу, што гэтая якасць дапамагала мне ў такіх праектах, як «Кулінарная дыпламатыя» і «Я ведаю!» З другога боку, гэта мінус: людзі карыстаюцца маёй адкрытасцю, а закрыцца ад усіх мне складана. Я не магу не ўсміхацца і быць няветлівай.
Дарэчы, спіс кантактаў у маім тэлефоне ў 2020 годзе амаль не змяніўся. Уразіў толькі адзін чалавек. Не раззлаваў, а менавіта ўразіў. Гэтай сяброўцы я хацела прапанаваць пахрысціць майго сына! Узгадваючы нашыя зносіны, усё стала на свае месцы — гэта была фальш. Эмацыянальна складаны перыяд нас усіх абудзіў, паказаў, хто сапраўдны сябар, паплечнік, калега, а хто насіў маску. Самае галоўнае ў сяброўстве не гендар, не ўзрост, а перш за ўсё шчырасць.
— Не сакрэт, што кожны чалавек павінен мець занятак «для сябе», каб перазаражацца і напаўняцца новымі сіламі і энергіяй. Ці ёсць у вашым жыцці такое хобі?
— Уяўляеце, раней я калекцыянавала божых каровак. Не жывых, канешне. Усе, хто мяне ведаў, дарылі фігуркі, статуэткі, брошкі, завушніцы ў выглядзе гэтых яркіх насякомых. Божыя кароўкі асацыяваліся ў мяне з надыходам вясны, сонейкам, пазітывам. Зараз дакладнага хобі няма, але ж я знаходжуся ў пошуку, бо лічу, што чалавек абавязкова павінен быць заняты і для самаразвіцця, і для супакою. Выдатны ў гэтым сэнсе прыклад мая сястра Наталля Ігнаценка. Яна робіць паштоўкі. На любы густ і для розных нагод. У яе дома сапраўдная фабрыка! Ад гэтага занятку яна атрымлівае вялікае задавальненне! Ці мой тата (Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў. — Заўв. рэд.), які вырашыў паведаць свае гісторыі і думкі ў кнігах. Я ж у вольны час люблю пачытаць, паглядзець кінастужкі, серыялы, блогераў. Трэба ж быць валодаць моднымі тэндэнцыямі! Магу пакатацца на роліках, ровары, згуляць у вялікі тэніс. Люблю слухаць музыку: ад класікі да Маргенштэрна.
— Не трэба быць дыпламаваным псіхолагам, каб, гледзячы на вашы высокія адзнакі, зрабіць вывад, што ваша жыццё дорыць вам задавальненне і нагоды для трывогі няма, хоць і ёсць некаторыя напрамкі, над якімі трэба крыху папрацаваць. У цэлым жа відавочна, што вы жывяце ў гармоніі. Юлія, што для вас асабіста азначае гэтае слова?
— Першапачаткова слова «гармонія» ужывалася як музыкальны тэрмін і мела значэнне «строй», «лад», «парадак»... Я, як гармонія, за парадак ва ўсім! Калі будзе інакш, узнікае хаос — у сям’і, на рабоце і нават у краіне!
Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ
Фота з асабістага архіва Юліі Пярцовай
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/kacyaryna-tumas-cishkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/yuliya-pyarcova
[4] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-pyarcou
[5] https://zviazda.by/be/tags/atn