У Беларусі за 2021 год зарэгістравана 1496 новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, паказчык захваральнасці застаўся на ўзроўні 2020 года і склаў 16 выпадкаў на 100 тыс. насельніцтва. Такая інфармацыя размешчана на сайце Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, паведамляе [1] БелТА.
Больш за ўсё выпадкаў ВІЧ-інфекцыі за год выяўлена ў Гомельскай вобласці — 386, Мінску — 396, Мінскай вобласці — 264. У Брэсцкай вобласці за гэты перыяд зарэгістравана 108 выпадкаў, Віцебскай — 100, Гродзенскай — 68 і Магілёўскай — 174.
У эпідэмічны працэс уцягнуты ўсе ўзроставыя групы насельніцтва, аднак асноўная доля грамадзян, у якіх упершыню выяўляюць вірус, — людзі старэйшыя за 30 гадоў. На гэтую ўзроставую групу ў 2021 годзе прыпадае 84,4 працэнта выпадкаў ВІЧ.
Па кумулятыўных дадзеных (з 1987 года), асноўным шляхам заражэння з’яўляецца палавой (66,8%), доля парэнтэральнага шляху перадачы ВІЧ (пры ўнутрывенным увядзенні наркатычных рэчываў) складае 31,1%. За 2021 год удзельная вага людзей, інфікаванне якіх адбылося палавым шляхам, складае 82,9%, доля парэнтэральнага шляху перадачы ВІЧ — 14,8%.
У агульнай структуры ВІЧ-інфіцыраваных пераважаюць мужчыны (60,7 працэнта), доля жанчын складае 39,3 працэнта. Удзельная вага жанчын, уцягнутых у эпідэмічны працэс па ВІЧ-інфекцыі за 2021 год, склала 38,1%.
У сацыяльнай структуры ВІЧ-інфіцыраваных людзей, упершыню выяўленых за мінулы год, 41 працэнт складаюць асобы рабочых спецыяльнасцей і служачыя, 33 працэнты — без пэўнай дзейнасці, 10,4 працэнта — з месцаў пазбаўлення волі.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/pochti-15-tys-novyh-sluchaev-vich-zaregistrirovano-v-belarusi-za-god-480867-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/vich
[3] https://zviazda.by/be/tags/statystyka