Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч бярэ ўдзел у 150-й сесіі Выканаўчага камітэта Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якая праходзіць у Жэневе, паведамляе [1] прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
У парадак дня сесіі ўключаны 55 пунктаў і падпунктаў, аб’яднаных у чатыры структурныя блокі. Плануецца, што члены выканкама абмяркуюць такія глабальныя праблемы аховы здароўя свету, як ахоп паслугамі аховы здароўя, рэагаванне СААЗ на надзвычайныя сітуацыі ў галіне грамадскай аховы здароўя, павышэнне ўзроўню здароўя і дабрабыту.
Таксама будуць абмеркаваны бюджэтна-фінансавыя пытанні. У планах удзельнікаў паседжання таксама прыняць канчатковае рашэнне аб вылучэнні кандыдата для абрання на пасаду Генеральнага дырэктара СААЗ. Канчаткова кандыдатура на пасаду кіраўніка СААЗ павінна быць зацверджана Сусветнай асамблеяй аховы здароўя ў маі 2022 года.
Падчас камандзіроўкі Дзмітрый Піневіч таксама плануе правесці працоўныя сустрэчы з кіраўніцтвам шэрагу міжнародных арганізацый.
Нагадаем, у маі 2021 года на пасяджэнні 74-й сесіі Сусветнай асамблеі аховы здароўя Беларусь была абрана ў склад Выканаўчага камітэта СААЗ на 2021-2024 гады. Членам выканкама быў назначаны міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, а яго намеснікам — пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Юрый Амбразевіч.
Выканаўчы камітэт з’яўляецца ключавым дырэктыўным органам СААЗ. У яго ўваходзяць 34 эксперты, як правіла, на ўзроўні кіраўнікоў органаў аховы здароўя, якія прадстаўляюць дзяржавы — члены СААЗ і выбіраюцца на трохгадовы перыяд.
Спасылкі
[1] https://t.me/minzdravbelarus
[2] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-pinevich-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/saaz
[4] https://zviazda.by/be/tags/zheneva-1