Ураджайнасць большасці пладовых культур шмат у чым залежыць ад таго, у якую фазу месяца насенне ці расада былі пасаджаны ў зямлю. Прычым караняплоды і наземныя расліны рэагуюць на змены фаз Месяца дыяметральна процілегла.
Прамежак часу, на працягу якога Месяц робіць поўны абарот вакол Зямлі, носіць назву зорнага месяца. За гэты час Месяц праходзіць усе 12 знакаў Задыяка.
Кожны са знакаў Задыяка належыць да пэўнай стыхіі, якія маюць свае вызначаныя якасці.
Становішча Месяца ў знаках Задыяка — гэта вонкавае ўздзеянне пэўных відаў энергій, якія ўплываюць не толькі на рост і ўраджайнасць раслін (найбольшыя ваганні ўраджайнасці ў залежнасці ад пасадкі ў пэўным знаку Задыяка заўважаны ў бульбы, радыскі і бабовых), але самае галоўнае — на стан глебы.
У залежнасці ад знака, у якім знаходзіўся Месяц пры сяўбе, расліны надзяляюцца тымі ці іншымі якасцямі. Могуць быць ураджайнымі з няякасным насеннем або малаўраджайным з насеннем высокай якасці, высокімі або нізкімі, кволымі або моцнымі. Таму сяўбу, пасадку і перасадку раслін трэба праводзіць тады, калі Месяц знаходзіцца ў спрыяльных знаках для апрацоўкі зямлі і палівання: Цяльца, Рака, Дзевы, Шаляў, Скарпіёна, Казярога і Рыб, улічваючы фазу Месяца для розных раслін. У гэты ж час праводзяцца чаранкаванне, робяцца прышчэпкі, укараненне вусоў.
Днём сяўбы насення лічыцца час, калі яно дакранулася да зямлі, або час, калі мы апусцілі яго ў ваду на замочванне. Гэта значыць, як толькі вільгаць пачала паступаць праз абалонку да зародка, можна казаць пра пачатак абуджэння. У гэты дзень закладваецца праграма расліны на ўраджай, якую нельга змяніць падчас перасадкі. Перасадкай можна толькі падкарэкціраваць стан расліны. Так, напрыклад, калі вы сеялі ў Раку, то пікіроўкай у Дзеве ці Казярогу можна ўмацаваць каранёвую сістэму і сцёблы раслін.
Ёсць у аграастралогіі адно вельмі важнае правіла: калі для сяўбы падыходзіць знак Задыяка, але не падыходзіць фаза Месяца, то трэба арыентавацца на знак і работу праводзіць у апошні дзень знаходжання Месяца ў гэтым спрыяльным знаку. Напрыклад, добры знак для сяўбы морквы — Цялец, а фаза Месяца, якая расце, нас не задавальняе. Тады сеем у Цяльцы, але ў апошні дзень знаходжання Месяца ў гэтым знаку. Фаза Месяца ў гэты дзень амаль не адаб'ецца ў далейшым на росце і ўраджаі морквы.
Прынята лічыць, што расліны, якія «растуць уверх», трэба саджаць на Месяц, які расце, а расліны, якія «растуць уніз» — на Месяц, які ўбывае. Да першай групы адносяцца, у прыватнасці, баклажаны, капуста, памідоры, агуркі і іншыя культуры, асноўнае фарміраванне пладоў якіх адбываецца над паверхняй зямлі. Да другой групы належаць буракі, цыбуля, морква і іншыя караняплоды. Плады гэтых раслін фарміруюцца пераважна пад зямлёй.
Пасадку і перасадку пладовых дрэў і кустоў лепш выконваць на ўбываючым Месяцы, калі энергія перацякае ад надземных парасткаў да каранёў. Гэта дадаткова паспрыяе лепшаму ўкараненню саджанцаў.
Катэгарычна не падыходзяць для пасадак і перасадак Поўня і Маладзік, таксама неспрыяльнымі звычайна лічацца дні да і пасля іх надыходу. Гэты час лепш прысвяціць апрацоўкам раслін ад шкоднікаў і хвароб, праполкам, падкормкам і паліву.
Пры пасадцы з улікам месячнага календара варта прытрымлівацца наступнай тактыкі:
1. Калі спрыяльныя і знакі Задыяка, і фаза Месяца адначасова — замочваем і саджаем насенне.
2. Калі задыякальны знак спрыяльны, а фаза Месяца — не, усё роўна замочваем і саджаем, што запланавалі.
3. У Маладзік і Поўню пасадкамі не займаемся.
4. У Льве і ў Вадаліве таксама нічога не сеем, а ў Авене — строга на Месяц, які расце, максімум, што саджаем, — усялякую дробязь тыпу кветак-адналетнікаў і салатнага зяленіва.
Такі падыход дазваляе вырашыць важную праблему — мы не прастойваем паўмесяца, калі вясной, у самы пік сезона, Месяц пачынае ўбываць, і каля 15 дзён саджаць расаду перцаў, таматаў і агуркоў пры строгім падыходзе не дазваляецца.
І не забывайце, што месячны каляндар носіць выключна рэкамендацыйны характар. Значна больш важна арыентавацца на бягучыя ўмовы надвор'я і наяўнасць вольнага часу.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/tags/uradzhaynasc
[3] https://zviazda.by/be/tags/pladovyya-kultury
[4] https://zviazda.by/be/tags/faza-mesyaca
[5] https://zviazda.by/be/tags/rasada
[6] https://zviazda.by/be/tags/zadyyak